Было весялей у сухадольскім доме, калі жылі ў ім французы, — перш нейкі Луі Іванавіч, мужчына ў шырачэзных, унізе вузкіх нагавіцах, з доўгімі вусамі і летуценнымі блакітнымі вачыма, які накладваў на лысіну валасы ад вуха да вуха, а пасля пажылая, вечна мярзлявая мадмазэль Сізі, — калі па ўсіх пакоях грымеў голас Луі Іванавіча, які крычаў на Аркашу: «Ідзіце і больш не вярніцеся!» — калі чулася ў класнай: «maitre corbeau sur un arbre perche» [2] «Груган, узабраўшыся на дрэва» (франц.).
— і на фартэпіяна вучылася Тонечка. Восем гадоў жылі французы ў Сухадоле, асталіся ў ім, каб не сумна было Пятру Кірылавічу, і пасля таго, як завезлі дзяцей у губеранскі горад, пакінулі ж яго перад самым прыездам іх дадому на трэція канікулы. Калі прайшлі гэтыя канікулы, Пётра Кірылавіч ужо нікуды не адправіў ні Аркашы, ні Тонечкі: даволі было, на яго думку, адправіць аднаго Пецечку. І дзеці назаўсёды асталіся і без вучэння і без дагляду... Наталля казала:
— Я дык была маладзейшая за іх усіх. Ну, а Гарваська з таткам вашым бадай што аднагодкі былі і, значыць, найпершыя сябры-прыяцелі. Толькі праўда гаворыцца — воўк каню не сваяк. Падружыліся яны гэта, пакляліся ў дружбе на вечныя векі, памяняліся нават крыжамі, а Гарваська неўзабаве ж і натварыў: траха было вашага таткі ў стаўку не ўтапіў! Кароставы быў, а на ўсякія катаржныя мудрошчы майстар. «Што ж, — кажа раз панічу, — ты падрасцяце, будзеце мяне джголіць?» — «Буду». — «От жа не». — «Як так?» — «А так...» І надумаў: стаяла ў нас бочка ля стаўка, на самай гары, а ён і згледзеў яе, дый падвучыў Аркадзя Пятровіча залезці ў яе і пакаціцца ўніз. «Спярша, кажа, ты, паніч, смальнеце, а тады я...» Ну, а паніч узяў дый паслухаўся: залез, штурхнуўся, ды як пайшоў грымець з гары, як пайшоў... Матухна царыца нябесная! Толькі пыл следам закурэў! Балазе пастухі поблізу аказаліся...
Пакуль жылі французы ў сухадольскім доме, дом меў яшчэ жылы выгляд. Пры бабцы яшчэ былі ў ім і паны, і гаспадары, і ўлада, і паслушэнства, і парадныя пакоі, і сямейныя, і будныя дні, і святы. Падабенства ўсяго гэтага трымалася і пры французах. Але французы паехалі, і дом астаўся зусім без гаспадароў. Пакуль дзеці былі малыя, на першым месцы быў нібы Пётра Кірылавіч. Але што ён мог? Хто кім валодаў: ён дваровымі ці дваровыя ім? Фартэпіяна закрылі, абрус з дубовага стала знік — абедалі без абруса і калі папала, у сенцах праходу не было ад хартоў. Клапаціцца пра чыстату стала некаму, — і цёмныя драўляныя сцены, цёмная падлога і столь, цёмныя цяжкія дзверы і вушакі, старыя абразы, якія закрывалі сваім суздальскім абліччам увесь куток у зале, хутка і зусім пачарнелі. Начамі, асабліва ў навальніцу, калі бушаваў пад дажджом сад, штохвіліны выблісквалі ў зале абліччы абразоў, раскрывалася, раздавалася над садам дрыготкае ружова-залатое неба, а пасля, у цемнаце, з трэскам расколваліся грамавыя ўдары, — начамі ў доме было страшна. А ўдзень — санліва, пуста і нудна. З гадамі Пётра Кірылавіч усё слабеў, рабіўся ўсё больш непрыкметны, гаспадыняю ж дома была старэнькая Дар'я Ўсцінаўна, карміцелька дзедава. Але ўлада яе бадай што была такая ж, як і яго ўлада, а стараста Дзям'ян не ўмешваўся ў кіраванне домам: ён ведаў толькі палявую гаспадарку, з ленаю ўсмешкаю кажучы часамі: «Што ж, я сваіх паноў не крыўджу...» Бацьку, юнаку, не да Сухадола было: ён шалеў ад палявання, ад балалайкі, ад любові да Гарваські, які лічыўся ў лёкаях, але цэлымі днямі прападаў з ім на нейкіх Мяшчэрскіх балотцах ці ў карэтным хляве за вывучэннем балалаечных і жалеечных хітрасцей. — Так ужо мы і ведалі, — гаварыла Наталля, — у доме толькі спачываюць. А не спачываюць, — значыць, альбо на вёсцы, альбо ў карэтным, альбо на паляванні: зімою — зайцы, увосень — лісіцы, улетку — перапёлкі, качкі ці драхвы; сядуць на дрожкі бегавыя, перакінуць стрэльбачку за плечы, паклічуць Дзіянку, дый з богам: сёння на Сярэдні млын, заўтра на Мяшчэрскія, паслязаўтра на галы. І ўсё з Гарваськам. Той першы завадатар усяму быў, а прыкідваўся, што гэта паніч яго цягае. Любіў яго, ворага свайго, Аркадзь Пятровіч папраўдзе, як брата, а ён чым далей, тым усё больш люта здзекаваўся з яго. Бывала, скажуць: «Ну, давай, Гарвась, на балалайках! Вывучы ты мяне, напрамілы бог, «Зайшло сонца краснае за лес»... А Гарваська паглядзіць на іх, пусціць у ноздры дым і гэтак з усмешачкаю: «Пацалуйце перша руку ў мяне». Пабялеюць увесь Аркадзь Пятровіч, ускочуць з месца, бац яго з усяе сілы па шчацэ, а ён толькі галавою матне і яшчэ чарнейшы зробіцца, насупіцца, як разбойнік які. «Устаць, нягоднік!» Устане, выцягнецца, як хорт, порткі плісавыя вісяць... маўчыць. «Перапрошвай». — «Вінаваты, васпане». А паніч задыхнуцца — і ўжо не ведаюць, што далей сказаць. «То-та ж, «васпане»! — крычаць. — Я, бач, нараўлю з табою, з нягоднікам, як з роўным абысціся, я, бач, іншым разам думаю: я для яго душы не пашкадую... А ты што? Ты знарок мяне ў злосць уганяеш?»
Читать дальше