— Дзякую за параўнанне, — засмяялася Вера, — не, я толькі думаю, што нам, жыхарам поўначы, ніколі не зразумець красы мора. Я люблю лес. Памятаеш лес у нас у Ягораўскім?.. Хіба ён можа калі надакучыць? Хвоі!.. А які мох!.. А мухаморы! Быццам з чырвонага атласу і вышыты белым бісерам. Цішыня такая... халадок.
— Мне ўсё роўна, я ўсё люблю, — адказала Ганна. — А больш за ўсё я люблю маю сястрычку, маю разважную Верачку. Мы ж толькі ўдзвюх на свеце.
Яна абняла старэйшую сястру і прытулілася да яе, шчака да шчакі. І раптам спахапілася.
— Не, якая ж я дурная! Мы з табою, акурат як у рамане, сядзім і гаворым аб прыродзе, а я зусім забылася на мой падарунак. Вось паглядзі. Я баюся толькі, ці спадабаецца?
Яна дастала са свайго ручнога мяшэчка маленькі нататнічак у дзівоснай вокладцы: на старым, пацёртым і пашарэлым ад часу сінім аксаміце віўся цьмяна-залаты філігранны ўзор рэдкай складанасці і прыгажосці — напэўна, з любасцю выкананы ўмелымі рукамі цярплівага мастака. Кніжачка была прымацавана да тоненькага, як нітка, залатога ланцужка, лісточкі ўсярэдзіне былі заменены таблеткамі са слановай косці.
— Якая цудоўная рэч! Краса! — сказала Вера і пацалавала сястру. — Дзякую табе. Дзе ты ўзяла такі скарб?
— У адной антыкварнай крамцы. Ты ж ведаеш маю слабасць капацца ў старым хламе. Вось я і наткнулася на гэты малітвеннік. Паглядзі, бачыш, як арнамент утварае тут фігуру крыжа. Праўда, я знайшла толькі адну вокладку, астатняе ўсё трэба было прыдумваць — лісточкі, засцежкі, аловак. Але Малінэ зусім не хацеў мяне зразумець, як я ні старалася растлумачыць. Засцежкі павінны былі быць у такім самым стылі, як і ўвесь узор, матавыя, старога золата, тонкай разьбы, а ён бог ведае што зрабіў. Затое ланцужок сапраўдны, венецыянскі, старажытны.
Вера ласкава пагладзіла цудоўную вокладку.
— Якая глыбокая даўніна... Колькі можа быць гэтай кніжачцы? — спытала яна.
— Я баюся сказаць дакладна. Прыблізна канец семнаццатага стагоддзя, сярэдзіна васемнаццатага.
— Як дзіўна, — сказала Вера з задуменнай усмешкай. — Вось я трымаю ў сваіх руках рэч, да якой, можа, дакраналіся рукі маркізы Пампадур або самой каралевы Антуанеты... Але ведаеш, Ганна, гэта толькі табе магла прыйсці ў галаву думка перарабіць малітвеннік у дамскі carnet [47] Нататнік (франц.).
. Аднак пойдзем паглядзім, што ў нас там робіцца.
Яны прайшлі ў дом цераз вялікую каменную тэрасу, з усіх бакоў закрытую густымі шпалерамі вінаграду ізабела. Чорныя пышныя гронкі, ад якіх струменіўся ледзь улоўны пах клубніц, цяжка звісалі паміж цёмнай, там-сям пазалочанай сонцам зеляніны. Па ўсёй тэрасе разлівалася зялёнае паўсвятло, ад якога жаночыя твары адразу пабялелі.
— Ты загадаеш тут накрываць? — спытала Ганна.
— Але, я сама так думала спачатку. Праўда, цяпер вечары такія халодныя. Ужо лепей у сталовай. А мужчыны няхай сюды ідуць паліць.
— Будзе хто-небудзь цікавы?
— Я яшчэ не ведаю. Ведаю толькі, што будзе наш дзядуля.
— Ах, дзядуля мілы! Вось дык радасць! — усклікнула Ганна і пляснула рукамі. — Я яго, здаецца, сто гадоў не бачыла.
— Будзе Васева сястра і, здаецца, прафесар Спешнікаў. Я ўчора, Ганначка, проста разгубілася. Ты ведаеш, што яны абодва любяць добра паесці — і дзядуля і прафесар. Але ні тут, ні ў горадзе — нічога не купіць ні за якія грошы. Лука знайшоў дзесьці перапёлак — заказаў знаёмаму паляўнічаму — і нешта мудруе над імі. Ростбіф дасталі параўнальна нядрэнны — але эх! — непазбежны ростбіф. Вельмі добрыя ракі.
— Ну што зробіш, не так ужо і блага. Ты не хвалюйся. А калі гаварыць шчыра, у цябе ў самой ёсць слабасць смачна паесці.
— Але будзе і тое-сёе з рэдкага. Сёння раніцою рыбак прынёс марскога пеўня. Я сама бачыла. Проста нейкая пачвара. Нават страшна.
Ганна, дужа цікавая да ўсяго, што яе тычылася і што не тычылася, адразу патрабавала, каб ёй прынеслі паказаць марскога пеўня.
Прыйшоў высокі, паголены, жаўтатвары кухар Лука з вялікай прадаўгаватай белай міскай, якую ён з намаганнем і асцярожна трымаў за вушкі, баючыся расплюхаць ваду на паркет.
— Дванаццаць з паловаю фунтаў, ваша сіяцельства, — сказаў ён з асобым кухарскім гонарам. — Мы надоечы ўзважвалі.
Рыба была задужа вялікая для міскі і ляжала на дне, закруціўшы хвост. Яе луска зіхацела золатам, плаўнікі былі ярка-чырвонага колеру, а ад вялізнай драпежлівай пысы адыходзілі ў бакі два светла-блакітныя, у складках, як веер, доўгія крылы. Марскі певень быў яшчэ жывы і ўзмоцнена працаваў шчэлепамі.
Читать дальше