Вось гэтак па-рознаму скончылі свае дні гаспадар і гаспадыня «вясёлага» двара ў Пажэні.
Капры, 12.1911
Гэтую невялікую гісторыю расказаў рымар Цвыркун, які ўвесь лістапад працаваў разам з другім рымарам, Васілём, у пана Рэмера.
Лістапад стаяў цёмны і гразкі, зіма ўсё не ўсталёўвалася. Рэмеру з яго маладою жонкаю, якія нядаўна пасяліліся ў дзедавай сядзібе, было нудна, і вось яны пачалі хадзіць вечарамі з свайго яшчэ забітага дома, дзе толькі ўнізе, пад калонамі, быў адзін больш-менш людскі жылы пакой, у стары флігель, у скасаваную кантору, дзе зімавала птаства і мясціліся рымары, работнік і кухарка.
Увечары пад Увядзенне круціла непраглядная мокрая завіруха. У прасторнай і нізкай канторы, некалі беленай мелам, было вельмі цёпла і сыра, моцна смярдзела махоркаю, бляшанаю лямпаю, што гарэла на варштаце, шавецкім варам, палітураю і мятнаю кіслінёю шкуры, кавалкі і абрэзкі якой, разам з інструментамі, новаю і старою збруяю, хамуцінаю, потнікамі, дратваю і медным наборам навалены былі і на варштаку і на затаптанай, засмечанай падлозе. Смярдзела і птушкаю з цёмнае прыбудоўкі, але Цвыркун і Васіль, якія начавалі ў гэтым смуродзе і кожны дзень гадзін да дзесяці сядзелі ў ёй з сагнутымі спінамі, былі, як заўсёды, вельмі давольныя сваім памяшканнем, асабліва тым, што Рэмер не шкадуе паліва. З вузенькіх падаконнікаў капала, на чорных шыбах пабліскваў і рэзка бялеў ліпучы мокры снег. Рымары старанна працавалі, кухарка, невялікая жанчына ў кажушку і ў мужыцкіх ботах, намёрзшыся за дзень, адпачывала на прадраным крэсле каля гарачае печы. Яна грэла спіну і, не зводзячы воч з лямпкі, слухала гудзенне ветру, які калаціў часамі ўвесь флігель, пастукванне па хамуце, які рабіў Васіль, і старэча-дзіцячае дыханне лысага Цвыркуна, які корпаўся над паўшорамі і ў цяжкаватыя хвіліны варушыў чырвоным кончыкам языка.
Лямпачка, аблітая газаю, стаяла на самым краі варштата і якраз пасярэдзіне работы, каб відней было абодвум, але Васіль раз-пораз падсоўваў яе да сябе сваёю здароваю, жылістаю, смугляваю рукою, закасанаю па локаць. Сіла, упэўненасць у сіле адчуваліся ва ўсёй паставе гэтага чорнавалосага чалавека, падобнага на малайца, — у кожнай выпукліне яго мускулістага цела, што выдавалася пад тонкаю, нібы сатлелаю кашуляю, некалі чырвонаю, і заўсёды здавалася, што Цвыркун, маленькі і, нягледзячы на вонкавую бадзёрасць, увесь разбіты, як усе дваровыя людзі, пабойваецца Васіля, каторы ніколі нікога не баяўся. Здавалася гэта і самому Васілю, што ўзяў сабе ў моду, як бы жартам, на пацеху другім, пакрыкваць на Цвыркуна, які нават памагаў яму ў гэтым жарце.
Васіль, трымаючы паміж каленямі, прыкрытымі зашмальцованым фартухом, новы хамут, абцягваў яго цёмна-ліловаю тоўстаю скураю, адною рукою моцна забіраючы яе і туга напінаючы на дрэва клешчамі, а другою вымаючы са сціснутых губ цвікі з медзянымі плешкамі, утыкаючы іх у наколы, загадзя зробленыя шылам, і пасля з аднаго маху спрытна і моцна заганяючы малатком. Ён нізка нагнуў сваю вялікую галаву ў чорных, вільготна-кучаравых валасах, перахопленых рамяньком, і працаваў з той прыемнай, ёмкай напружанасцю, якая даецца толькі добра развітаю сілаю, талентам. Напружана працаваў і Цвыркун, але напружанасць гэтая была іншага парадку. Ён прашываў канцом новыя, ружова-цялеснага колеру паўшоры, таксама ўзяўшы іх у калені, і ледзьве-ледзьве наколваў, ледзьве-ледзьве, варушачы языком і прымайстроўваючы на святло лысую галаву, пападаў шчацінаю ў дзірачкі, хоць разводзіў у розныя бакі і замацоўваў канец нават з нейкім форсам старога, напрактыкаванага майстра.
Нахілены над хамутом Васілёў твар, шырокі, з добра віднымі пад масляністаю жоўта-смугляваю скураю касцямі, з рэдкімі і цвёрдымі чорнымі валасамі над куткамі губ, быў строгі, нахмураны і важны. А па нахіленым над паўшорамі Цвыркуновым твары відно было толькі тое, што яму цёмна і цяжка. Ён быў роўна ўдвая старэйшы за Васіля і ледзь не ўдвая меншы ростам. Ці ён сядзеў, ці ўставаў, розніца была невялікая, — да таго кароткія былі яго ногі, абутыя ў патоптаныя, што сталі ад старасці мяккія, боты. Хадзіў ён — таксама ад старасці і ад кілы — няёмка, сагнуўшыся, так што адставаў фартух і відзён быў глыбока правалены жывот, слаба, па-дзіцячы падперазаны. Па-дзіцячы цёмныя былі яго чорныя вочкі, падобныя на маслінкі, а твар меў крыху хітраваты, насмешлівы выгляд: ніжнія сківіцы ў Цвыркуна выдаваліся, а верхняя губа, на якой заўсёды цямнела трошкі мокрых рэдкіх валасінак, западала. Замест «таран» гаварыў ён «таан», замест «было» — «быво» і часта ўсхліпваў, падціраючы вялікаю халоднаю рукою, суставамі ўказальнага пальца, свой навіслы носік, на канцы якога ўсё трымалася светлая кропелька. Пахла ад яго махоркаю, скураю і яшчэ нечым вострым, як ад усіх старых.
Читать дальше