Селі за покер і на гэты раз. Вера, якая не прымала ўдзелу ў гульні, хацела выйсці на тэрасу, дзе накрывалі да гарбаты, але раптам яе з нейкім таямнічым выглядам выклікала з гасцінай пакаёўка.
— Чаго ты, Даша? — нездаволена спытала княгіня Вера, праходзячы ў свой маленькі кабінет, побач са спальняю. — Што ў вас за недарэчны выгляд? І што гэта вы круціце ў руках?
Даша паклала на стол невялічкую квадратную рэч, акуратна загорнутую ў белую паперу і старанна перавязаную ружовай стужкай.
— Я, дальбог, не вінавата, ваша сіяцельства, — залапатала яна, загарэўшыся румянцам ад крыўды. — Ён прыйшоў і сказаў...
— Хто такі — ён?
— Чырвоная шапка, ваша сіяцельства... пасыльны.
— Ну і што?
— Прыйшоў на кухню і паклаў вось гэта на стол. «Перадайце, кажа, вашай пані. Але толькі, кажа, у іхнія ўласныя рукі». Я пытаю: ад каго? А ён кажа: «Тут усё пазначана». І з тымі словамі пабег.
— Ідзіце даганіце яго.
— Ніяк не дагоніш, ваша сіяцельства. Ён прыходзіў у сярэдзіне абеду, я толькі вас не адважылася патурбаваць, ваша сіяцельства. Паўгадзіны часу будзе.
— Ну добра, ідзіце.
Яна разрэзала нажніцамі стужку і кінула ў кошык разам з папераю, на якой быў напісаны яе адрас. Пад папераю аказаўся невялічкі ювелірны футарал з чырвонага плюшу, відаць, толькі што з крамы. Вера падняла вечка, падшытае светла-блакітным шоўкам, і ўбачыла ўціснуты ў чорны аксаміт авальны залаты бранзалет, а ў сярэдзіне яго акуратна складзеную прыгожым васьмікутнікам запіску. Яна хуценька разгарнула паперку.
Почырк здаўся ёй знаёмы, але, як сапраўдная жанчына, яна адразу адклала запіску ўбок, каб паглядзець на бранзалет.
Ён быў залаты, нізкапробны, вельмі тоўсты, але дзьмуты і са знешняга боку ўвесь як ёсць пакрыты невялічкімі старадаўнімі, дрэнна адшліфаванымі гранатамі. Але затое пасярэдзіне бранзалета ўзвышаліся, акружаючы нейкі дзіўны маленькі зялёны каменьчык, пяць цудоўных гранатаў-кабашонаў, кожны велічынёю з гарошыну. Калі Вера выпадковым рухам удала павярнула бранзалет перад агнём электрычнай лямпачкі, дык у іх, глыбока пад гладкай яйкападобнай паверхняй, раптам загарэліся чароўныя густа-чырвоныя жывыя агеньчыкі.
«Нібы кроў!» — падумала з нечаканай трывогай Вера.
Потым яна ўспомніла пра пісьмо і разгарнула яго. Яна прачытала наступныя радкі, напісаныя дробна, прыгожым каліграфічным почыркам:
«Ваша Сіяцельства,
Глыбокапаважаная Княгіня
Вера Мікалаеўна!
Пачціва віншуючы Вас са светлым і радасным днём Вашага Анёла, я асмельваюся паслаць Вам мой сціплы вернападданы падарунак».
«Ах, гэта — той!» — нездаволена падумала Вера. Але дачытала пісьмо...
«Я ніколі не дазволіў бы сабе паднесці Вам што-небудзь, выбранае мною асабіста: для гэтага ў мяне няма ні права, ні тонкага густу і — прызнаюся — ні грошай. Зрэшты, думаю, што і на ўсім свеце не знайсці скарбу, які быў бы варты таго, каб упрыгожыць Вас.
Але гэты бранзалет належаў яшчэ маёй прабабцы, а апошняя, па часе, яго насіла мая нябожчыца матуля. Сярод вялікіх каменняў Вы ўбачыце адзін зялёны. Гэта надзвычай рэдкі гатунак гранату — зялёны гранат. Па старым паданні, якое захавалася ў нашай сям'і, ён мае ўласцівасць надзяляць дарам прадбачання жанчын, якія яго носяць, і адганяе ад іх цяжкія думкі, мужчын жа ахоўвае ад гвалтоўнай смерці.
Усе камяні з дакладнасцю перанесены сюды са старога сярэбранага бранзалета, і вы можаце быць упэўнены, што да вас ніхто яшчэ гэтага бранзалета не насіў.
Вы можаце зараз жа выкінуць гэтую смешную цацку або падарыць яе каму-небудзь, але я буду шчаслівы і тым, што да яе дакраналіся Вашы рукі.
Малю Вас не гневацца на мяне. Я чырванею, калі ўспамінаю пра маю дзёрзкасць сем гадоў таму назад, калі Вам, паненцы, я асмельваўся пісаць недарэчныя і дзікія пісьмы і нават чакаць адказу на іх. Цяпер у мяне асталася толькі глыбокая пашана, вечнае пакланенне і рабская адданасць. Я ўмею цяпер толькі штохвілінна жадаць Вам шчасця і радавацца, калі Вы шчаслівыя. Я ў думках схіляюся да зямлі перад мэбляю, на якой Вы сядзіце, паркету, па якім вы ходзіце, дрэвам, да якіх Вы мімаходзь дакранаецеся, чэлядзі, з якою Вы размаўляеце. У мяне няма нават зайздрасці ні к людзям, ні к рэчам.
Яшчэ раз прашу прабачэння, што патрывожыў Вас доўгім, непатрэбным пісьмом.
Ваш да смерці і пасля смерці пакорны слуга
Г.С.Ж.».
«Паказаць Васю ці не паказаць? І калі паказаць — дык калі? Цяпер ці пасля гасцей? Не, ужо лепей пасля — зараз не толькі гэты няшчасны будзе смешным, але і я разам з ім».
Читать дальше