— Пакінь мне зацягнуцца, — сказаў ён і пачаў гаварыць далей. — Працавалі мы, васпані, у пана Савіча ў Агнёўцы, — а ён, сын, са мною заўсёды хадзіў, не адбіваўся ад мяне, — ну, працавалі і працавалі, а кватэру ў сяле наймалі, жылі пасля смерці мацеры ўсё роўна як два дружныя сябрукі. Настае, нарэшце, свята святога Міколы. Трэба, думаем, дахаты скакануць, трохі ў парадак сябе прывесці, а то, па праўдзе сказаць, вельмі ж усё на нас пачарнела. Збіраемся гэтак навечар, а таго і не бачым, што такая золь ды яшчэ з туманом пад вечар стала, што аж вёскі за лужком не відаць, не кажучы ўжо пра тое, што вельмі мясцовасць усюды глухая. Корпаемся, прыбіраем струмент у гэтай самай лазні, дзе мы, значыць, ратаваліся, агарачка не разжывешся, — адчуваем, што прыпазніліся трошкі, і ці верыце, такая нуда раптам напала на мяне, што я гавару: «Дарагі ты мой таварыш, Максім Ільіч, можа, нам астацца, да раніцы пачакаць?»
— А вас Ільём завуць? — папыталася пані, раптам успомніўшы, што яна да гэтага часу не ведае імя Цвыркуна.
— Ільём, — ласкава сказаў Цвыркун і, усхліпнуўшы, падцёр нос, — Ільём Капітонавым. Але сын мяне таксама Цвыркуном зваў і ўсё, от не горш за гэтага Баву Каралевіча, Васіля Сцяпанавіча, — жартаваў, грубіяніў са мною. Ну, канешне, пажартаваў, закрычаў і тут: «Гэта яшчэ, кажа, што такое? Пагавары ў мяне!» — Насунуў мне шапку на вушы, надзеў сваю, рамяньком падперазаўся, — вельмі зграбны быў, васпані, шчырую вам праўду кажу! — узяў кіёчак і, не доўга гаворачы, марш на ганак. Я за ім... Бачу, туман страшэннейшы, ужо зусім сцямнелася, панскі сад увесь шызымі шапкамі, інеем аброс, — як хмара якая ў змроку, у тумане гэтым мірсціцца, — ды рабіць, значыць, няма чаго, не хачу маладога чалавека крыўдаваць, маўчу. Перайшлі лужкі, падняліся на горку, азірнуліся, а вокан у пана ўжо і не відаць стала. Адвярнуўся я ад ветру, — у адну хвіліну дух заняло, так і нясе гэтаю мгою, туманом, чую, што ўжо на двух кроках да самых касцей праняло, а боты-то на нас летненькія, дый паддзёвачкі на шарамецеўскую ласку шытыя, і зноў кажу: «Ой, вернемся, Максім, не фарсі!» Ён быў і задумаўся... Ды, вядома, справа маладая, па сабе нябось, васпані, ведаеце — як свайго гонару не паказаць? — і зноў пайшоў. Уваходзім у вёску — вядома, цішэй стала, усюды агні па хатах, хоць і цьмяныя, а ўсё-такі жыллё, — ён і талкуе: «Ну, бачыш? Чаго дрыжаў? Бачыш, на хаду куды цяплей, гэта толькі спачатку так сцюдзёна здалося... Не адставай, не адставай, а то падганяць зачну...» А якое ўжо там, васпані, цяпло, усе вадавозкі на чвэртку інеем абраслі, усе лазінкі да зямлі прыгнула, стрэх не відаць ад туману і марозу... Вядома, жыллё, ды ад гэтых агнёў туман яшчэ больш дае сябе знаць, і ўсе вейкі ў мяне ў інеі, ацежалелі, як у каня добрага, а панскіх вокан на тым баку і звання не асталося... Адно слова — ноч лютая, самая што ні на ёсць ваўчыная...
Васіль нахмурыўся, пусціў у абедзве ноздры дым і, падаючы недакурак Цвыркуну, перабіў яго:
— Ну, ты, «ваўчыная», гэтак да другіх пеўняў не скончыш. Ты скарэй расказвай.
І гаспадарліва перавярнуў у каленях хамут, збіраючыся працаваць далей. Цвыркун, асцярожненька, кончыкамі пракураных пальцаў узяў у яго недакурак, моцна зацягнуўся і на хвіліну маркотна задумаўся, нібы слухаючы сваё дзіцячае дыханне і галашэнне ветру за сценамі. Пасля нясмела сказаў:
— Ну, бог з табою, добра, карацей скажу. Я толькі хацеў сказаць, што проста мы заблудзілі, як табе кажу. Мы, васпані, — загаварыў ён больш упэўнена, зірнуўшы на паню, улавіўшы ў яе вачах спачуванне і раптам больш востра адчуўшы сваё даўняе, што стала прывычным, гора, — мы дарогу, значыць, згубілі. Як толькі выйшлі за вёску, ды трапілі ў гэтую цемру, у мгу, у холад, ды прайшлі, можа, з вярсту, так і заблудзілі. Тут вялізнае гала, шырозны луг, равы да самага сяла ідуць, а над імі дарога заўсёды ёсць, от мы і патраплялі па ёй, усё думалі, што верна трымаемся, а замест таго ўлева забралі па чыімсьці следзе, да бібікаўскіх, значыць, равоў, і след гэты таксама, на бяду, упусцілі, а ўжо там і пайшлі мясіць па снезе, па ветры, як папала. Ды гэта ўсё, васпані, гісторыя вядомая, — хто не блудзіў, усе блудзілі, — а я гэта хацеў сказаць, якую муку я за гэтую ноч прыняў! Я, праўда, да таго напалохаўся, да таго напужаўся, як, значыць, пракружылі мы гадзін дзве ці тры ды зайшліся, задыхнуліся, абмерзлі, сталі, як пень, і бачым, што нашчэнт прапалі, да таго, кажу, напужаўся, што ў мяне аж рукі, ногі агнём закалола, — кожнаму, вядома, сваё жыццё дорага, — але толькі я і ў думках не меў, што далей будзе, як пакарае мяне бог! Я, вядома, думаў, што першаму мне канец, — ці многа ў мяне духу, самі бачыце, — а як убачыў, што я яшчэ жывы, стаю, а ён ужо на снег сеў, як убачыў яго...
Читать дальше