Гэтак разважала княгіня Вера і не магла адвесці вачэй ад пяці пунсовых крывавых агеньчыкаў, якія дрыжалі ў сярэдзіне пяці гранатаў.
Палкоўніка Панамарова ледзьве ўдалося прымусіць сесці гуляць у покер. Ён гаварыў, што не ведае гэтай гульні, што наогул не прызнае азарту нават жартам, што любіць і параўнальна добра гуляе толькі ў вінт. Аднак ён не ўтрымаўся перад просьбамі і ўрэшце згадзіўся.
Спачатку яго даводзілася вучыць і папраўляць, але ён даволі хутка засвоіў правілы покера, і вось не прайшло і паўгадзіны, як усе фішкі апынуліся перад ім.
— Так нельга! — сказала з камічнаю крыўдаю Ганна. — Хоць бы крыху далі пахвалявацца.
Трое з гасцей — Спешнікаў, палкоўнік і віцэ-губернатар, тупаваты, прыстойны і нудны немец, былі такога роду людзі, што Вера рашуча не ведала, як іх займаць і што з імі рабіць. Яна саставіла для іх вінт, запрасіўшы чацвертым Густава Іванавіча. Ганна зводдаля, у знак падзякі, прыкрыла вочы павекамі, і сястра адразу зразумела яе. Усе ведалі, што калі не пасадзіць Густава Іванавіча за карты, дык ён увесь вечар будзе хадзіць ля жонкі, як прышыты, паказваючы свае гнілыя зубы на твары чэрапа і псуючы жонцы настрой духу.
Цяпер вечар пайшоў роўна, без прымусу, весела. Васючок спяваў упаўголаса пад акампанемент Жэні Рэйтар італьянскія народныя канцанеты і рубінштэйнаўскія ўсходнія песні. Галасок у яго быў маленькі, але прыемнага тэмбру, паслухмяны і правільны. Жэні Рэйтар, надзвычай патрабавальная музыкантка, заўсёды ахвотна яму акампаніравала. Між іншым, казалі, што Васючок да яе заляцаецца.
У кутку на канапе Ганна заўзята какетнічала з гусарам. Вера падышла і з усмешкаю прыслухалася.
— Не, не, вы, калі ласка, не смейцеся, — весела казала Ганна, жмурачы на афіцэра свае мілыя, жвавыя татарскія вочы. — Вы, вядома, лічыце за клопат ляцець стрымгалоў наперадзе эскадрона і браць бар'еры на скачках. Але паглядзіце на нашу працу. Мы вось толькі скончылі з латарэяй-алегры. Вы думаеце, гэта было лёгка? Фэ! Натоўп, накурана, нейкія дворнікі, рамізнікі, я не ведаю, як іх там завуць... І ўсе чапляюцца са скаргамі, з нейкімі крыўдамі... І цэлы, цэлы дзень на нагах. А наперадзе яшчэ канцэрт на карысць недастатных інтэлігентных працаўніц, а там яшчэ белы баль...
— На якім, асмельваюся спадзявацца, вы не адмовіце мне ў мазурцы? — уставіў Бахцінскі і, крыху нахіліўшыся, шчоўкнуў пад крэслам шпорамі.
— Дзякую... Аднак самае, самае маё балючае месца — гэта наш прытулак. Разумееце, прытулак для распусных дзяцей...
— О, я добра разумею. Гэта, мусіць, нешта дужа смешнае?
— Перастаньце, як вам не сорамна смяяцца з гэтага. Але вы разумееце, у чым наша няшчасце? Мы хочам прытуліць гэтых няшчасных дзяцей, у якіх душы поўны спадчынных заганаў і благіх прыкладаў, хочам сагрэць іх, суцешыць...
— Гм!..
— ...узняць іх маральны дух, абудзіць у іх душах паняцце абавязку... Вы мяне разумееце? І вось да нас штодзённа прыводзяць дзяцей сотнямі, тысячамі, але сярод іх — ніводнага з заганамі! Калі спытаеш у бацькоў, ці добрае дзіця, — дык можаце ўявіць, — яны нават крыўдзяцца! І вось прытулак адчынены, асвячоны, усё гатова — і ніводнага выхаванца, ніводнай выхаванкі! Хоць прэмію прапануй за кожнае прыведзенае дзіця з заганамі.
— Ганна Мікалаеўна, — сур'ёзна і лісліва перапыніў яе гусар. — Навошта прэмію? Вазьміце мяне бясплатна. Слова гонару, больш распуснага дзіцяці вы не знойдзеце.
— Перастаньце! З вамі нельга гаварыць сур'ёзна, — зарагатала яна, адкідваючыся на спінку канапы і бліскаючы вачмі.
Князь Васіль Львовіч, седзячы за вялікім круглым сталом, паказваў сваёй сястры, Аносаву і швагру дамашні гумарыстычны альбом з уласнаручнымі малюнкамі. Усе разам смяяліся ад душы, і гэта пакрысе перацягнула сюды гасцей, якія не былі заняты картамі.
Альбом быў як дапаўненне, ілюстрацыя да сатырычных расказаў князя Васіля. Са сваім непахісным спакоем ён паказваў, напрыклад: «Гісторыю любоўных прыгод храбрага генерала Аносава ў Турцыі, Балгарыі і іншых краінах»; «Прыгоды петыметра князя Міколя Булат-Туганоўскага ў Монтэ-Карла» і гэтак далей.
— Зараз убачыце, паны, кароткі жыццяпіс нашай любай сястры Людмілы Львоўны, — гаварыў ён, кідаючы хуткі смяшлівы позірк на сястру. — Частка першая — маленства. «Дзіця расло, яго назвалі Ліма».
На старонцы альбома красавалася наўмысна па-дзіцячаму намаляваная постаць дзяўчынкі, з тварам у профіль, але з двума вокамі, з ламанымі рыскамі, якія тарчалі замест ног з-пад спадніцы, з растапыранымі пальцамі разведзеных рук.
Читать дальше