І на выгане, дзе пасвіўся панскі статак, поп не вытрываў урачыстасці: пачаў спяшацца, мармытаць, паглядаць на панскага быка: бык гэты бадучы, уходаў нядаўна пастушка. Паглядаў поп і на вартоўню каля царкоўнай агароджы: на ганку вартоўні стаяла кашолка, накрытая абрусам, а ў кашолцы ў той былі «папоўскія харчы»: сітныя пірагі, смажаная курыца, пляшка гарэлкі — тое, што належыць служкам за пахаванне, апроч грошай. І скоранька правёў поп зграмаджаны натоўп у царкоўныя вароты. Вецер развейваў тонкія русыя валасы, шыі тых, што неслі дамавіну, былі чырвоныя, нацёртыя ручнікамі, твары заклапочаныя. Больш жа за ўсіх стараўся здавацца заклапочаным Ягор, што ішоў з ручніком цераз плячо ў галавах дамавіны.
А ў царкве ўсе крыху спалохаліся. Прыціхлі — і чулася толькі шорганне, тупат: асцярожна апускалі дамавіну на дол. Вызваляючы з-пад расы мяккія, дрыготкія, маленькія рукі, раздаў поп кароткія, тонкія свечкі, раздрабняючы ярка і залаціста гаручы пук іх. І, раздаўшы, моцна і прывычна пачаў служэнне. І замільгалі складзеныя для малення пальцы, галовы, што ўзмахваліся і кланяліся. Моцна маліліся старыя жанчыны, падымаючы вочы да іканастаса. Блішчалі рассеяныя па натоўпе агеньчыкі, размахвалася, дыміла кадзіла. Кадзілі, абыходзячы вялікімі крокамі труну, кланяліся Аніссі, скоранька гаварылі на ўрачыстай мове, даўно забытай яе жабрацкай радзімай, нястройна і прытворна-пакорліва пелі, выказваючы замілаванне, што роўная яна цяпер царам і ўладарам, выказваючы надзею, што супакоіцца яна цяпер разам з духамі праведных. Але ўжо не чула Анісся гэтых суцяшэнняў. Ні крывінкі не было ў яе блакітнаватым твары. Заплюшчылася ліловае павека яе правага вока, запякліся, зліпліся і падсохлі тонкія губы. І ледзяны лоб яе ўжо быў увенчаны вянцом найвышэйшае славы — залачонаю паперкаю. І ў шыза-васковай, празрыстай руцэ яе, у пакурчаных пальцах, пад пазногцямі якіх кропкамі цямнела мёртвая кроў, панавала ўжо Сцішанасць...
Ягор, гледзячы ў труну, хрысціўся размашыста і часта. Ён іграў тую ролю, якую належала яму каля дамавіны мацеры. Ён моргаў, як бы гатовы заплакаць, кланяўся нізка, нахіляючы свечку, што капала, моцна заціснутая ў яго куксе. Але далёка былі думкі яго, і, як заўсёды, у два рады ішлі яны. Няясна думаў ён пра тое, што вось жыццё яго пераламалася — пачалося нейкае не такое, цяпер ужо зусім вольнае. Думаў і пра тое, як будзе ён абедаць на магіле — не спяшаючыся і з толкам...
Так і зрабіў ён, засыпаўшы матку зямлёю, еў і піў, пакуль мог. А пад вечар, тут жа, каля магілы, скакаў усім на пацеху, — нягегла выкручваў лапці, кідаў шапку на зямлю і хіхікаў, строіў дурня; напіўся так адчайна, што ледзь не сканаў. Піў ён і на другі дзень, і на трэці... Пасля зноў настала ў жыцці яго будзёншчына.
Гэтая будзёншчына была ўжо не тое, што раней. Пастарэў ён і паддаўся — за адзін месяц. І многа памагло таму адчуванне нейкай дзіўнай волі і адзіноты, што ўвайшло ў яго пасля смерці мацеры. Пакуль жывая была яна, маладзейшы здаваўся ён сам сабе, нечым яшчэ звязаны быў, некага меў за спінаю. Памерла маці — ён з Аніссінага сына стаў проста Ягорам. І зямля — уся зямля — нібы апусцела. І без слоў сказаў яму нехта: ну, дык як жа, га?
Ён не думаў пра гэтае пытанне — толькі адчуваў яго. І нічога асаблівага не заўважылі на твары яго тыя хлапчукі з Пажэні, з якімі начаваў ён на начлезе пад чацверты дзень жніўня, вёрстаў за тры ад Пажэні, каля адхону чыгункі. Ён толькі раптоўна прачнуўся на золаку і раптам сеў, пабляднеўшы.
— Што ты, дзядзька Ягор? — спалохана крыкнуў хлапчук, што ляжаў з ім поруч.
Ягор, бледны, слаба ўсміхнуўся.
— Так... нешта здалося, — прамармытаў ён. І зноў прылёг.
Было яшчэ рана. Ішоў туманны, перадвосеньскі дождж над апусцелымі палямі. Ягор ляжаў, прыкрыўшыся кажушкам, паліў і, кашляючы, паволі расказваў паразбуджваным хлапчукам, як ён, не баючыся ніякіх судоў, кінуў сваё месца, пайшоў з Ланскога. Расказваючы, ён да кожнага слова дадаваў мацернае слова. А расказаўшы, пачаў прыслухоўвацца да шуму таварнага, што прыбліжаўся, цягніка. Шум рос і набліжаўся ўсё больш грозна і паспешліва. Ягор спакойна слухаў. І раптам сарваўся з месца, ускочыў наверх, па адхоне, ускінуўшы пашарпаны кажушак на галаву, і плячом ткнуўся пад грамаду цягніка. Паравоз штурхнуў яго лёгенька ў шчаку. І Ягор крутнуўся, галавою паляцеў на насып, а нагамі на рэйкі. І, калі скаланаючы зямлю, аглушаючы, пранёсся цягнік, убачылі хлапчукі, што тузаецца, курчыцца поруч з рэйкамі нешта страшэннае. У пяску курчылася тое, што было за імгненне перад тым Ягорам, курчылася, паліваючы пясок крывёю, падкідаючы ўгору дзве тоўстыя куксы — дзве нагі, што наводзілі жах сваёю кароткасцю. Дзве другія нагі, ублытаныя акрываўленымі анучамі, у лапцях, ляжалі на шпалах. А па пустым, восеньскім полі, у тумане дробнага дажджу, ужо трывожна крычаў на вецер, да наступнае будкі медзяны ражок вартавога...
Читать дальше