— Ты што, з глузду з'ехаў? — крыкнуў Ягор, са страхам гледзячы на худое крэйдавае цела, што забялела ў святле захаду, калі каваль, ускудлаціўшы валасы, сарваў з сябе кашулю. — Ты што, з глузду з'ехаў? Ды ў цябе сэрца зойдзецца ў вадзе ў такую халадэчу!
— Дзіва што! — крыкнуў каваль хрыплым басам.
І раптам зарагатаў, скінуўшы порткі разам з ісподнікамі і разганяючыся, каб плюхнуцца ў ваду:
— Бла-га-сла-ві, ула-ды-ка-а!
Ён добра ведаў, што ледзяная вада імгненна дасць яму рашучасць. У вадзе, і папраўдзе, зайшлося ў яго сэрца, але ён не даў яму патачкі: ён пырхаў, даваў нырца, плаваў... Не пападаючы зуб на зуб, выскачыў ён на бераг, няёмка і скоранька надзеў порткі на мокрае цела, улез у кашулю і, улазячы, цвёрда сказаў Ягору, што дубянець не збіраецца, што яго душа даражэйшая за колы. Якія колы, гэта Ягору не трэба было тлумачыць: ён імгненна сцяміў, што ляжаць у каваля нечыя колы, прывезеныя ў направу, і што трэба як ні можна хутчэй захапіць перадкі і бегчы да млынара, які тайком гандлюе гарэлкаю, каб залажыць іх яму. І не прайшло і паўгадзіны, як ужо сядзеў Ягор з кавалём у кузні, каля маленькае бляшанае лямпкі, пастаўленай на горан, поруч з пляшкаю і гаршчочкам халоднае пшановае кашы, за ажыўленаю гаворкаю пра тое, ці можна, жывячыся адною рэдзькаю, папасці ў святыя, ці можна захаладзіць сваё цела, каб не тлела яно пасля смерці...
А на другую гадзіну ночы, пры месяцы, які заходзіў за бледна бліскучаю збажыною, Ягор, хістаючыся і размахваючы рукамі, хутка ўваходзіў у Ланское. Нібы пругкія хвалі неслі цяпер яго цела. Раса серабрылася па мокрых, пахучых, густых красках і травах. Мацней за ўсё пахла найлепшаю Ягораваю раслінаю — палыном. Доўгія цямнелі цені ад хмызняку, які блішчаў вяршалінамі пад скіраваным на поўдзень месяцам. І палосы святла і ценяў сярод іх стваралі нешта казачнае п'яным вачам, як у казцы, светлая была далёкая далячынь за хмызняком, за палямі, над якімі ўжо дрыжала ў серабрыстай празрыстасці вялікая ружова-залатая зорка. Шоргаючы па росных лапухах і напяваючы, смела падышоў Ягор да дзвярэй, рвануў за ручку — і спыніўся на парозе свае маленькае, ледзьве відное хаты. Мёртвае маўчанне стыла ва ўсім свеце ў гэты перадранішні час. Мёртвае маўчанне напаўняла і вартоўню. І ў гэтым маўчанні, у сонным рэдкім святле, нерухома чарнела нешта на лаве пад абразамі. І, прыгледзеўшыся, Ягор раптам закрычаў такім страшным сіплым голасам, што з лямантам выскачыў з лапухоў стары чорна-сівы сабака...
Гур'еў падарыў на пахаванне чырвоную паперку. Усё было спраўлена як мае быць — як бы і не Аніссі была такая пашана.
Паволі, з вялікімі прамежкамі, пачынаючыся звонка, жаласліва, але ўсё больш строга, падалі гукі са званіцы. Паданне гэтае раптоўна, нястройна абрывалася тэрцыяй баса і альта. І наставала доўгае маўчанне: чулася толькі, — з-за ракіт па дарозе ў Ланское, — працяглае, усё бліжэйшае і бліжэйшае царкоўнае пяянне: на дарозе сустрэлі поп і дзяк калёсы, у якіх везлі Аніссю з Ланскога. З двара сядзібы і па вуліцы над узгоркам беглі на выган бабы. З дзіцем на руках, спатыкаючыся, спяшалася Мар'я. Стаялі на парозе млынар без шапкі і млынарыха. Дзьмуў заходні вецер, а з-за рэчкі зноў находзіла, цьмяна сінела дажджавая хмара.
Трохі пукацістая дарога паміж ракітамі, пры ўездзе ў Гур'ева. І невялікі натоўп, на чале з кавалём у чорнай цяжкай паддзёўцы, які нёс на галаве доўгае века дамавіны і на хаду пахмура спяваў, здалёк здаваўся высокі, вырысоўваючыся на воблачным небе. Бялела тканіна, што накінута была на века, і развейвалася на ветры. Ішлі з нагі на нагу, але ўжо можна было распазнаць, што гэтыя цёмныя фігуры з паблытанымі ад ветру валасамі валакуць на ручніках доўгую скрыню, чорную з аранжавым абадком па краях. Паважна чуліся галасы папа і дзяка. Як заўсёды, марудзілі ў дарозе, спыняліся, махалі кадзілам і, палохаючы саміх сябе словамі, паўтаралі адно і тое самае — то злавесна, то з пакорлівасцю. Усё рабілася так, каб выходзіла ўрачыста і грозна. А тая, дзеля каго гэта рабілася, і цяпер была такая ж пакорлівая, простая, як і пры жыцці. Цёмная і сухая была яна; маленькая стала яе высахлая галоўка, укрытая новаю чорнаю хустачкаю. На грудзях яе жаўцеў драўляны абразок. Парча ўкрывала да паловы невялікую чорную скрыню, дзе яна знайшла спакой, — парча, знак царскасці. І парча гэтая была да таго старая, да таго брудная і дзіравая: божа, колькіх яна ўкрывала ўжо! Дзяк гур'еўскі, шэра-сівы чалавек, які трывожна думаў толькі пра пасеку сваю, усім сваім гнутым станам і кароткім, але шырокім тварам падобны на звера. Жоўтавалосы поп, слабасільны, слабавольны, заўсёды п'янаваты, шапялявіць. Рызы, епітрахілі іх да таго пазношваны, што срэбранае шыццё, падолы, калошы — усё ў поўнай адпаведнасці з гразкімі або пыльнымі дарогамі, з калёсамі і дробнаю, спарахнелаю саломаю ў вазах.
Читать дальше