Было свята, пасляабедны час — здавалася, што на хутары нікога не было. Вось пляцень і вароты ў шырокі двор. На двары — вазы, саракавёдзернае каменнае карыта, калодзежнае пругло, цень ад старых свірнаў пад шызай залачонай страхою. Парушаючы выгляд стэпавага мужыцкага гнязда, бялее за свірнамі яшчэ нефарбаваная бляшаная страха новага мяшчанскага дома на высокім фундаменце. Далей — нейкі чорны велічэзны будан, каля якога вісіць на шасце здохлы коршак. Наперадзе — мелкая сажалка, блішчастая на сонцы, гліняныя берагі ў гусіным пуху. А з другога боку двара — разваліны стадолы, старадаўняй, яшчэ тых часоў, калі хутар належаў барону Ачкасаву: мураваныя крапасныя сцены, голы шкілет векавечных крокваў. Усе вароты насцеж — відзён гной, зляжалы, запечаны, што нарос за многія гады пад самыя праслы.
Лук'ян Сцяпанаў адзінока і велічна стаяў сярод двара, без шапкі, у ліловай кашулі, апіраючыся на сахор. Непадалёк ціха сядзела ў вядры, забітае ў яго, захутанае ў гуньку, бледнае дзіцяня ў каптурыку. Другое, у прадранай на тугім жываце кашулі, крыва і старанна заносіла поўную ножку, узбіраючыся на каменны ганак у свірне. А наўкола спалі, як боб: аднае сям'і ў Лук'яна Сцяпанава шаснаццаць чалавек, ды яшчэ госці, кум з жонкаю прыехалі. Усе ашалелі, аслабелі пасля абеду, паваліліся дзе папала і заснулі. Адзін Лук'ян Сцяпанаў не здаўся: быў яшчэ ў хмелі, чырвоны, але стаяў трывала.
Калі Сева ўз'ехаў на двор, Лук'ян Сцяпанаў не спяшаючыся падышоў, падаў яму руку і агледзеў запацелую пад сядлом кабылку.
— У Маскву па песні? — папытаўся ён з усмешкаю.
Пад паветкамі свірнаў сядзелі на ланцугах сабакі. Ён пагразіў ім. Каля іх, у цяні, моцна спаў на спіне кум, мужык з чорнаю барадою. На сонцы, у возе — баба ў зялёнай сукенцы і старэйшы сын Лук'яна Сцяпанава, у атласнай сіняй кашулі, у каваных ботах, з выпушчанымі з-за халяў крайкамі шарсцяных шкарпэтак. Гэтыя ляжалі ніцма, абняўшыся. Рэшта спалі проста на траве. Бабы — прыкрыўшыся ад сонца фартухамі.
— Яешаньку? А? — папытаўся Лук'ян Сцяпанаў.
Сева, смеючыся, адмовіўся:
— Мы толькі што ад снедання.
— Ну, чайку?
— Таксама не хочацца. Дый на станцыю баюся спазніцца.
— Значыцца, зноў у Маскву?
— Але... Пара. Я і так прапусціў ужо многа ўрокаў.
— Жывецца вам! — сказаў Лук'ян Сцяпанаў, нібы з зайздрасцю, але і не тоячы насмешкі. — Урокаў! А я от тысяч на сорак маю, князь з князёў, а ўсё сяджу. У Кіеў і то не збяруся ніяк. А куды больш патрэбна за твае ўрокі. Хадзем, дом пакажу.
Каля дома, на рыззі баваўнянай коўдры, сушылася пшано.
— Кыш, пропаду на вас няма! — сказаў Лук'ян Сцяпанаў, махнуўшы сахаром на высокіх худых куранят, што бегалі па пшане, і падняўся на ганак, увайшоў у сенцы, якія дзялілі дом на дзве палавіны. Падлогі ў сенцах яшчэ не насцілалі: навалены былі тут парассыпаныя колы, парассыханыя кадушкі, цэгла, вапна. У паадчыняныя дзверы глядзелі пустыя пакойчыкі, кафляныя печы, медзяныя аддушнікі, сцены ў блакітненькіх шпалерах.
Сева папытаўся, азіраючыся:
— А што ж гэта вы яго не дабудоўваеце?
— Гэта каго? Дом?
— Але.
— Капіталу, брат, не хапае. Гэта ж у цябе адзін клопат — урокі вучыць, задачы рашаць ды дыктоўку гнаць.
— Не, без жартаў? І не дабудоўваеце і не пераходзіце. Вы ж, кажуць, пад паветкаю, у зямлянцы жывяце?
— Яна зямлянка, а лепш за ўсякую хату, — сказаў Лук'ян Сцяпанаў. — А не пераходжу, гэта праўда. Трэці год не пераходжу, таму і не дабудоўваюся. Не ў капітале, вядома, рэч. От дзетвара падымецца, выраўняецца.
— Якая дзетвара?
— А ўнукі. Іх у мяне не злічыш. Пусці толькі іх! Як бач усе шпалеры абдзяруць.
У заднім пакоі, у зале, як называў яго Лук'ян Сцяпанаў, сядзела на падлозе босая баба, мілая з твару, вельмі ціхмяная на выгляд, і секла нажом зялёную траву.
— Гэта каму ж? — папытаўся Сева.
— Свінням есці гатуе, — сказаў Лук'ян Сцяпанаў. — Хадзем. Тут горача.
— А я ўсё-такі хату вашу хацеў бы паглядзець.
— І хату пакажу.
Пад велізарным, чорным ад старасці буданом тоўстая столь з бярвення накрывала велізарную зямлянку. Спусціліся ўніз па земляных сцёртых сходках. Унізе было змрочна, цёмна — святло праходзіла толькі ў два малюсенькія акенцы пад самай столлю. Сева ўбачыў палок чалавек на дваццаць, таксама завалены старызнаю — гунькамі, латкамі, атопкамі лапцей, калыскамі; агледзеў растрэсканую цагляную печ, палаці, стол, які займаў ледзь не палову хаты, шчарбатыя чыгуны на мокрым земляным доле каля печы, — у іх, у вадзе з попелам, выпарваліся порткі і сарочкі.
Читать дальше