— Чаму — бывайце? Чаму не да пабачэння?
Назанскі засмяяўся недарэчным, жудасным і нечаканым смехам.
— А чаму не да ўслышэння? — крыкнуў ён дзікім голасам вар'ята.
І Рамашоў адчуў на ўсім сваім целе дрыготкія хвалі жаху.
Падыходзячы да свайго дома, Рамашоў са здзіўленнем убачыў, што ў маленькім акне яго пакоя, сярод цёплага мораку летняй ночы, ідзе ледзь прыкметнае святло. «Што гэта значыць? — падумаў ён трывожна і міжвольна паскорыў хаду. — Магчыма, гэта вярнуліся мае секунданты з умовамі дуэлі?» У сенцах ён наляцеў на Гайнана, не заўважыў яго, спалохаўся, уздрыгнуў і ўсклікнуў сярдзіта:
— Што за ліха! Гэта ты, Гайнан? Хто тут?
Нягледзячы на цемру, ён адчуў, што Гайнан, па сваёй звычцы, заскакаў на адным месцы.
— Там цябе паня прыйшла. Сядзіць.
Рамашоў адчыніў дзверы. У лямпе ўжо даўно выйшла ўся газа, і цяпер яна, патрэскваючы, дагарала апошнімі чаднымі ўспышкамі. На ложку сядзела нерухомая жаночая постаць, невыразна акрэсліваючыся ў цяжкім дрыготкім прыцемку.
— Шурачка! — задыхаючыся, сказаў Рамашоў і чамусьці на пальчыках асцярожна падышоў да ложка. — Шурачка, гэта вы?
— Цішэй. Сядайце, — адказала яна хуткім шэптам. — Патушыце лямпу.
Ён дзьмухнуў зверху ў шкло. Палахлівы сіні агеньчык знік, і ў пакоі адразу зрабілася цёмна і ціха, і ў тую ж хвіліну таропка і гучна застукаў на стале не заўважаны дагэтуль будзільнік. Рамашоў сеў побач з Аляксандрай Пятроўнай, згорбіўшыся і не пазіраючы ў яе бок. Дзіўнае пачуццё боязі, хвалявання і нейкага замірання ў сэрцы авалодала ім і перашкаджала яму гаварыць.
— Хто ў вас побач, за сцяною? — спытала Шурачка. — Там чуваць?
— Не, там пусты пакой... старая мэбля... гаспадар — сталяр. Можна гаварыць уголас.
Аднак яны абое ўсё ж працягвалі гаварыць шэптам, і ў гэтых ціхіх, кароткіх словах, сярод цяжкага, густога мораку, было шмат палахлівага, збянтэжанага і патаемнага. Яны сядзелі, амаль дакранаючыся адно да аднаго. У Рамашова глухімі ўдарамі шумела кроў у вушах.
— Навошта, навошта вы гэта зрабілі? — раптам сказала яна ціха, але з гарачым папрокам.
Яна паклала яму на калена сваю руку. Рамашоў праз адзенне адчуў яе жывую, нервовую цеплыню і, глыбока ўздыхнуўшы, заплюшчыў вочы. Але ад гэтага не зрабілася цямней, толькі перад вачамі выплылі падобныя да казачных азёр чорныя авалы, абкружаныя блакітным ззяннем.
— Памятаеце, я прасіла вас быць з ім стрыманым. Не, не, я не папракаю. Вы не наўмысна шукалі сваркі — я ведаю гэта. Але няўжо ў той час, калі ў вас прачнуўся дзікі звер, вы не змаглі хоць бы на хвіліну ўспомніць пра мяне і спыніцца. Вы ніколі не кахалі мяне!
— Я кахаю вас, — ціха вымавіў Рамашоў і злёгку дакрануўся сваімі дрыготкімі пальцамі да яе рукі.
Шурачка адняла яе, але не адразу, а памалу, нібыта шкадуючы і баючыся яго пакрыўдзіць.
— Так, я ведаю, што ні вы, ні ён не назвалі майго імя, але ваша рыцарства загінула марна: усё роўна па горадзе ходзяць плёткі.
— Даруйце мне, я не валодаў сабою. Мяне асляпіла рэўнасць, — з цяжкасцю вымавіў Рамашоў.
Яна засмяялася доўгім і злым смехам.
— Рэўнасць? Няўжо вы думаеце, што мой муж быў такі велікадушны пасля вашай бойкі, што стрымаўся і не расказаў мне, адкуль вы прыехалі тады ў сход? Ён і пра Назанскага мне сказаў.
— Даруйце, — паўтараў Рамашоў. — Я там нічога благога не рабіў. Даруйце.
Яна раптам загаварыла гучней, рашучым і суровым шэптам:
— Слухайце, Георгій Аляксеевіч, для мяне дарагая кожная хвіліна. Я чакала вас каля гадзіны. Таму будзем гаварыць коратка і толькі аб справе. Вы ведаеце, што значыць для мяне Валодзя. Я яго не люблю, але ён забраў у мяне частку маёй душы. У мяне больш самалюбства, як у яго. Два разы ён правальваўся, трымаючы экзамен у акадэмію. Гэта прыносіла мне зкачна больш крыўды і засмучэння, як яму. Усе ягоныя думкі пра генеральны штаб належаць мне адной, цалкам мне. Я цягнула мужа з усяе сілы, падахвочвала яго, зубрыла разам з ім, рэпетыравала, узнімала яго гонар, падбадзёрвала яго ў цяжкія хвіліны. Гэта — мая ўласная, любімая, вялікая справа. Я не магу адарваць ад гэтай думкі свайго сэрца. Што б там ні было, але ён паступіць у акадэмію.
Рамашоў сядзеў, нізка схіліўшы галаву. Ён раптам адчуў, што Шурачка ціха і павольна правяла рукою па яго валасах. Ён спытаў з горкім недаўменнем:
— Што ж я магу зрабіць?
Яна абняла за шыю і пяшчотна прытуліла яго галаву да сваіх грудзей. Яна была без гарсэта. Рамашоў адчуў шчакою падатлівую пругкасць яе цела і пачуў яго цёплы, востры, сладастрасны пах. Калі яна загаварыла, ён адчуваў яе перарывістае дыханне на сваіх валасах.
Читать дальше