— Та-ак... Восень, восень, восень, — гаварыў стары, пазіраючы на агонь свечкі і задумліва ківаючы галавой. — Восень. Вось і мне пара ўжо збірацца. Ах, шкада як! Толькі насталі пагодныя дзянёчкі. Тут бы жыць ды жыць на беразе мора, у цішыні, спакойна...
— І няхай бы пажылі ў нас, дзядуля, — сказала Вера.
— Нельга, любая, нельга. Служба... Адпачынак скончыўся... А што і казаць, добра было б! Ты паглядзі толькі, як ружы пахнуць... Адсюль чую. А ўлетку, у спёку, ні адна кветка не пахла, толькі белая акацыя... ды і тая цукеркамі.
Вера выняла з вазачкі дзве маленькія ружы, ружовую і кармінавую, і прасунула ў пятліцу генеральскага паліто.
— Дзякуй, Верачка. — Аносаў нагнуў галаву да шыняля, панюхаў кветкі і раптам усміхнуўся цёплай старэчай усмешкай.
— Прыйшлі мы, памятаю я, у Букарэст і размясціліся па кватэрах. Вось неяк іду я па вуліцы. Раптам павеяла на мяне моцным ружовым пахам, я спыніўся і ўбачыў, што паміж двух салдат стаіць шыкоўны крыштальны флакон з ружавым маслам. Яны змазалі ўжо ім боты, а таксама замкі ў стрэльбах. «Што гэта ў вас?» — пытаю. «Нейкае масла, ваша высокаблагароддзе, клалі яго ў кашу, але нікуды не вартае, так і дзярэ ў роце, а пахне яно добра». Я даў ім рубель, і яны ахвотна аддалі мне яго. Масла ўжо заставалася не больш паловы, але, мяркуючы па кошце, яго было яшчэ не меней як на дваццаць чырвонцаў. Салдаты, здаволена ўсміхнуўшыся, дадалі: «Ды вось яшчэ, ваша высокаблагароддзе, нейкі турэцкі гарох, колькі яго ні гатавалі, а ўсё не паддаецца, пракляты». Гэта была кава; я сказаў ім: «Гэта любяць толькі туркі, а салдатам не ідзе». На шчасце, опіуму яны не наеліся. У некаторых мясцінах я бачыў яго таблеткі, затаптаныя ў гразі.
— Дзядуля, скажыце шчыра, — папрасіла Ганна, — скажыце, перажывалі вы страх у часе бітваў? Баяліся?
— Гэта неяк дзіўна, Ганначка, баяўся — не баяўся. Вядомая справа — баяўся. Ты, калі ласка, не давай веры таму, хто табе скажа, што не баяўся і што посвіст куль для яго самая салодкая музыка. Гэта або псіх, або самахвал. Усе аднолькава баяцца. Толькі адзін увесь ад страху раскісне, а другі трымае сябе ў руках. І бачыш: страх заўсёды адзін і той жа, а ўменне трымаць сябе прыходзіць з практыкай: адсюль і героі і смелыя. Вось яно як. Але адзін раз я ледзь не памёр ад страху.
— Раскажыце, дзядуля, — папрасілі ў адзін голас сёстры.
Яны да гэтае пары слухалі Аносава з тым жа самым захапленнем, як і ў гады свайго маленства. Ганна нават міжвольна, зусім па-дзіцячаму, расставіла локці на стале і паклала падбародак на складзеныя пяткі далоняў. Была нейкая ўтульная чароўнасць у яго павольным і наіўным расказе. І самі моўныя звароты, пры дапамозе якіх ён перадаваў свае ваенныя ўспаміны, набывалі ў яго якісьці дзіўны, няўклюдны, крыху кніжны характар. Быццам ён расказваў па нейкім мілым старасвецкім стэрэатыпе.
— Расказ вельмі кароткі, — сказаў Аносаў. — Гэта было на Шыпцы, узімку, пасля таго як мяне ўжо кантузілі ў галаву. Жылі мы ў зямлянцы, учатырох. Вось тут і здарылася са мною страшэнная прыгода. Аднойчы раніцаю, калі я ўстаў з пасцелі, мне ўявілася, што я не Якаў, а Мікалай, і ніяк я не мог пераканаць сябе ў адваротным. Я адчуў, што пачынаю вар'яцець, і закрычаў, каб мне далі вады, намачыў галаву, і да мяне зноў вярнуўся розум.
— Уяўляю, Якаў Міхайлавіч, колькі вы там перамог атрымалі над жанчынамі, — сказала піяністка Жэні Рэйтар. — Вы, мусіць, у маладосці вельмі прыгожыя былі.
— О, наш дзядуля і цяпер прыгажун! — усклікнула Ганна.
— Прыгажуном не быў, — спакойна ўсміхаючыся, зазначыў Аносаў. — Але і мной не грэбавалі. Вось у тым самым Букарэсце быў вельмі зварушлівы выпадак. Калі мы ў яго ўступілі, дык жыхары сустрэлі нас на гарадской плошчы гарматнаю стралянінаю, ад чаго пацярпела нямала шыбаў; тыя ж вокны, на якіх была пастаўлена ў шклянках вада, — засталіся цэлыя. А як я пра гэта даведаўся? А вось як. Калі я прыйшоў на адведзеную мне кватэру, дык убачыў нізенькую клетку, якая стаяла на акне, на клетцы была вялікіх памераў крыштальная бутэлька з празрыстаю вадою, у якой плавалі залатыя рыбкі, і паміж імі сядзела на жэрдачцы канарэйка. Канарэйка ў вадзе! — гэта мяне здзівіла, але, прыгледзеўшыся, я ўбачыў, што ў бутэльцы дно шырокае і ўціснута яно глыбока ўсярэдзіну, таму канарэйка лёгка магла залятаць туды і сядзець. Пасля гэтага прызнаўся сам сабе, што я вельмі нездагадлівы.
Зайшоў я ў дом і бачу надзвычай прыгожую балгарачку. Я паказаў ёй квітанцыю на пастой і ўжо дарэчы спытаў, чаму ў іх цэлыя шыбы пасля кананады, і яна мне растлумачыла, што гэта ад вады. А таксама растлумачыла і пра канарэйку: які ж я быў нездагадлівы!.. І вось у часе размовы позіркі нашы сустрэліся, паміж намі прабегла іскра, падобная да электрычнай, і я адчуў, што закахаўся адразу — горача і беспаваротна.
Читать дальше