І, учапіўшыся сабе ў галаву, Пётра Пятровіч кідаўся прэч з пакоя.
Вельмі трывожыў на Пакровы і Гарваська: як бы не нагрубіў пры якім-небудзь неасцярожным слове.
Гарваська страшэнна вырас. Вялізны, няскладны, але і самы відны, самы разумны з слуг, ён таксама быў прыбраны ў сіні казакін, такія ж штаны і мяккія казловыя боты без абцасаў. Гарусная ліловая хустка абвязвала яго тонкую цёмную шыю. Чорныя, сухія, буйныя валасы ён прычасаў на косы рад, але пастрыгчыся «пад польку» не захацеў — падсек іх у кружок. Брыць не было чаго, толькі два-тры рэдкія і жорсткія завіткі чарнелі на яго барадзе і ў кутках вялікага рота, пра які гаварылі: «Рот жа такі, хоць прышый матузкі». Будылясты, вельмі шырокі ў пляскатых сухарэбрых грудзях, з маленькаю галавою і глыбокімі арбітамі, тонкімі папялова-сінімі губамі і буйнымі блакітнаватымі зубамі, ён, гэты старажытны арыец, парс з Сухадола, ужо атрымаў мянушку: хорт. Гледзячы на яго аскаліну, слухаючы яго пакашліванні, многія думалі: «А хутка ты, хорт, здохнеш!» Уголас жа, не так, як другіх, велічалі малакасоса Гарвасем Апанасавічам.
Баяліся яго і паны. У паноў было ў характары тое самае, што ў хлопцаў: або камандаваць, або баяцца. За дзёрзкі адказ дзеду, у той дзень, калі прыехаў Пётра Пятровіч, Гарваську на здзіў усяе чэлядзі нічога не было. Аркадзь Пятровіч сказаў яму коратка: «Чыста ты жывёліна, брат!» — на што і адказ атрымаў вельмі кароткі: «Цярпець яго не магу я, васпан!» А да Пятра Пятровіча Гарваська сам прыйшоў: стаў на парог і, па сваёй манеры, развязна асеўшы на свае непамерна з тулавам доўгія ногі ў шырачэзных штанах, рогам выставіўшы левае калена, папрасіў, каб яго адлупцавалі.
— Вельмі я грубіян і гарачы, васпан, — сказаў ён абыякава, з гуллівасцю ў чорных вачышчах.
І Пётра Пятровіч, адчуўшы ў слове «гарачы» намёк, збаяўся.
— Паспеецца яшчэ, галубок! Паспеецца! — прытворна строга крыкнуў ён. — Выйдзі прэч! Я цябе, дзёрзкага, бачыць не магу.
Гарваська пастаяў, памаўчаў. Пасля сказаў:
— Ёсць на тое воля ваша.
Пастаяў яшчэ, круцячы жорсткі волас на верхняй губе, паскаліў па-сабачы блакітнаватыя сківіцы, не выказваючы на твары ні адзінага пачуцця, і выйшаў. Цвёрда пераканаўся ён з таго часу ў выгодзе гэтай манеры — нічога не выказваць на твары і быць як мага больш кароткім у адказах. А Пётра Пятровіч пачаў не толькі пазбягаць гаворкі з ім, але нават у вочы яму глядзець.
Гэтак жа абыякава, загадкава трымаўся Гарваська і на Пакровы. Усе збіліся з ног, рыхтуючыся да свята, аддаючы і прымаючы распараджэнні, сварачыся, спрачаючыся, мыючы падлогу, чысцячы сіняватаю крэйдаю цёмнае цяжкае серабро абразоў, даючы ногца, каб не лезлі ў сенцы, сабакам, баючыся, што не застыне жэле, што не хопіць відэльцаў, што перасмажацца наліснікі, хрушчы; адзін Гарваська спакойна ўхмыляўся і гаварыў развар'яванаму Казіміру, алкаголіку-кухару: «Цішэй, айцец дыякан, падраснік лопне!»
— Глядзі, не напіся, — няўцямна, хвалюючыся за прадвадзіцеля, сказаў Гарваську Пётра Пятровіч.
— Зроду не піў, — як роўнаму кінуў яму Гарваська. — Не анцірэсна.
А пасля, пры гасцях, Пётра Пятровіч нават паддобрываючыся крычаў на ўвесь дом:
— Гарвась! Не прападай ты, калі ласка. Без цябе як без рук.
А Гарваська надзвычай ветліва і з годнасцю абзываўся:
— Няхай ваша ласка не турбуецца. Не пасмею адлучыцца.
Ён служыў як ніколі. Ён цалкам апраўдваў словы Пятра Пятровіча, які ўголас гаварыў гасцям:
— Да чаго дзёрзкі гэты дылда, вы і ўявіць сабе не можаце! Але проста геній! Залатыя рукі!
Ці мог ён прадбачыць, што падлівае ў келіх іменна тую кроплю, якая перапоўніць яго? Дзед пачуў яго словы. Ён затузаў на грудзях казакін і раптам цераз увесь стол закрычаў прадвадзіцелю:
— Ваша правасхадзіцельства! Падайце руку падмогі! Як да бацькі, звяртаюся да вас са скаргаю на слугу майго! Вось на гэтага, на гэтага — на Гарвася Апанасавіча Кулікова! Ён на кожным кроку знішчае мяне! Ён...
Яго перапынілі, угаварылі, супакоілі. Расхваляваўся дзядуля да слёз, але яго пачалі супакойваць так дружна і з такою павагаю, вядома насмешліваю, што ён здаўся і адчуў сябе зноў па-дзіцячы шчаслівым. Гарваська стаяў каля сцяны строга, з апушчанымі вачыма і апусціўшы галаву. Дзядуля бачыў, што ў гэтага волата занадта малая галава, што яна была б яшчэ меншая, калі б астрыгчы яе, што патыліца ў яго вострая і што асабліва многа валасоў іменна на патыліцы — буйных, чорных, груба падсечаных і навіслых стрэшкаю над тонкай шыяй. Ад загару, ад ветру на паляванні цёмны Гарваськаў твар сям-там лушчыўся, быў у бледна-ліловых плямах. І дзядуля са страхам і трывогаю кідаў погляды на Гарваську, але ўсё-такі радасна крычаў гасцям:
Читать дальше