— А з закускаю? — папытаўся Захар, шырока ступаючы па сухой зямлі, спаласаванай каляінамі, каля высокай ураднікавай кабылы, і раз-пораз абгінаючы ўніз аглоблю, папраўляючы перакошаную вупраж.
— Можаш патрабаваць чаго хоць на паўрубля, — сказаў фурман, чалавек недалёкі, пануры.
— А прайграеш, — дадаў Алёшка, абшарпаны мужык з пераломленым носам, — а прайграеш, за ўсё ўтрая аддасі.
— Няхай будзя па-вашаму, — прабачліва абазваўся Захар, думаючы пра тое, чаго папрасіць на закуску.
Ён не толькі не стаміўся ад падарожжа ў Пальну, — дзе справа скончылася як лепш не трэба, мірам, — не толькі не здарожыўся, прамучыўшыся ў гарадской спякоце двое сутак, але нават адчуваў пад'ём, прыліў сілы. Яму ўсёю істотаю сваёю хацелася зрабіць што-небудзь незвычайнае. Ды што? Выпіць гарнец — гэта не бог ведае якая штука, гэта не нова... Здзівіць, пакінуць дурнем фурмана — невялікі інтэрас... Але ўсё-такі паспрачаўся ён ахвотна. І, узяўшыся есці і піць, перш цешыўся ядою, — есці вельмі хацелася, кожны кусок быў салодкі, — потым сваім апавяданнем пра суд.
Быў гарачы дзень. Але наўкола сяла, у прасторы жоўтых палёў, устаўленых копамі, было ўжо нешта восеньскае, лёгкае, яснае. Густы пыл ляжаў на шыпаўскай плошчы. Плошчу аддзяляюць ад сяла дрывяныя склады, булачня, вінная крама, паштовае аддзяленне, блакітны дом купца Якаўлева з агародчыкам пры ім і дзве крамы яго ў асобным зрубе на рагу. Каля задняй крамы прыступкамі навалены хваёвыя дошкі. Седзячы на іх, Захар піў, еў, гаварыў і глядзеў на плошчу, на бліскучыя пад сонцам рэйкі, на шлагбаўм гарбатага пераезда і на жоўтае поле за рэйкамі. Алёшка сядзеў поруч з ім і таксама закусваў — аржаным хлебам. Ураднік — нудны, запылены чалавек з падстрыжанымі вусамі, у абтрапаным шынялі з аранжавымі пагонамі — ураднік і фурман палілі, адзін на дрожках, другі ў драбінах. Коні драмалі, цярпліва чакалі, калі загадаюць ім кранацца. А Захар расказваў:
— Чым справа скончылася? — гаварыў ён. — Ды нічым. Памірыліся. Я гэтых судоў, каб яны спуставалі, зроду не ведаў, ні з кім не судзіўся. Мяне сам бацька-нябожчык засцерагаў ад гэтых сварак. А тут і сварка тая пустая, Бабы палаяліся, а мы здуру ўтруціліся...
Ён ужо выпіў пляшкі тры — з драўлянага карца, які дастаў на двары ў Якаўлева Алёшка; ён рабіў сваю справу да таго лёгка, будучы так упэўненым у сабе, што нават не заўважыў таго, што робіць. Фурман, ураднік і Алёшка з усяе сілы прыкідваліся спакойнымі, хоць душа кожнага з іх горача маліла бога, каб Захар зваліўся насмерць. А ён толькі расшпіліў кажушок, крышку ссунуў шапку з ілба, расчырванеўся. Ён з'еў два тараны, вялізны пук зялёнай цыбулі і пяць французскіх булак, з'еў з такім смакам і толкам, што нават супраціўнікі яго дзівіліся з яго, і ажыўлена, крышку насмешліва гаварыў:
— А на судах гэтых смехата! Я і ісці туды не хацеў. Чую — падаў прашэнне. Ну, падаў і падаў, як хочаш, а я, кажу, не пайду. Толькі раптам, гэта, прыязджае ў Пальну начальства, прысылае па мяне сам засядацель. Ах, пропаду на цябе няма! Нічога не зробіш — трэба ісці. Узяў хлеба з сабою, папёр. Гарачыня страшэзная, пыл па дарозе як прысак, ажно ісці горача. Ну, аднак, прыходжу. Ішоў даволі шустра, заяўляюся...
Трымаючы бадай што пустую пляшку пад пахаю, ён цадзіў у цёмны карэц светлую вільгаць, напаўняў яго да краёў і, разгладзіўшы вусы, прыпадаў да яе, востра і спажыўна пахучай, вільготнымі губамі; цягнуў жа паволі, з асалодаю, як крынічную ваду ў гарачы дзень, а дапіўшы да дна, пакрэктваў і, перавярнуўшы карэц, вытрэсваў з яго апошнія кропелькі. Пасля асцярожна ставіў пляшку каля сябе. Фурман не спускаў з яе сваіх пахмурых воч; ураднік, які падагнаў тайком стрэлку гадзінніка на цэлую чвэртку наперад, трывожна пераглядваўся з Алёшкам. А Захар, паставіўшы пляшку, браў дзве-тры стрэлкі цыбулі, ломячы, забіваў іх у вялікую драўляную салянку, у буйную шэрую соль, і зжыраў з апетытным, сакавітым хрустам. Вочы яго наліліся крывёю і слязьмі, здаваліся страшнымі. Але ён усміхаўся, грудны бас яго быў гучны, ласкавы, прыемна-насмешлівы.
— Ну, заяўляюся, — гаварыў ён, перажоўваючы і раздзімаючы ноздры. — Бачу, на вуліцы ўсюды народ, пад лазінкаю, у халадку сядзіць засядацель у травеньскім пінжаку, з русаю бародкаю, на століку кнігі ўсялякія, паперы, а поруч, — Захар паказаў рукою налева, — ураднік нешта запісвае чырвоным васьмікантовым аловачкам. Выклікаюць храсцьяніна Сямёна Галкіна, абухаўскага. «Сямён Галкін!» — «Тут». — «Хадзі сюды». Падыходзіць; пачынаюць дапытваць. А ён на ўрадніка і не глядзіць, дастае грушу з кішэні, стаіць, есць. Ураднік загадвае: «Кінь грушу!» Ён не слухаецца, даядае...
Читать дальше