Яна была замужам за вельмі багатым і вельмі дурным чалавекам, які рашуча нічога не рабіў, але лічыўся за нейкай дабрачыннай установай і меў званне камер-юнкера. Мужа яна цярпець не магла, але нарадзіла ад яго дваіх дзяцей — хлопчыка і дзяўчынку; болей яна вырашыла не мець дзяцей і не мела. Што тычыцца Веры — дык тая дужа хацела мець дзяцей, і нават ёй здавалася, чым больш, тым лепш, але чамусьці яны ў яе не нараджаліся, і яна хваравіта і горача любіла мілых малакроўных дзяцей малодшай сястры, заўсёды ціхіх і паслухмяных, з бледнымі мучністымі тварамі і льнянымі валасамі, як у лялек.
Ганна ўся была поўна вясёлай бязладнасці і мілых, іншы раз дзіўных супярэчнасцей. Яна ахвотна ішла на самы рызыкоўны флірт ва ўсіх сталіцах і на ўсіх курортах Эўропы, але ніколі не здраджвала мужу, якога, аднак, пагардліва высмейвала і ў вочы і за вочы; была марнатраўцам, страшэнна любіла азартныя гульні, танцы, моцныя ўражанні, вострыя відовішчы, наведвала за мяжою падазроныя кавярні, але ў той жа час вызначалася шчодрай дабрынёй і глыбокай, шчырай набожнасцю, якая вымусіла яе нават патаемна прыняць каталіцтва. У яе былі рэдкай прыгажосці спіна, грудзі і плечы. Ад'язджаючы на вялікія балі, яна агалялася значна больш, чым дазваляла прыстойнасць і мода, але казалі, што пад нізкім дэкальтэ ў яе заўсёды была надзета валасяніца.
Вера ж была строга простая, з усімі халодная і крыху пагардліва ветлівая, незалежная і велічна спакойная.
— Божа мой, як у вас тут хораша! Як хораша! — гаварыла Ганна, ідучы па дарожцы хуткім і дробным крокам побач з сястрою. — Калі можна, пасядзім крышку на лавачцы над кручаю. Я так даўно не бачыла мора. І якое цудоўнае паветра: дыхаеш — і сэрца радуецца. У Крыме, у Місхоры, летась я зрабіла незвычайнае адкрыццё. Ведаеш, чым пахне марская вада ў часе прыбою? Уяві сабе — рэзедою.
Вера ласкава ўсміхнулася:
— Ты фантазёрка.
— Не, не. Я памятаю, як аднойчы з мяне ўсе смяяліся, калі я сказала, што ў месячным святле ёсць нейкае ружовае адценне. А надоечы мастак Барыцкі — вось той, што піша мой партрэт, — згадзіўся, што я праўду сказала і што мастакі пра гэта даўно ведаюць.
— Мастак — тваё новае захапленне?
— Ты заўсёды прыдумаеш! — засмяялася Ганна і, падышоўшы да самага краю кручы, якая стромкаю сцяною падала глыбока ў мора, зірнула ўніз і раптам ускрыкнула з жахам і адхіснулася назад з пабялелым тварам.
— У, як высока! — вымавіла яна аслабелым і дрыготкім голасам. — Калі я гляджу з такой вышыні, у мяне заўсёды неяк соладка і непрыемна казыча ў грудзях... і пальцы на нагах ныюць... і ўсё ж цягне, цягне...
Яна хацела яшчэ раз схіліцца над кручаю, але сястра затрымала яе.
— Ганна, дарагая мая, прашу цябе! У мяне ў самой галава круціцца, калі ты гэтак робіш. Прашу цябе, сядзь.
— Ну добра, добра, села... Але ты толькі паглядзі, якая прыгажосць, якая радасць — проста вока не нагледзіцца. Каб ты ведала, як я ўдзячна богу за ўсе цуды, якія ён для нас зрабіў!
Абедзве на хвіліну задумаліся. Глыбока-глыбока пад імі спачывала мора. З лавачкі не было відаць берага, і таму адчуванне бязмежнасці і велічы марской прасторы яшчэ больш павялічвалася. Вада была ласкава-спакойная і весела-сіняя, яна святлела толькі касымі гладкімі палосамі ў месцах цячэння і пераходзіла ў густа-сіні глыбокі колер на небасхіле.
Лодкі рыбакоў, якія з цяжкасцю магло ўгледзець вока — такімі маленечкімі яны выглядалі, — нерухома адпачывалі на марской роўнядзі, непадалёку ад берага. А далей нібы вісела ў паветры, не пасоўваючыся наперад, трохмачтавае судна, усё зверху данізу апранутае ў аднастайныя, напятыя ветрам белыя зграбныя парусы.
— Я цябе разумею, — задуменна сказала старэйшая сястра, — але ў мяне неяк не так, як у цябе. Калі я ў першы раз бачу мора пасля вялікага часу, яно мяне і хвалюе, і радуе, і здзіўляе. Як быццам я ўпершыню бачу агромністае, урачыстае цуда. Але потым, калі я прывыкну да яго, яно пачынае мяне гнясці сваёй плоскай пустатой... Я сумую, пазіраючы на яго, і ўжо стараюся больш не глядзець. Надакучае.
Ганна ўсміхнулася.
— Чаго ты? — спытала сястра.
— Мінулым летам, — сказала Ганна з хітрынкаю, — мы з Ялты паехалі вялікай кавалькадай верхам на Уч-Кош. Гэта там, за лясніцтвам, вышэй вадаспада. Трапілі спачатку ў воблака, было дужа сыра і дрэнна відаць, а мы ўсё падымаліся ўгору па крутой сцежцы паміж хвоямі. І раптам неяк адразу скончыўся лес, і мы выйшлі з туману. Уяві сабе: вузенькая пляцоўка на скале і пад нагамі ў нас цясніна. Вёскі ўнізе здаюцца не больш за карабок запалак, лясы і сады — як дробная траўка. Уся мясцовасць спускаецца да мора, нібы геаграфічная карта. А там далей — мора! Вёрст на пяцьдзесят, на сто наперад. Мне здавалася — я павісла ў паветры і вось-вось палячу. Такое хараство, такая лёгкасць! Я паварочваюся назад і кажу правадніку ў захапленні: «Што? Хораша, Сеід-аглы?» А ён толькі языком пацмокаў: «Эх, паня, як міне ўсё гэта надакучыць. Кож-ны дзень бачым».
Читать дальше