Яна спала, паміраючы ў сне. Твар яе, твар муміі, быў спакойны, здранцвелы. Прайшоў дождж, вечаровае неба ачысцілася, у лесе, у полі ўсё змоўкла. Вечаровы матылёк трапятліва-бязгучна праплыў у паветры. Сталі відны ў сутонні па зямлі толькі белыя краскі. Ззаду вартоўні дробным прыгожым узорам да чарнаты зелянелі вярхі хмызняку — на аранжава-пунсовай каламуці, што пераходзіла вышэй у празрыста-лімонную, лёгкую пустату. Супроць вартоўні, на бескаляровым, папяловым небе стаяў поўны, ясны, але не яркі месяц, які не даваў яшчэ святла. І глядзеў ён проста ў аконца, каля якога ляжаў не то мёртвы, не то яшчэ жывы першабытны чалавек. У другое, без шкла, без рамы, дзьмуў цёплы вецер...
Ягор у дзяцінстве, у юначасці быў то гультаяваты, то жвавы, то смехатлівы, то сумны — і заўсёды вельмі вялікі манюка, без усякай патрэбы. Раз ён знарок аб'еўся блёкату — ледзьве малаком адпаілі. Пасля ўзяў за звычку плявузгаць, што павесіцца. Дзед-пячнік Макар, заўзяты сур'ёзны п'яніца, пры якім працаваў ён, пачуў аднаго разу гэтую брахню, даў яму добрую аплявуху, і ён зноў, як бы нічога і не было, кінуўся мясіць нагамі гліну. Але праз нейкі час пачаў плявузгаць пра тое, што павесіцца, яшчэ з большым выхваляннем. Аніяк не верачы таму, што ён вешаецца, ён аднойчы такі спраўдзіў свой намер: працавалі яны ў пустым панскім доме, і вось, астаўшыся адзін у гулкай панскай зале з залітымі вапнаю падлогаю і люстэркамі, па-зладзейску азірнуўся ён, у адну хвіліну зашмаргнуў рэмень на аддушніку — і, закрычаўшы ад страху, павесіўся. Вынялі яго з пятлі без прытомнасці, адхадзілі і так адматалі галаву, што ён лямантаваў, захлібаўся, як двухгадовы. І з таго часу надоўга забыўся і думаць пра пятлю.
Ён рос, убіраўся ў сілу, рабіўся мужчынам, хварэў, п'янстваваў, працаваў, балбатаў, швэндаўся па павеце, толькі сяды-тады ўспамінаючы пра кінуты двор і пра матку, якую чамусьці называў сваёю дакукаю; жыццё, як ні бесталкова марнатравіў ён яго, вельмі падабалася яму, і калі нападалі на яго хвіліны стомленасці, разбітасці і тае душэўнае каламуці, калі ён гаварыў: «Белы свет не мілы мне!» — то яму і ў галаву не прыходзіла, што ёсць тут сувязь з яго блазенскім плявузганнем аб самагубстве. І так ён дажыў да трыццаці гадоў, да тае зімы, калі ні з сяго ні з таго пайшоў ён у Маскву, звязаўшыся нечакана з залатарамі, якія адпраўляліся туды...
З Масквы варочаўся ён п'яны і ўзрушаны. Адчуваючы ўсю недарэчнасць свае паездкі і як бы рыхтуючыся да таго адпору, які ён дасць кожнаму, хто будзе называць яго залатаром, ён да капейкі прапіўся ў дарозе, вылазячы на кожнай станцыі і нахабна праціскаючыся ў натоўпе да буфета. І вось тут, седзячы ў вагоне, які матляўся і патанаў у дыме, ён, ледзь не ўпершыню пасля гісторыі ў пустым панскім доме, пачаў зноў плявузгаць тое, што плявузгаў некалі, пачаў даводзіць суседзям па лаўцы, мужыкам-пільнікам, што ён павінен павесіцца. І зноў ніхто не даў веры яго словам, і зноў, праспаўшыся, забыўся ён на сваю балбатню.
Дома, у родных мясцінах, пасля Масквы, пасля таго непрывычнага жыцця, якім жыў ён там, пасля п'янства і ўзбуджанасці ў дарозе, усё здалося яму да таго будзённым, што ў яго нават прапала ахвота адбрэхвацца ад насмешлівых роспытаў, навошта гэта падарожнічаў ён у Маскву. Выгляд свайго разбуранага двара, выгляд вельмі не падобнай на ранейшую, высахлай і нязвычна ціхай, крыху ўтрапёнай мацеры не зрабіў на яго ніякага ўражання. Нехаця пражыўшы дома трое сутак, пайшоў ён у Гур'ева, на панскі двор, — прасіцца за вартаўніка ў Ланское. Быў сонечны сакавіцкі дзень, дарога перш раставала, пасля, — калі сонца схілілася на бязвоблачным небе на захад і залатою слюдою заблішчалі пад ім снежныя палі, а на паўднёвы ўсход пазелянела лёгкая і празрыстая далеч, — пачала дарога падмярзаць, прыемна хрумсцець пад лапцямі, і прыемна, спакойна, у лад з гэтым доўгім, ясным і спакойным днём, адчуваў сябе і Ягор. Ён падняўся на спаласаваную ледзянымі каляінамі бліскучую гару ў сяле, узышоў на панскі двор. Сонца мірна, па-вясноваму ўжо, дагарала супраць яго, за рэчкаю; па-вясноваму мітусіліся і пішчалі вераб'і ў залаціста-зялёна-шэрым пруцці, у кустах бэзу каля панскага дома, які выразна вырысоўваўся белізною сцен і рудою бляшанаю страхою на зеленаватым небе. На ганку стаяла пакаёўка і вытрасала самавар. — Паноў дома няма, — сказала яна, — у горад паехалі; можа, прыедуць сёння ўвечары, можа, і не... І Ягор неяк адразу звяў, занудзіўся; пастаяў сярод зружавелага двара ў нерашучасці і паклыпаў у чалядню. У чалядні моцна пахла кіслаю капустаю; на лаве каля стала сядзеў работнік Гарасім, чорны грубы мужык, прымацоўваў пугу да пугаўя і сварыўся з сваёю жонкаю Мар'яю, якая прымасцілася на нарах каля печы з дзіцянём на руках. Ягор увайшоў, страсянуў галавою і сеў. На паклон яму адказалі, але сварыцца не перасталі. Дзіця драла ручкамі кофтачку ў мацеры, шукаючы грудзей; Мар'я, маленькая, смуглявая, не спускаючы блішчастых воч з мужа і не заўважаючы, чаго шукала дзіця, гаварыла, і Ягор хутка зразумеў, што сварка пачалася за брытву, якая належала Мар'інаму брату, за тое, што Гарасім камусьці даў гэтую брытву.
Читать дальше