— Хлеба я не разжывуся ў цябе паўакрайчыка? — папытаўся Ягор, сплёўваючы сліну, што беспярэстанку набягала на яго белыя ад голаду і люлькі губы.
Алена прамаўчала. Анютка, яе дзяўчынка з балячкамі на губах і веерам падстрыжанымі на лбе цвёрдымі валасамі, усё лезла, навальваючыся на стол, пальчыкам праводзячы ў муцэ палоскі. Прамаўчаўшы на Ягорава папытанне, Алена раптам звонка пляснула дзяўчынцы ў лоб далоняю. Дзяўчынка адвалілася, бразнулася на лаву і загаласіла.
— Сказала, не коўзайся ў муцэ! — крыкнула Алена сваім грубым аднадворніцкім голасам.
— А от я яе ножыкам зараз зарэжу, — сказаў, уваходзячы ў хату, Салтык, малады работнік у кароткім кажушку і ў белым фартуху, які толькі што прыехаў з поля, дзе ён падкошваў край пабітага градам аўса.
І пачаў вешаць на сцяну, на драўляны крук, убіты паміж бярвення, цяжкі новы хамут з белымі гужамі і аброць, на бліскучых цуглях якой зелянела недаедзеная канём травяная пена.
Выгляд у Салтыка, які нядаўна адбыў салдатчыну, быў самаздаволены, твар, з невялічкімі бачкамі, загарэлы, прыемны, грудзі шырокія, салдацкая шапка ссунута на патыліцу. На грудзіне фартуха былі буйна вышыты чырвоныя літары. І Ягор, якому Салтык толькі кіўнуў, падумаў: «Мабыць, Аленка і вышывала. Дый дзяўчынка, канешне, яго. Нездарма ж пляскалі языкамі, што ён яе яшчэ да салдатчыны ўправіўся аблапашыць. Дурань млынар! Я б з яе шкуру спусціў ды на пяла расцягнуў!»
Ён, хрыпучы, насіў грудзьмі, паказваючы ў распорку абтрапанай манішкі рудую палоску загару на мярцвяна-бледным целе. Бледны быў і азызлы твар яго. Ён быў цяжка хворы, але чуць сябе хворым даўно ўвайшло ў прывычку, ён не звяртаў на гэта аніякай увагі. Ніяк не крыўдзіла яго і тое, што на яго, хворага, галоднага, нават і паглядзець уважліва ніхто не хоча. Не адчуваў ён і злосці да Алены, калі думаў: «Я б яе шкуру на пяла расцягнуў», — хоць расцягнуць мог бы. Але глухое раздражненне не толькі супроць гэтага багатага і сумнага двара, але і супроць усіх гур'еўцаў усё-такі сядзела ў ім, гняло і прымушала думаць нешта такое, што не паддавалася рабоце розуму, дакучліва круцілася ў галаве, як сцёртая гайка. Ён ужо даўно асвойтаўся з тым, што часта ішлі ў ім адразу два рады адчуванняў і думак: адзін — звычайны, просты, а другі — трывожны, хваравіты. Спакойна, нават самаздаволена думаючы пра тое, што трапіць на вочы, што выпадкова прыйдзе на розум, часта мучыўся ён у гэты ж самы час і дарэмным жаданнем абдумаць нешта другое. Ён зайздросціў часамі сабакам, птушкам, курам: яны нябось ніколі нічога не думаюць! Цяпер яму і хацелася і не хацелася сядзець у млынара. Але што ж рабіць, калі не сядзець, куды ісці? У лес, у хмызняк, у змрок, дзе ўсюды мірсціцца гэты шэры чорт?
Алена запаліла над сталом вісучую лямпу, якая загарэлася бледна-зялёным агнём: яшчэ светла было за вокнамі. Салтык не спяшаючыся дастаў з кішэні портак плісавы кісет, не спяшаючыся скруціў і зляпіў папяросу, ікнуў і, прапусціўшы ў шкло лямпы саломіну, запаліў, сеў на лаве.
— Падсявай, падсявай, — кінуў ён Алене, зацягваючыся. — Нешта піражка хочацца.
— А ражна не хочацца? — папыталася Алена, гаворачы з Салтыком тым асаблівым, як бы грубым тонам, якім гавораць пры народзе толькі з палюбоўнікамі.
— Іх, пірагі, таксама трэба ўмець з розумам пячы, — сказаў Салтык, далёка сплёўваючы. — Трэба табе каталог выпісаць. Калі я ў Ціфлісе служыў, дык нам гаспадыніна дачка заўсягды выпісвала каталог, па якім можна ўсё згатаваць. Вось і ты — пашлі ў Маскву пісьмо, пакладзі ў яго марку сем капеек і напішы: так, бо, і так, вышліце мне ўсіх магчымых каталогаў.
— І то праўда, — абазваўся стары. — Ты, вядома, усё знаеш, дзе якія людзі, дзе якія гарады...
Ягор пакасіўся і падумаў: «Якія гарады! Многа ён, дурань, ведае, акрамя свайго Ціфлісу! От я б яму нарасказваў...» Яму вельмі захацелася паспрачацца і каб у гэтых спрэчках ён выйшаў і разумнейшы, і талкавіцейшы, і бывалейшы за Салтыка. Але жаданне папрасіць хлеба і яшчэ нешта, чаго ён не мог вызначыць, звязвала яго, заўсёды смелага і балбатлівага, ставіла ў тупік — і перад кім жа! — перад мужыкамі, якіх ён нават і параўноўваць ніколі не хацеў з печнікамі, цеслярамі, малярамі! Ён толькі незалежна адкашляўся і, пасмоктваючы патухлую люльку, прыкідваючыся рассеяным, пачаў слухаць: што гэта яшчэ брэша Салтык?
— Як жа мне не знаць! — сказаў Салтык. — Ды я не тое што, я, як толькі восень, конча падамся зноў туды! Там цяпер самы калбень ідзе, — сказаў ён, мелькам зірнуўшы на Алену і ўсміхнуўшыся. — Ды дальбог: весялосць, гулянне — кожын божы дзень, з васьмі раніцы да дзвюх ночы. Асабліва ў курсавых, у Пяцігорску, у Кіславодску, у Вісінтуках...
Читать дальше