— Па мордзе б яго гэтай грушай, — сказаў фурман.
— Праўда! — пацвердзіў Захар, разломваючы сёмую, апошнюю булку. — Стаіць і жарэ! Звяртаецца засядацель да ўрадніка. «Вось, кажа, пане ўраднік, гэты самы храсцьянін Сямён Галкін, калі я ў той раз з опісем прыязджаў, адмовіўся плаціць па спаўніцельным лісце сорак восем рублёў восем грыўняў, а калі я хацеў апісаць, які ёсць у яго лясок і свіронак, то, кажа, гэты самы Галкін з сваімі сябраванамі, двума братамі Іванам і Багданам, селі на бярвенне гэтае каля хаты і не дазволілі мне ўчыніць опісю. А калі я ўвайшоў да яго ў хату, то ён быдта незнарок папытаўся ў свае кабеты, дзе тут у нас бязмен, што было намякнута пра мяне, і я гэта прыняў на сваю мосць, а Багдан тым часам падышоў да акна і з касою на плячы, калі касіць яму не было чаго, усё даўно скошана. А як я быў адзін, то вымушан быў назад павярнуцца. Вось маеце ласку папытацца ў яго жонкі Кацярыны і ў мацеры Тэклі і паказанні ад іх занесці ў пратакол. А яшчэ ў апросны ліст запішэце паказанне царкоўнага старасты, храсцьяніна Хвядота Лявонава. А яшчэ, што сельскі стараста Гарасім Савельеў у гэны дзень прапаў без весці і на маё патрабаванне не явіўся, а калі я пайшоў ад Галкіна да Мітры Аўчыннікава, дзе быў мой конь, і праходзіў паўз яго хату, то ён нацкаваў мяне сабакам, а сам схаваўся за вароты, што я прыгледзеў вельмі добра, і пасвістваў, але, дзякаваць богу, так сталася, што сабака мяне не чапаў, хоць кідаўся проста на грудзі, сігаў як шалёны, усё дзякаваць Мітру, які выскачыў з пугаю і тым мяне засцярог...»
Захар, захапляючыся ладнасцю свайго апавядання, нібы прачытаў апошнія словы. Без перадышкі, гучна і цвёрда пераказаўшы засядацелеву заяву, ён хацеў быў гаварыць далей, але Алёшка не вытрываў і крыкнуў:
— Пасля дагаворыш! Пі! Ураднік, зірні-тка на гадзіннік.
— Паспеецца, паспеецца, — адказаў ураднік і падміргнуў Алёшку.
Але не заўважыў гэтага Захар.
— Ды не гугні ты, чорт кірпаты! — крыкнуў ён дабрадушна. — Дай дагаварыць! Я свае часы ведаю, — вып'ю, не бойся!
Ногі яго цвёрда стаялі на крайках каваных абцасаў, — ён з гордасцю выставіў боты і часамі без патрэбы падцягваў халявы, — твар быў чырвоны, але яшчэ не п'яны. Перабольшана-нізка раскланяўшыся з мужыком, які праехаў міма з пустым возам і ўважліва агледзеў яго, ён шумна, праз ноздры дыхнуў, узяў аберуч штрыфлі душнага кажушка, трасянуў каўнер назад і загаварыў далей, любуючыся яркасцю карціны, што заняла яго ўвагу, хадою свае думкі.
— «Кацярына Галкіна! — моцна, грудзьмі гаварыў ён, паказваючы ўсіх у асобах. — На допыт. Падыдзі бліжэй!» Падыходзіць. «Чула, што пан засядацель сказалі?» — «Чула...» А сама плача, заікаецца, нічога толкам расказаць не можа. «Ці праўда, што твой муж бязмен пра пана засядацеля ўпамянуў?» — «Я, кажа, гэтага нічога знаць не магу. Хацеў муж адсеўкі важыць». — «Значыць, ты ад гэтага адмаўляешся?» — «Нічога пра гэтую справу не ведаю. Федзька ўсяму першы завадатар. Яго апрасіце — і справе канец, і граху менш...» Завуць цяпер старую Тэклю. А старая, суханогая, дзярзлівая, гаворыць — ноздры рве. «Маёмасця, кажа, мая, за сына я не выплатніца, па праве нябожчыка мужа ўсім валодаю, а ў сына нічога няма, адны порткі». — «А сын жа чый?» — «Мой». — «А раз сын твой, і талкаваць няма чаго, за няплату маёмасць адказвае. Ідзі, не гавары надта, а за дзёрзкі адказ пасаджу цябе ў халодную на два дні на хлеб ды на ваду...» Уціхамірыў, значыць, старую. Запытвае, дзе царкоўны цітар Хвядот Лявонаў? Падыходзіць дачка яго Вінадорка. «А дзе бацька?» — «У клеці, пасля полудню адпачывае». — «Бяжы, заві яго сюды. Скажы, начальства патрабуе...» А ён цераз двор жыве...
— Блізка, значыць? — перабіў ураднік і скоранька пераглянуўся з Алёшкам і фурманам. — Так, так... Ну, даказвай, даказвай. Ты, брат, надзіва добра расказваеш!
Ён гаварыў што папала, абы адцягнуць Захараву ўвагу, — ён дастаў гадзіннік і, схаваўшы яго між калень, пераганяў стрэлку яшчэ на дзесяць хвілін наперад. І Захар, з прасветленым ад пахвалы тварам, яшчэ шумней выдыхнуў паветра, матнуў галавою, адтульваючы гарачую густую шэрсць кажушка ад лапатак, і загуў яшчэ выразней:
— Верна! Слухай жа, не перабівай, а то ўзлуюся... Бачу, вылазіць з нізкай кляціны прыземісты дзед... Ідзе цераз дарогу ў хату — без шапкі, у ружовай новай кашулі навыпуск, і каўнер ад гарачыні расшпіліў. А з хаты выходзіць у новай цёплай паддзёўцы, падперазаны зялёнаю падпяразкаю, шапку ў руках нясе. Валасы гушчэзныя, сівыя, разложаны накшталт як рожкі ў барана, на абодва бакі. З ураднікам, з засядацелем — за ручку. (Багаты, відаць, стары.) Пашаптаўся нешта з імі, паказвае на Сеньку. Пасля дастае вялікі гаман скураны, пачаў адлічваць трохрублёўкі абмарожанымі куксамі... Пасля Вінадорку кліча, загадвае самавар ставіць, заве да сябе ўрадніка і засядацеля гарбату піць: «Прыходзьце маю гаспадарку паглядзець, пчол маіх, і які я сабе пасудак завёў. А яшчэ кабылу маю гляньце. Ну, чыстая, светлая, — уся пісаная, у яблыках!» — Смяецца, моршчыцца, гнілыя карані ў чырвоным роце паказвае... «Не паглядзець, кажа, нельга, таго конскі закон патрабуе. А можа, і старгуемся, пра што гаварылі...» І зноў смяецца, сіпіць, як змей. Пайшоў дахаты, заскрабае пыл ботам па дарозе, — хворсу дае...
Читать дальше