У г. К. ён і зблізіўся з сям'ёю Туганоўскіх і так моцна прывязаўся да дзяцей, што для яго стала духоўнаю патрэбаю бачыць іх кожны вечар. Калі выпадала, што паненкі выязджалі куды-небудзь або служба затрымлівала самаго генерала, дык ён шчыра сумаваў і не знаходзіў сабе месца ў вялікіх пакоях каменданцкага дома. Кожнае лета ён браў адпачынак і праводзіў цэлы месяц у маёнтку Туганоўскіх — Ягораўскім, які знаходзіўся ад К. за пяцьдзесят вёрст.
Ён усю сваю прыхаваную пяшчотнасць душы і патрэбу ў сардэчнай любві перанёс на гэтую дзятву, асабліва на дзяўчынак. Сам ён быў калісьці жанаты, але так даўно, што нават забыў пра гэта. Яшчэ да вайны жонка збегла ад яго з праезджым акцёрам, зачараваная яго аксамітавай курткай і карункавымі манжэтамі. Генерал пасылаў ёй пенсію да самай яе смерці, але ў дом да сябе не пусціў, нягледзячы на сцэны раскаяння і слёзныя пісьмы. Дзяцей у іх не было.
Проці ўсякіх спадзяванняў вечар быў такі ціхі і цёплы, што свечы на тэрасе і ў сталовай гарэлі нерухомымі агеньчыкамі. За абедам усіх весяліў князь Васіль Львовіч. У яго была незвычайная і вельмі своеасаблівая здольнасць расказваць. Ён браў за аснову апавядання сапраўдны эпізод, дзе галоўнай дзеючай асобай быў хто-небудзь з прысутных або агульных знаёмых, але так згушчаў фарбы і, апрача таго, гаварыў з такім сур'ёзным выглядам і такім дзелавым тонам, што слухачы надрываліся ад смеху. Сёння ён расказваў пра няўдалую жаніцьбу Мікалая Мікалаевіча з адной багатай і прыгожай дамай. У аснове было толькі тое, што муж дамы не хацеў даваць ёй разводу. Але ў князя праўда цудоўна перапляталася з выдумкаю. Сур'ёзнага, заўсёды крыху чапурыстага Мікалая ён прымусіў уночы бегчы па вуліцы ў адных панчохах, з чаравікамі пад пахаю. Дзесьці на рагу маладога чалавека затрымаў гарадавы, і толькі пасля доўгага і бурнага тлумачэння Мікалаю ўдалося давесці, што ён таварыш пракурора, а не начны рабаўнік. Вяселле, па словах расказчыка, ледзь было не згулялі, але ў самую крытычную хвіліну шалёная зграя лжэсведак, якія прымалі ўдзел у справе, раптам забаставала, патрабуючы надбаўкі да заработнай платы. Мікалай праз скупасць (ён і на самай справе быў даволі скупы), а таксама будучы прынцыповым праціўнікам стачак і забастовак, катэгарычна адмовіўся плаціць лішняе, спасылаючыся на канкрэтны артыкул закона, пацверджаны думкаю касацыйнага дэпартамента. Тады раззлаваныя лжэсведкі на вядомае пытанне: «Ці не ведае хто з прысутных прычын, якія перашкаджаюць афармленню шлюбу?» — хорам адказалі: «Так, ведаем. Усё, што мы гаварылі ў судзе пад прысягаю — суцэльная мана, да якой нас вымусіў пагрозамі і гвалтам пан пракурор. А пра мужа гэтай дамы мы, як дасведчаныя асобы, можам сказаць толькі, што гэта самы паважаны чалавек на свеце, нявінны, як Іосіф, і ангельскай дабрыні».
Натрапіўшы на ніць шлюбных гісторый, князь Васіль не пашкадаваў Густава Іванавіча Фрыесэ, мужа Ганны, і расказаў, што ён на другі дзень пасля вяселля з'явіўся патрабаваць пры дапамозе паліцыі высялення маладой з бацькоўскага дома, бо яна не мела асобнага пашпарта, і пасялення яе на месца пражывання законнага мужа. Дакладнае ў гэтым анекдоце было толькі тое, што ў першыя дні замужжа Ганна павінна была неадлучна знаходзіцца каля хворай маці, бо Вера спешна паехала к сабе на поўдзень, а бедны Густаў Іванавіч увесь час сумаваў і маркоціўся.
Усе смяяліся. Усміхалася і Ганна сваімі прыжмуранымі вачмі. Густаў Іванавіч рагатаў гучна і з захапленнем, і яго хударлявы, гладка абцягнуты скураю твар, з прылізанымі рэдкімі светлымі валасамі, з запалымі вачмі, нагадваў чэрап, які выскаляў агідныя зубы. Ён да гэтага часу любіў Ганну, як і ў першы дзень жаніцьбы, заўсёды стараўся сесці каля яе, непрыкметна дакрануцца да яе і дагаджаў ёй з такім замілаваннем і самаздаволенасцю, што часта рабілася за яго няёмка.
Перад тым як устаць з-за стала, Вера Мікалаеўна міжвольна пералічыла гасцей. Аказалася — трынаццаць. Яна верыла ў забабоны і падумала сама сабе: «Вось гэта нядобра! Як мне раней не прыйшло ў галаву палічыць? І Вася вінаваты — нічога не сказаў па тэлефоне».
Калі ў Шэіных ці ў Фрыесэ збіраліся блізкія знаёмыя, дык пасля абеду звычайна гулялі ў покер, таму што абедзве сястры да смешнага любілі азартныя гульні. У абодвух дамах нават выпрацаваліся з гэтае прычыны свае правілы: усім ігракам раздаваліся пароўну касцяныя жэтончыкі адпаведнай цаны, і гульня працягвалася да таго часу, пакуль усе касцяшкі не пераходзілі ў адны рукі — тады гульня на гэты вечар заканчвалася, як партнёры ні настойвалі гуляць далей. Браць з касы ў другі раз жэтоны строга забаранялася. Такія суровыя законы былі выведзены з практыкі, для ўціхамірвання княгіні Веры і Ганны Мікалаеўны, якія ў азарце не ведалі ніякага ўпынку. Агульны пройгрыш рэдка дасягаў ста — двухсот рублёў.
Читать дальше