— Ах, Лук'ян Сцяпанавіч, з нашым народам нехаця скажаш, што банк самае надзейнае месца для капіталу!
Але Лук'ян Сцяпанаў гаварыў толькі пра сваіх коней, пра ўмалот, вельмі ахвотна еў белы хлеб, далікатна браў лыжачку сочыва проста з вазы, глыбока засоўваў яе ў рот, клаў назад і піў гарбату. Ён рабіў выгляд, што слухае гаспадыню, дзівіўся з самых простых рэчаў, пляскаў сабе па калене — і зноў гаварыў толькі пра сябе, не даючы гаварыць гаспадыні. Сядзеў ён у расшпіленай паддзёўцы, пад якой была вылінялая паркалёвая кашуля, выціраў залыселую галаву і твар хусткаю, знятаю з вушэй. «Зусім яшчэ здаровы мужчына! — думалі ўсе. — Толькі барада сівая, дый то не зусім, яшчэ відаць, што яна была рыжая; ёсць, вядома, і ў вачах нешта блеклае, старэчае, жывот праваліўся...» Нарэшце ён падняўся, прынёс з пярэдняй і развязаў свой цяжкі мяшочак, поўны серабра ўперамешку з золатам. Аказалася, што ён прыехаў толькі дзеля таго, каб пахваліцца. «Ды гэта яшчэ што, — сказаў ён. — Хіба гэта грошы? Так, запрадаў аўсяца, ну і ўзяў каліва задатку...»
Выклікаўшы здзіўленне, зайздрасць, пашану, ён здаволена і хітра засмяяўся, лепш кажучы, засіпеў, разяўляючы ружовы рот, падзякаваў за гарбату, за частаванне і пайшоў апранацца.
— Не, пара, пара, — сказаў ён, хоць ніхто не спыняў яго. — І так прыпазніўся. Лепш на Пакровы яшчэ прыеду.
Усе былі расчараваны і пайшлі, не дачакаўшыся, пакуль ён апранецца. У пярэдняй астаўся адзін Сева.
— Ну, от вы, Лук'ян Сцяпаныч, кажаце, што вам восемдзесят з гакам, — пачаў ён, сядаючы на тапчан. — Ну, скажыце шчыра: баіцеся смерці? Часта пра яе думаеце?
— Пачакай, раскажу, — адказаў Лук'ян Сцяпанаў, апранаючыся.
І зноў нічога не расказаў. Павязаўшы вушы, насунуўшы шапку на самыя бровы, туга і нізка падперазаўшыся, ён пачаў нацягваць на сябе кажух. Ухадзіўшыся з гэтым, ён стаміўся, задыхнуўся і цяжка сеў поруч з Севам.
— Смерці, кажаш? — сказаў ён. — Хто ж яе не баіцца? Дзівак чалавек! Ды што ж ты зробіш? І памрэш, не адмовішся... І багацця свайго, брат, з сабою не возьмеш!
— А от вы з грашыма вось гэтак ездзіце: не баіцеся, што заб'юць, абрабуюць?
— Што я з грашыма, таго ніхто не ведае. А і ўведае, не дагоніць. Такога жарабца, як мой, у твайго дзеда на вяселлі не было.
Усеўшыся на дрожкі вярхом, Лук'ян Сцяпанаў шпарка панёсся з двара, але, мінуўшы царкву, гумно, усіх, хто мог яго бачыць, пацягнуўся ступою. А ў накуранай зале доўга стаяла слупамі святло перадвечаровага сонца. Сева адкрыў піяніна, тысячны раз нешта пачаў. Гаспадыня з тужлівым і важным тварам несправядліва пакрыўджанай, але пакорыстай свайму лёсу жанчыны занялася мыццём і выціраннем пасудку для гарбаты, гідліва аддаўшы пакаёўцы вазу з сочывам, з якой еў Лук'ян Сцяпанаў:
— Выкіньце гэта і памыйце гарачаю вадою.
Люлю паднялася з хваравітай грымасай — ах, гэтыя дамарослыя музыкі! — і, выйшаўшы з дому, павольна пайшла па ліпавых прысадах, стараючыся наступаць на сухія лісты, залатыя і ружовыя. «Восень, асыпаецца ўвесь мой бедны сад!» — высокім голасам заспявала яна. Але абарвала песню на першых словах, звярнула на дарожку сярод бэзавага зарасніку, села на лаўку і раптам заплакала, стрымліваючы рыданні, злосна кусаючы край хусткі, каб не закрычаць ад болю. Палоса яркага вечаровага святла лягла на шэры стары стол каля лаўкі. Нейкая чарнавокая птушка бязгучна зляцела на галінку, з галінкі на стол, туга, бачком скокнула два разы, з цікаўнасцю гледзячы на заплаканую. У гумне, куды, строячы з сябе гаспадара, ішоў Міка ў аўстрыйскай куртцы і ў высокіх ботах, роўна гула малатарня. Ясны, раўнадушны вечар быў да таго ціхі, што яна чутна была далёка ў полі — жоўтым, пустым, пазалочаным шаўковымі цянётамі павуціння.
Праз некалькі дзён падагналі пад ганак Мікулінавага дома тройку. Фурман надзеў плісавую безрукаўку, шаўковую канарэечную кашулю і капялюш з паўлінавым пер'ем, паня і паненка — жалобу: заўсёды ёсць якая-небудзь памерлая далёкая сваячка, а гэта ж так зручна, калі няма добрых гарнітураў для дарогі. Спусціўшы вуалі, нацягваючы фільдэкосавыя пальчаткі, яны ласкава і журботна развітваліся з прыслугаю, прымаючы парасонікі, накідкі, рыжы плед нябожчыка Мікуліна. Сева паехаў верхам на нервовай худой кабылцы. Да станцыі ўсяго дваццаць вёрстаў, цягнік адыходзіць у сем, а выехалі ў дзве. Можна было адстаць. Сева адстаў каля хутара Лук'яна Сцяпанава. Тройка схавалася ў стэпе, сярод рыжай пожні; ён павярнуў на дарогу, што зарасла палыном, пад хутар.
Было горача, наўкола блішчала сухая ўзараная зямля на бульбяных выбраных палях. Удалечы серабрыліся таполі. Насустрач ішоў па пыле белы тоўсты хлопчык, гадоў трох, у бруднай кашульцы, у вялікай шапцы, падобны на старога, — ішоў, палажыўшы галаву на плячо, невядома куды. «Заблудзіць, зойдзе чортведама куды», — падумаў Сева, смеючыся.
Читать дальше