Гур'ева сяло вялікае, старадаўняе, з прасторнымі выганамі, з двума млынамі, — вадзяным і ветраком, — стаіць на рэчцы, тоне ў цэлых плоймах лазняку, асінніку, і гракоў у гэтых зарасніках — незлічоныя тысячы. «Такога сяла, — гаварыў Ягор, — ні ў адной Амерыцы не знойдзеш!» Перад вечарам, калі ён падыходзіў да сяла, над сялом прашумела не доўгая, але моцная навальніца, як відаць, не першая за дзень. Ярка чарнелі дарогі сярод зялёнай муравы па выгане, на якім злева, каля панскай сядзібы, стаяла старая царква, абітая бляхаю, каля царквы — новае мураванае вучылішча, пасярэдзіне — гуртавы свіран, магазын, а справа — цяжкі вятрак і ўтульны мельнікаў двор. Дзьмуў вецер, але ветраковы крылы нерухома стаялі ў воблачным небе. Заўсёды шэрыя, яны былі цяпер цёмныя, сырыя. Са страхі магазына падалі кроплі; хлапчукі, што пасвілі коней па зялёнай мураве, сядзелі пад магазынам у мокрых світках.
«Дзівосы, — думаў Ягор, кіруючыся да ветрака і абмяркоўваючы, як заўсёды, тое, што выпадкова трапляе ў галаву. — Беспярэстанку тут дождж. Месца прывольнае, на агароды, праўду кажучы, — чысты скарб...»
Яшчэ рана было, а ўжо гналі парассыпаны па выгане стракаты статак. Перадвечаровае сонца лінулася на хвіліну далёка за сялом, за рачною далінаю, якраз супроць вучылішча, бліснула на новай, падобнай на цынкавую, страсе яго, на залачоным крыжы царквы, зрабіла статак яшчэ больш стракаты і зноў патухла, схавалася ў воблаках. Царква ў Гур'еве грубая, нявідная, нейкая чужая ўсяму, вучылішча мае выгляд валасной управы, вятрак няўклюдны, цяжкі, меле рэдка. Будзённа шумелі, гамавалі без толку гракі ў лазняку па рэчцы. Бег, роў і мэкаў статак, перакрыкваючыся, ганяліся за авечкамі бабы з накінутымі на галаву падоламі... Там, у Ланскім, у вартоўні без страхі, сярод глухога хмызняку, красак і бур'яну, памірала, знясіленая да апошняга, ціхая Ягорава маці. А ён стаяў чагосьці сярод выгану ў Гур'еве, думаў абы-што, чакаў чамусьці, пакуль прагоняць статак. Статак прагналі — і ён доўга глядзеў на двух спутаных мокрых коней, якія шчыпалі траву і цяжка пераскоквалі з месца на месца спутанымі пярэднімі нагамі. Пераводзячы люльку з кутка ў куток у роце, цяжка дыхаючы, кашляючы і сплёўваючы, ён няўцямна вадзіў вачыма па выгане, у думках лаяў дурнем царкоўнага старасту, які абабіў старую мураваную царкву бляхаю, глядзеў на магазын. Прыціснуўшыся да сцяны магазына, сядзелі на вялікім белым камені хлапчукі ў мокрых падраных світках. Каля іх стаяла жарабё-трацяк. На яго капала са страхі: зверху яно было цёмнае, знізу светла-рыжае, сухое... Ягор нявесела ўсміхнуўся і, слізгаючы, раз'язджаючыся па гразі лапцямі, пабрыў да млынаровай хаты.
Як заўсёды, гаспадары не кінулі на Ягора ніякай увагі. І, як заўсёды, гэта ані кропелькі не збянтэжыла яго. Ён пераступіў парог хаты, трасянуў, у знак прывітання, галавою, сваёю гімназійнаю шапкаю, якая пляската ляжала на белых кудлах, і сеў на палок, пачаў набіваць люльку ядучым махорачным пылам, выварочваючы сцёрты кісет. Стары млынар гнуўся на лаве каля стала, тупа, упёршыся далонямі ў лаву, глядзеў на рукі свае маладое цяжарнае бабы, Алены, якая прасявала над сталом муку. Алена слыве ў Гур'еве красуняю за сваю дужасць і белы каровін твар. А сам млынар малы і лысы, галавасты, нягеглы. Ён багаты, а кажушак на ім падраны, зашмальцаваны, цёмны, — рэзка вылучаецца новы чырвоны рукаў гэтага кажушка. Нос у яго падобны на мухамор, вялікія адкрытыя ноздры сталі ад нюхальнай табакі цёмна-зялёныя і аксамітныя. Гледзячы на муку, якая шэрым пылам сыпалася з-пад рэшата, ён абыякава папытаўся ў Ягора:
— Што, хіба занудзіўся ў лесе?
— Чаго ж мне нудзіцца, — не спяшаючыся адказаў Ягор. — Інтэрас маю ў сяле...
І, саскочыўшы з нараў, падышоў да загнеткі, адчыніў засланку і па пояс залез у цёмную гарачую глыбіню печы.
— Патрэба ёсць, — глуха крыкнуў ён адтуль, выцягваючы сваімі куксамі пякучы жар з попелу і забіваючы яго ў люльку.
Алена, падсяваючы, спрытна пляскаючы рэшатам у далоні і трасучы шырокім задам, цераз плячо пакасілася на Ягора. «Усю печ выстудзіць, злыдзень!» — падумала яна. Але Ягор, добра ведаючы такія думы, прыняў, вылезшы з печы, самы бесклапотны выгляд. І, зацягваючыся, растраўляючы сабе ноздры ядучым пахам і жарам асінавага вугалю і з пакутліваю асалодаю кашляючы, зноў спакойна ўсеўся на нарах. «Ці, можа, пайсці? — думаў ён няўцямна. — Ды чорт з імі, пасяджу яшчэ трохі... Жаруць, жаруць, па два разы на тыдзень хлеб рашчыняюць і ўсё не нажаруцца», — няўцямна думаў ён, гледзячы то на хлебную дзяжу каля печы, накрытую старою світкаю, то на жаўтаватую атласную муку, што доўгаю горкаю, накшталт века дамавіны, расла на стале, то на Алену. Тоўстыя рукі яе, закасаныя па локаць, былі зацярушаны мукою; на пальцах блішчалі мядзяныя і срэбраныя пярсцёнкі. Падол шарсцяной чырвонай спадніцы Алена падняла і заткнула за пояс, тоўстыя ногі ў мужчынскіх ботах пад шэраю кашуляю паставіла цвёрда і, крыху адваліўшыся назад, выстаўляючы свой страшны жывот, мерна трэсла задам.
Читать дальше