— Ах, які жах! — усклікнула Вера.
— Давялося прапаршчыку пакінуць службу. Таварышы сабралі яму такія-сякія грошы на ад'езд. Заставацца ж у горадзе яму не было як: жывы дакор перад вачамі і ёй і ўсяму палку. І загінуў чалавек... самым ганебным чынам... зрабіўся жабраком... замёрз недзе на прыстані ў Пецярбурзе...
А другі выпадак быў яшчэ больш жаласны. І такая самая жанчына была, як і першая, толькі маладая і прыгожая. І вельмі ж яна сябе блага паводзіла. На што ўжо мы лёгка глядзелі на гэтыя дамашнія раманы, але нават і нас абурала. А муж — нічога. Усё ведаў, усё бачыў і маўчаў. Сябры намякалі яму, а ён толькі рукамі махаў: «Пакіньце, пакіньце... Не мая справа, не мая справа... Няхай толькі Леначка будзе шчаслівая!..» Такі ёлупень!
Пад канец яна моцна-моцна сышлася з паручнікам Вішняковым, субалтэрнам з іхняй роты. Так утраіх і жылі ў двухмужным шлюбе — нібыта гэта самы законны від сямейнага жыцця. А тут наш полк паслалі на вайну. Нашы дамы праводзілі нас, праводзіла і яна, і, далібог, нават глядзець было сорамна: хоць бы для выгляду зірнула раз на мужа, — не, павісла на сваім паручніку, як чорт на сухой вярбе, і не адыходзіць. На развітанне, калі мы ўжо селі ў вагоны і цягнік крануўся, дык яна яшчэ мужу ўслед, бессаромная, крыкнула: «Памятай жа, беражы Валодзю! Калі што-небудзь з ім здарыцца — пакіну дом і ніколі не вярнуся. І дзяцей забяру».
— Ты, можа, думаеш, што гэты капітан быў якая-небудзь ануча? цюхцяй? страказіная душа? Зусім не. Ён быў храбры салдат. Пад Зялёнымі гарамі ён шэсць разоў вадзіў сваю роту на турэцкі рэдут, і ў яго з двухсот чалавек засталося чатырнаццаць. Двойчы паранены — ён адмовіўся ісці на перавязачны пункт. Вось які ён быў. Салдаты за яго богу маліліся.
Але яна загадала... Яго Леначка яму загадала! І ён аберагаў гэтага баязліўца і лайдака Вішнякова, даглядаў гэтага трутня безмядовага, — як нянька, як маці. На начлегах пад дажджом, у гразі, ён укрываў яго сваім шынялём. Хадзіў замест яго на сапёрныя работы, а той вылежваўся ў зямлянцы або гуляў у штос. Па начах правяраў за яго вартавыя пасты. А гэта, заўваж, Верачка, было ў той час, калі башыбузукі выразалі нашы пікеты гэтак жа проста, як яраслаўская баба на гародзе зразае капусныя качаны. Далібог, хоць і грэх успамінаць, але ўсе ўзрадаваліся, калі паведамілі, што Вішнякоў сканаў у шпіталі ад тыфусу...
— Ну, а жанчын, дзядуля, жанчын вы сустракалі, якія кахалі?
— О, вядома, Верачка. Я нават болей скажу: я ўпэўнены, што амаль кожная закаханая жанчына здольная ў каханні на самы высокі гераізм. Зразумей, яна цалуе, абдымае, аддаецца — і яна ўжо маці. Для яе, калі яна кахае, каханне змяшчае ўвесь сэнс жыцця — увесь сусвет! Але зусім не яна вінавата ў тым, што каханне ў людзей набыло такія агідныя формы і проста саступіла месца нейкім жыццёвым выгодам, маленькім уцехам. Вінаваты мужчыны, якія ў дваццаць год ужо ўсім нацешыліся, мужчыны з куранячымі целамі і заечымі душамі, няздатныя да моцных жаданняў, да гераічных учынкаў, да пяшчоты і сапраўднага кахання. Кажуць, што раней усё гэта было. А калі і не было, дык хіба не марылі і не тужылі аб гэтым лепшыя галовы і душы чалавецтва — паэты, раманісты, музыканты, мастакі? Я днямі чытаў гісторыю Машанькі Ляско і кавалера дэ Грые... Паверыш, слязьмі заліваўся... Ну скажы, мая любая, па шчырасці, хіба кожная жанчына ў глыбіні свайго сэрца не марыць аб такім каханні — адзіным, на ўсё гатовым, сціплым і самаахвярным?
— О, вядома, вядома, дзядуля...
— А калі яго няма, жанчыны помсцяць. Пройдзе яшчэ год трыццаць... я не пабачу, а ты, можа, пабачыш, Верачка. Успомніш маё слова, што год праз трыццаць жанчыны будуць мець нечуваную ўладу ў свеце. Яны будуць апранацца, як індыйскія ідалы. Яны будуць зневажаць нас, мужчын, як нікчэмных, баязлівых рабоў. Іх шалёныя дзівацтвы і капрызы стануць для нас пакутлівымі законамі. І ўсё таму, што мы цэлымі пакаленнямі не ўмелі схіляцца перад каханнем і шанаваць яго. Гэта будзе помста. Ведаеш закон: сіла дзеяння роўна сіле процідзеяння.
Крыху счакаўшы, ён раптам спытаў:
— Скажы мне, Верачка, калі толькі табе не цяжка, што гэта за гісторыя з тэлеграфістам, пра якога расказваў сёння князь Васіль? Што тут праўда і што выдумка па яго звычаі?
— Хіба вам гэта цікава, дзядуля?
— Як хочаш, як хочаш, Вера. Калі табе непрыемна...
— Ды зусім не. Я з ахвотаю раскажу.
І яна расказала каменданту з усімі падрабязнасцямі пра нейкага дзівака, які пачаў даймаць яе сваім каханнем яшчэ за два гады да яе замужжа.
Читать дальше