— Але ж гэта жахліва, — сказаў ён смеючыся. — Як жа вы тут жывяце! Вас жа шаснаццаць чалавек. І цэлую зіму спіце ўсе разам...
— Нічога тут нямашака жахлівага, — сказаў Лук'ян Сцяпанаў, нешта ўважліва аглядаючы пад печкаю, і раптам махнуў вілкамі: з-пад печкі, раздзімаючы попел, вылецеў вялікі аблезлы голуб. — Нічога тут нямашака, браце ты мой, жахлівага. Дзевяць год пражыў, як дай табе бог пражыць. Дзіва, а не хата. А цеплыня якая! Зімою проста хоць сарочку скідай... Мы, браце, людзі земляныя.
— Але ж сыра, мабыць, страшэнна?
— Заладзіў! Сыра, гэта праўда, дужа сыра. Хадзем, сваю гаспадарку пакажу.
«Гаспадарка» Лук'яна Сцяпанава, яго знакамітыя на ўсё наваколле чорна-стракатыя біцюгі стаялі ў асобным двары, у мураванай, крытай дошкамі прыбудове да новага дома. Адамкнулі замкі на высокіх дашчаных варотах, увайшлі ва ўтульны квадрат з праварын і свіронкаў з ганачкамі і маленькімі жалезнымі дзверцамі.
— От буду жыць у новым доме, прачнуся калі ўночы, зірну, аж мне з залы ўсё і відаць, — сказаў Лук'ян Сцяпанаў, паказваючы на акенца, што глядзела з дома ў двор. — Зразумеў? Разумна прыдумана? Акурат як Адам у раі, жыву! Акурат князь з князёў!
Вочы яго пачалі блішчаць. Праварыны таксама былі на замках. Адмыкаючы іх, ён расчыняў дзверы, смела ішоў проста к заду каня, абгладжваў яго і ішоў да галавы.
— Ты не заходзь, не заходзь! — крычаў ён з праварыны. — На парозе стой. Насмерць заб'е! Мяне толькі аднаго падпушчаюць...
Страшныя жалобныя коні ўздрыгвалі ўсёй скурай, шарахаліся, храплі, касавурылі агнявымі вачыма. Грывы ў іх былі чорныя, густыя, траха не да зямлі. Раскормлены яны былі надзіва, з жалабамі на спінах і на крыжах.
— А? Што? Якаво? — глуха крычаў Лук'ян Сцяпанаў з цемры. — Бачыў? А то Масква... Больш за сто год у нашым родзе гэты самы завод, такой масці ні ў кога ва ўсёй губерні няма. Стану паміраць, накажу цэлую тройку запрэгчы ў самы першы воз, — каб тройка дамавіну праімчала!
Пасля, нагнуўшыся, пераступіў парог праварыны, дзе стаяла добрая жамчужная кабылка.
— А гэта мая найлепшая! Жамчужная кабылка называецца. Ну, галубка! Любіш? Любіш? — любіць, каб ёй носік чухалі, да страху любіць, — сказаў ён з захапленнем, паварочваючыся да госця.
Усё агледзеўшы і зачыніўшы, замкнуўшы, ён стаў весялейшы і радаснейшы.
— Пачакай, дурненькі, пачакай, паспееш! — гаварыў ён, затрымліваючы Севу. — Хадзем гарбату піць. А не хочаш, давай так паседзімо, папрастарэкуем...
Ён схадзіў у хату, прынёс лаву, сеў; глыбока і здаволена ўздыхаючы, усадзіў Севу поруч з сабою.
— Эй, бабка! — закрычаў ён на ўвесь двор. — Старая!
Тоўстая, сутулая бабуля ў ваўняных панчохах, у акулярах, са старой панчохай і пруткамі ў руках паказалася з-за будана.
— Княгіні мае яшчэ нябось не бачыў? — папытаўся Лук'ян Сцяпанаў, ківаючы на яе. — Заадно ўжо і яе паглядзі. Яна ў мяне таксама занятая. За хатаю сядзіць, мак сцеражэ.
Старая падышла і нізка пакланілася.
— Ну, як? — папытаўся Лук'ян Сцяпанаў. — Сядзіш? Нікога не відаць?
— Пакуль што, богу дзякаваць, нікога. Дык усе ж ведаюць, што стаіць варта.
— Маку трохі для ўцехі пасеяў, — сказаў Лук'ян Сцяпанаў, звяртаючыся да госця. — Я гэтых там макаў, сланечнікаў ніпачым не паважаю — для ўцехі толькі і сею па каліве, абы-абы дзецям хапіла. Як сеялі дзяды-прадзеды жытца, так і нам бог вялеў. Яны толькі яго, карміцеля, зналі, а цыгаркі з трохрублёвых круцілі. Я, браце ты мой...
Старая стаяла і мільгала бліскучымі пруткамі, слухала, гледзячы спадылба, з-за акуляраў. Лук'ян Сцяпанаў трохі нахмурыўся.
— Ну, будзе, паслухала, — сказаў ён і махнуў на яе рукою. — Чаго прыглядаешся? На мне ўзораў няма. Ідзі, ідзі адсюлека...
Вечарэла. Галкі, лапочучы, усаджваліся на сітаватыя каўпакі на камінах новага дома. Пачалі прачынацца тыя, што спалі. Адзін за адным прайшлі міма, на ставок, умывацца сыны Лук'яна Сцяпанава — панурыя, густавалосыя, дужыя мужчыны. Дзіця, што сядзела ў вядры, павалілася разам з вядром і крычала на ўвесь двор. Сева развітаўся. «Ну, у святы час, — сказаў Лук'ян Сцяпанаў, — ладней вучыся», — і Сева, ускочыўшы на сваю нервовую кабылку, паехаў па плаціне стаўка. Вечаровая прахалода і цішыня клаліся на стэп. Вераб'і асыпалі гарэлую, голую лазінку на плаціне суцэльным трэскам, вечаровым, утульным. Жаўтаватая мелкая вада кішэла каля плаціны драбнюткімі вашамі. Памыўшыся, мужык сядзеў на гліняным беразе расперазаны, адлюстроўваўся пад берагам і глядзеў на аранжавае сонца, што заходзіла за стэпам, за неагляднай раўнінаю, у малочна-блакітным сухім тумане. Пожні былі лімонныя. Пастушок, з распухлаю губою, у авечай шапцы, павольна гнаў па іх чараду авечак. Яны рушылі гуртам, на хаду дакормліваючыся, з шумам дыхання. Сева, ад'ехаўшы ад хутара, сцебануў нагайкаю па кані і панёсся ўгалоп, пакідаючы за сабою слуп пылу. Слуп гэты працягнуўся на вярсту і не ападаў доўга, доўга...
Читать дальше