— Мы замест справы разводзім нейкую меладэкламацыю, — сказаў Мікалай Мікалаевіч, насоўваючы капялюш. — Пытанне вельмі кароткае: вам прапануюць адно з двух: або вы адмаўляецеся ў далейшым назаляць княгіні Веры Мікалаеўне, або, калі на гэта вы не дасце згоды, мы прымем захады, якія нам дазволяць наша становішча, знаёмства і гэтак далей.
Але Жаўткоў нават не паглядзеў на яго, хоць і чуў яго словы. Ён звярнуўся да князя Васіля Львовіча і спытаў:
— Вы дазваляеце мне пакінуць вас на дзесяць хвілін? Я ад вас не ўтаю, што пайду гаварыць па тэлефоне з княгіняй Верай Мікалаеўнай. Даю слова гонару, усё, што можна будзе вам перадаць, я перадам.
— Ідзіце, — сказаў Шэін.
Калі Васіль Львовіч і Туганоўскі засталіся ўдвух, дык Мікалай Мікалаевіч адразу накінуўся на свайго швагра.
— Так нельга, — крычаў ён, робячы выгляд, што кідае праваю рукою ад грудзей на зямлю нейкую нябачную рэч. — Так рашуча нельга. Я цябе папярэджваў, што ўсю дзелавую частку размовы я бяру на сябе. А ты раскіснуў і дазволіў яму расказваць нам пра свае пачуцці. Я зрабіў бы гэта ў двух словах.
— Пачакай, — сказаў князь Васіль Львовіч, — зараз усё стане на сваё месца. Галоўнае, гэта тое, што я бачу яго твар, і я адчуваю, што гэты чалавек не можа хлусіць і ашукваць заведама. І сапраўды, падумай, Мікола, хіба ён вінаваты, хіба можна справіцца з такім пачуццём, як каханне, — пачуццём, якое да гэтага часу яшчэ не знайшло сабе тлумача. — Счакаўшы хвіліну, князь сказаў: — Мне шкада гэтага чалавека. І мне не толькі шкада, я вось адчуваю, што прысутнічаю пры нейкай вялікай трагедыі душы, і я не магу тут крыўляцца.
— Гэта дэкадэнцтва, — сказаў Мікалай Мікалаевіч.
Праз дзесяць хвілін Жаўткоў вярнуўся. Вочы ў яго гарэлі і былі глыбокія, нібы поўныя непралітых слёз. І відаць было, што ён зусім забыў пра свецкую прыстойнасць, пра тое, каму і дзе трэба сядзець, і перастаў трымаць сябе па-джэнтльменску. І зноў з хваравітай, нервовай чуласцю гэта зразумеў князь Шэін.
— Я гатовы, — сказаў ён, — і заўтра вы пра мяне нічога не пачуеце. Я нібыта памёр для вас. Але адна ўмова, — гэта я вам кажу, князь Васіль Львовіч, — бачыце, я растраціў казённыя грошы, і мне ўсё роўна трэба з гэтага горада ўцякаць. Вы дазволіце мне напісаць яшчэ апошняе пісьмо княгіні Веры Мікалаеўне?
— Не. Калі скончыў, дык скончыў. Ніякіх пісем, — закрычаў Мікалай Мікалаевіч.
— Добра, пішыце, — сказаў Шэін.
— Вось і ўсё, — вымавіў Жаўткоў, ганарліва ўсміхаючыся. — Вы пра мяне больш не пачуеце і, вядома, больш ніколі мяне не ўбачыце. Княгіня Вера Мікалаеўна зусім не хацела са мною гаварыць. Калі я ў яе спытаў, ці можна мне застацца ў горадзе, каб хоць зрэдку яе бачыць, вядома, не паказваючыся ёй на вочы, яна адказала: «Ах, каб вы ведалі, як мне абрыдла ўся гэтая гісторыя. Калі ласка, спыніце яе як мага хутчэй». І вось я спыняю ўсю гэту гісторыю. Здаецца, я зрабіў усё, што мог?
Увечары Васіль Львовіч прыехаў на дачу і перадаў жонцы вельмі дакладна ўсе падрабязнасці спаткання з Жаўтковым.
Ён быццам бы адчуваў сябе абавязаным зрабіць гэта.
Вера хоць і была ўстрывожана, але не здзівілася і не збянтэжылася. Уночы, калі муж прыйшоў да яе ў пасцель, яна раптам сказала яму, павярнуўшыся да сцяны:
— Пакінь мяне, — я ведаю, што гэты чалавек заб'е сябе.
Княгіня Вера Мікалаеўна ніколі не чытала газет, таму што, па-першае, яны ёй пэцкалі рукі, а па-другое, яна ніколі не магла разабрацца ў той мове, на якой цяпер пішуць.
Аднак лёс прымусіў яе разгарнуць якраз тую старонку і наткнуцца на той слупок, дзе было надрукавана:
«Загадкавая смерць. Учора ўвечары, каля сямі гадзін, скончыў жыццё самагубствам чыноўнік кантрольнай палаты Г.С.Жаўткоў. Мяркуючы па дадзеных следства, смерць нябожчыка здарылася з прычыны растраты казённых грошай. Так, ва ўсякім разе, самагубец піша ў сваім пісьме. У сувязі з тым, што паказаннямі сведак устаноўлена ў гэтым акце яго асабістая воля, вырашана не адпраўляць труп у анатамічны тэатр».
Вера разважала сама з сабою:
«Чаму я гэта прадчувала? Менавіта гэты трагічны зыход? І што гэта было: каханне або вар'яцтва?»
Увесь дзень яна хадзіла па кветніку і па садзе. Неспакой, які з хвіліны на хвіліну апаноўваў яе ўсё больш, здавалася, не даваў ёй сядзець на месцы. І ўсе яе думкі былі прыкаваны да таго невядомага чалавека, якога яна ніколі не бачыла і наўрад ці калі-небудзь убачыць, да гэтага смешнага Пэ Пэ Жэ.
«Хто яго ведае, магчыма, твой жыццёвы шлях перасекла сапраўднае самаахвярнае, шчырае каханне», — успомніліся ёй словы Аносава.
Читать дальше