Мы адно млелі пры яе словах і захоплена пераглядваліся: доўга ўяўляўся нам пасля вялізны сад, велічэзны маёнтак, дом з дубовымі бярвеністымі сценамі пад цяжкай і чорнай ад часу саламянай страхою — і абед у зале гэтага дома: усе сядзяць за сталом, усе ядуць, кідаючы косці на падлогу, паляўнічым сабакам, косяцца адзін на аднаго — і ў кожнага бізун на каленях: мы марылі пра той залаты час, калі мы павырастаем і таксама будзем абедаць з бізунамі на каленях. Але ж добра разумелі мы, што не Наталлі давалі радасць гэтыя бізуны. І ўсё ж пайшла яна з Лунева ў Сухадол, да вытокаў сваіх цёмных успамінаў. Ні свайго кутка, ні блізкіх родных не было ў яе там; і служыла яна цяпер у Сухадоле ўжо не ранейшай пані сваёй, не цётцы Тоні, а ўдаве нябожчыка Пятра Пятровіча, Клаўдзіі Маркаўне. Ды вось без маёнтка гэтага і не магла жыць Наталля.
— Што зробіш: прывычка, — сціпла гаварыла яна. — Куды іголка, туды, відаць, і нітка ўжо. Дзе радзіўся, там і гадзіўся...
І не адна яна была вельмі прывязана да Сухадола. Божачка, якімі палкімі ахвотнікамі ўспамінаў, якімі гарачымі прыхільнікамі Сухадола былі і ўсе іншыя сухадольцы!
У нястачах, у беднасці жыла цётка Тоня. І шчасце, і розум, і аблічча чалавечае адабраў у яе Сухадол. Але яна нават думкі не дапускала ніколі, нягледзячы на ўсе ўгаворванні нашага бацькі, каб пакінуць роднае гняздо, пасяліцца ў Луневе:
— Ды лепш камень у гарах біць!
Бацька быў бесклапотны чалавек; для яго, здавалася, не існавала ніякай прывязкі. Але глыбокая туга чулася і ў яго расказах пра Сухадол. Ужо даўным-даўно выселіўся ён з Сухадола ў Лунева, палявы маёнтак бабкі нашай Вольгі Кірылаўны. Але скардзіўся ледзь не да смерці свае:
— Адзін, адзін Хрушчоў астаўся цяпер у свеце. Дый той не ў Сухадоле!
Праўда, нярэдка здаралася і тое, што, следам за такімі словамі, задумваўся ён, гледзячы ў вокны, у поле, і раптам насмешліва ўхмыляўся, здымаючы са сцяны гітару:
— А і Сухадол добры, каб ён спуставаў! — дадаваў ён з той жа шчырасцю, з якой гаварыў і за хвіліну перад гэтым.
Але душа і ў ім была сухадольская — душа, над якой так бязмежна пануе ўлада ўспамінаў, улада стэлу, закаранелага яго побыту, тае старасвецкае сямейнасці, што ў адно злівала і вёску, і чэлядзь, і дом у Сухадоле. Праўда, стаўбавыя мы, Хрушчовы, у шостую кнігу ўпісаныя, і многа было сярод нашых легендарных продкаў знакамітых людзей векавой літоўскай крыві ды татарскіх князькоў. Але ж кроў Хрушчовых мяшалася з крывёю чэлядзі і вёскі спакон веку. Хто даў жыццё Пятру Кірылавічу? Розна гавораць пра гэта паданні. Хто быў бацькам Гарваські, забойцы яго? З ранніх гадоў мы чулі, што Пётра Кірылавіч. Адкуль выцякала да таго рэзкае непадабенства ў характарах бацькі і дзядзькі? Пра гэта таксама розна гавораць. Малочнай жа бацькавай сястрой была Наталля, з Гарваськам ён крыжамі мяняўся... Даўно, даўно пара Хрушчовым парахавацца раднёю са сваёй чэляддзю і вёскаю!
У нудоце па Сухадоле, у зачараванні яго старасветчынай доўга жылі і мы з сястрою. Чэлядзь, вёска і дом у Сухадоле складалі адну сям'ю. Правілі гэтай сям'ёй яшчэ нашы прашчуры. А яно ж і ў патомстве гэта доўга адчуваецца. Жыццё сям'і, роду, клана глыбокае, вузлаватае, таямнічае, часта нават страшнае. Але цёмнай глыбінёй сваёй ды вось яшчэ паданнямі, мінулым і мацуецца яно. Пісьмовымі і іншымі помнікамі Сухадол не багацейшы за любы ўлус у башкірскім стэпе. Іх на Русі заменьваюць паданні. А паданне ды песня — атрута славянскай душы! Былыя нашы дваровыя, заядлыя гультаі, летуценнікі, — дзе яны маглі выказаць душу, як не ў нашым доме? Адзіным прадстаўніком сухадольскіх паноў аставаўся наш бацька. І першая мова, на якой мы загаварылі, была сухадольская. Першыя апавяданні, першыя песні, якія кранулі нас, — таксама сухадольскія, Наталліны, бацькавы. Дый ці мог хто спяваць так, як бацька, вучань чаляднікаў, — з такой бесклапотнай тугою, з такім ласкавым дакорам, з такой слабавольнай задушэўнасцю пра «верную-манерную васпанечку сваю»? Ці мог хто-небудзь расказваць так, як Наталля? І хто быў раднейшы нам за сухадольскіх мужыкоў!
Грызня, сварка — вось чым спакон веку славіліся Хрушчовы, як і ўсякая сям'я, якая доўга і цесна жыве ў кучы. А ў часы нашага дзяцінства здарылася такая сварка паміж Сухадолам і Луневым, што траха не дзесяць гадоў не пераступала бацькава нага роднага парога. Так і не бачылі мы ў дзяцінстве як мае быць Сухадола, былі там толькі раз, дый то праездам у Задонск. Але ж сны часамі мацнейшыя за ўсякую яву. І цьмяна, але незабыўна запамяталі мы летні доўгі дзень, хвалі на збажыне ў полі і запушчаную вялікую дарогу, якая зачаравала нас сваім прасторам і сям-там уцалелымі дуплістымі вербамі; запамяталі вулей на адной з такіх вербаў, што далёка адышла з дарогі ў збажыну, — вулей, пакінуты на волю божую, у полі, пры забытай дарозе; запамяталі шырокі паваротак пад узгорак, вялізны голы выган, на які глядзелі бедныя курныя хаты, і жаўцізну камяністых равоў за хатамі, белізну галякоў і друзу па іх днішчах... Першая падзея, якая жахнула нас, была таксама сухадольская: забойства дзеда Гарваськам. І, слухаючы апавяданні пра гэтае забойства, без канца летуцелі мы гэтымі жоўтымі, што некуды забягалі ўдалячынь, равамі: усё здавалася, што па іх гэта і ўцякаў Гарваська, зрабіўшы сваю страшную справу і «згінуўшы, як ключ на дне мора».
Читать дальше