Скрозь гудзенне мяцеліцы пачуўся з сенцаў тупат ног, абіванне іх ад снегу, грукат дзвярэй — і, уносячы з сабою свежы, харошы пах, увайшлі паны, залепленыя густым снегам, з мокрымі тварамі і бліскоткамі на валасах і на адзенні. Цёмна-чырвоная барада і густыя, навіслыя над сур'ёзнымі і жвавымі вачыма Рэмеравы бровы, глянцавіты каракулевы каўнер яго калматага палітона і каракулевая шапка здаваліся ад гэтых бліскотак яшчэ больш багатыя, а пяшчотны, мілы твар яго цяжарнай жонкі, яе мяккія доўгія вейкі, сіне-шэрыя вочы і пухавая хустка — яшчэ больш далікатныя і мілыя. Кухарка хацела саступіць ёй прадранае крэсла, яна ласкава падзякавала ёй, прымусіла астацца на сваім месцы і села на лаўку ў другім кутку, асцярожна зняўшы з яе аброць з паламанымі цуглямі; пасля слаба пазяхнула, варухнула плячыма, усміхнулася і таксама загледзелася на агонь шырока расплюшчанымі вачыма. Рэмер запаліў і пачаў хадзіць па пакоі, не распрануўшыся і не зняўшы шапкі. Як заўсёды, паны прыйшлі толькі на хвілінку, — занадта цяжкае і цёплае было ў рымароў паветра, — але пасля, як заўсёды, звыкліся, цяжкага духу не чулі... І вось тут, нечакана для ўсіх, і расказаў Цвыркун сваю гісторыю.
— Аднак ты, б'ат, сп'ытны, — прашапялявіў ён, калі Васіль, прывітаўшыся з панамі кіўком галавы, зноў прысунуў да сябе лямпачку. — Аднак ты, б'ат, сп'ытны. Я, нябось, трошкі старэйшы за цябе, — сказаў ён, усхліпваючы і падціраючы нос.
— Што? — прытворна-грозна крыкнуў Васіль, ссоўваючы бровы. — Можа, табе яшчэ панскую лямпу запаліць? Аслеп — дык у багадзельню.
Усе ўсміхнуліся, нават і пані, якой усё-такі крыху непрыемныя былі гэтыя жарты, — і падумалі, што Цвыркун, як заўсёды, скажа нешта смешнае. Але на гэты раз ён толькі галавою паматаў і, уздыхнуўшы, спыніў погляд на чорных шыбах, залепленых белымі камякамі. Пасля, узяўшы шыла сваёю вялікаю, у буйных жылах рукою з шырока расстаўленымі суставамі вялікага і ўказальнага пальцаў, няёмка і цяжка ўваткнуў яго ў ружаватую сырую скуру. Кухарка, заўважыўшы, што ён глядзеў на вокны, загаварыла аб тым, як яна баіцца, што яе муж, які паехаў па канавала ў Чычэрына, замерзне, зблудзіць з дарогі, як раптам Цвыркун, робячы выгляд, што ён заняты, сказаў з маркотнай дабрадушнасцю:
— Але, брат, аслеп... Нехаця аслепнеш! Ты от дажыві да маіх гадоў ды папакутуй так, як я! Ад жа не дажывеш! Я от спакон веку такі, невядома, у чым душа ліпіць, а ўсё цягнуўся, жыў — і яшчэ гэтулькі пражыў бы, каб было дзеля чаго. Я, брат, вельмі нават хацеў жыць, пакуль было анцірэсна, і жыў, смерці не паддаваўся. А твае сілы мы яшчэ не ведаем.
Васіль паглядзеў на яго пільна, як паглядзелі паны і кухарка, здзіўленыя яго нязвычным тонам, — на хвіліну, у маўчанні, асабліва добра было чутно завыванне ветру, — і сур'ёзна папытаўся:
— Што гэта ты пляцеш такое?
— Гэта я? — сказаў Цвыркун, падымаючы галаву. — Не, брат, я не пляту. Я гэта пра сына ўспомніў. Чуў нябось, які маладзец быў? Мабыць, яшчэ дужэйшы за цябе будзе, а от не мог жа таго вытрываць, што я.
— Ён жа замёрз, здаецца? — папытаўся Рэмер.
— Я яго ведаў, — адказаў Васіль і, не саромеючыся, як гавораць пра дзіця пры ім жа самім, дадаў: — Ды ён і не сын яму, кажуць, быў, Цвыркуну. Ні ў маці, ні ў айца, а ў праезджага малайца.
— Гэта гаворка другая, — гэтак жа проста сказаў і Цвыркун, — гэта ўсё можа быць, а шанаваў ён мяне не менш за бацьку, дай божа, каб твае так цябе шанавалі, ды і не даходзіў я, сын ён мне ці не, мая кроў ці чужая... а ўжо ж яна ва ўсіх аднолькавая! Сіла ў тым, што ён, можа, даражэйшы за дзесяцярых родных мне быў. Вы от, пане, і вы, васпані, — сказаў Цвыркун, паварочваючы галаву да паноў і асабліва ласкава выгаворваючы «васпані», — вы от паслухайце, як была гэтая справа, як замёрз ён. Я ж яго ўсю ноч на плячах насіў!
— Завея вялікая была? — папыталася кухарка.
— Зусім не, — сказаў Цвыркун. — Туман.
— Як туман? — папыталася пані. — Ды хіба ў туман можна замерзнуць? І навошта ж вы яго насілі?
Цвыркун пакорліва ўсміхнуўся.
— Хм! — сказаў ён. — Ды вы таго, васпані, і ўявіць сабе не можаце, да чаго ён, туман гэты, можа замучыць! А насіў я яго таму, што вельмі ж было шкада, усё думаў не дапусціцца да гэтага... да смерці. Гэта так выйшла, — картава пачаў ён, звяртаючыся не да Васіля і не да Рэмера, а толькі да аднае пані, — гэта выйшла якраз пад самага Міколу...
— А даўно? — папытаўся Рэмер.
— Ды гадоў пяць ці шэсць таму назад, — адказаў за Цвыркуна Васіль, сур'ёзна слухаючы і скручваючы цыгарку.
Цвыркун мелькам, па-старэчы строга зірнуў на яго.
Читать дальше