Назанскі змоўк і стаў нервова церці сабе скроні далонямі.
— Чакайце... Ах, як думкі лётаюць... — сказаў ён неспакойна. — Як гэта блага, калі не ты вядзеш думку, а яна цябе вядзе... Так, успомніў! Цяпер далей. Паглядзіце вы на астатніх афіцэраў. Ну, вось вам, для прыкладу, штабс-капітан Плаўскі. Харчуецца ён ліха ведае чым — сам сабе гатуе нейкую дрэнь на газніцы, носіць амаль лахманы, але са свайго саракавасьмірублёвага жалавання кожны месяц адкладвае дваццаць пяць. Ого-го! У яго ўжо ляжыць у банку каля дзвюх тысяч, і ён тайна аддае іх у рост таварышам пад страшэнныя працэнты. Вы думаеце, тут прыродная скупасць? Не, не, гэта толькі сродак пайсці куды-небудзь, схавацца ад цяжкай і незразумелай бяссэнсіцы ваеннай службы... Капітан Сталькоўскі — разумны, дужы, смелы чалавек. А што складае сутнасць яго жыцця? Ён спакушае нявопытных сялянскіх дзяўчат. Нарэшце, вазьміце вы падпалкоўніка Брэма. Мілы, дабрадушны дзівак, цудоўны чалавек, і вось ён таксама цалкам заняты клопатамі аб сваім звярынцы. Што яму служба, парады, сцяг, вымовы, гонар? Нікчэмныя, непатрэбныя дробязі ў жыцці.
— Брэм — цудоўны, я яго люблю, — уставіў Рамашоў.
— Яно гэтак, вядома, мілы, — вяла згадзіўся Назанскі. — А ці ведаеце, — загаварыў ён раптам, нахмурыўшыся, — ведаеце, якую штуку аднойчы я бачыў на манеўрах? Пасля начнога пераходу ішлі мы ў атаку. Збіліся мы ўсе тады з ног, стаміліся, расхваляваліся ўсе: і афіцэры, і салдаты. Брэм загадвае гарністу даць сігнал у атаку, а той, немаведама чаму, трубіць выклік рэзерву. І адзін раз, і другі, і трэці. І раптам гэты самы мілы, добры, цудоўны Брэм падлятае на кані да гарніста, які трымае ражок ля рота, і з усяе сілы трах кулаком па ражку! Так. І я сам бачыў, як гарніст разам з крывёю выплюнуў на зямлю раструшчаныя зубы.
— Ах, божачка мой! — з агідаю прастагнаў Рамашоў.
— Вось гэтак і ўсе яны, нават самыя лепшыя, самыя мяккія з іх, цудоўныя бацькі і ўважлівыя мужы, — усе яны на службе робяцца подлымі, баязлівымі, злоснымі, дурнымі звярамі. Вы спытаеце: чаму? Ды менавіта таму, што ніхто з іх у службу не верыць і нічога разумнага ў гэтай службе не бачыць. Вы ж ведаеце, як дзеці любяць гуляць у вайну? Быў час бурнага маленства і ў гісторыі, час буяных і вясёлых маладых пакаленняў. Тады людзі хадзілі вольнымі шайкамі і вайна была агульнай хмельнай радасцю, крывавай і доблеснай уцехай. За начальніка выбіраўся самы храбры, самы дужы і хітры, і яго ўлада, да тае пары, пакуль яго не забівалі падначаленыя, прымалася ўсімі безагаворачна як боская. Але вось чалавецтва вырасла і з кожным годам робіцца ўсё больш мудрае, і замест дзіцячых шумных гульняў яго думкі з кожным днём робяцца ўсё больш сур'ёзныя і глыбейшыя. Смелыя авантурысты парабіліся шулерамі. Салдат ужо не ідзе на вайсковую службу, як на вясёлы і драпежны занятак. Не, яго цягнуць на аркане за шыю, а ён упіраецца, праклінае і плача. І начальнікі з грозных, абаяльных, бязлітасных і горача любімых атаманаў ператварыліся ў чыноўнікаў, якія баязліва жывуць на сваё жабрацкае жалаванне. Іх адвага — падмочаная адвага. І воінская дысцыпліна — дысцыпліна за страх — сутыкаецца з узаемнай нянавісцю. Прыгожыя фазаны вылінялі. Толькі адзін падобны прыклад я ведаю ў гісторыі чалавецтва. Гэта манашаства. Пачатак яго быў пакорлівы, прыгожы і зварушлівы. Магчыма — адкуль ведаць — яно было выклікана сусветнай неабходнасцю? Але мінулі стагоддзі, і што ж мы бачым? Сотні тысяч лайдакоў, разбэшчаных, дужых абібокаў, якіх ненавідзяць нават тыя, хто ў іх час ад часу мае духоўную патрэбу. І ўсё гэта прыкрыта знешняй формай, шарлатанскімі знакамі касты, смешнымі і выветранымі ўжо абрадамі. Не, я недарэмна загаварыў пра манахаў, і я рады, што маё параўнанне лагічнае. Падумайце толькі, як шмат агульнага. Там — раса і кадзіла, тут — мундзір і зброя; там — паслухмянасць, крывадушныя ўздыхі, саладжавая гаворка, тут — фальшывая мужнасць, ганарыстасць, якая ўвесь час круціць вачамі: «А раптам мяне хто-небудзь пакрыўдзіць?» — выпятыя грудзі, вывернутыя локці, узнятыя плечы. Але і адны і другія жывуць паразітамі і ведаюць, ведаюць жа гэта вельмі добра, але баяцца пазнаць гэта розумам і, галоўнае, жыватом. І яны падобны да тлустых вошай, якія тым лепш ад'ядаюцца на чужым целе, чым яно больш гніе.
Назанскі злосна чмыхнуў носам і замаўчаў.
— Гаварыце, гаварыце, — умольна папрасіў Рамашоў.
— Так, настане час, і ён ужо ў парозе. Час вялікіх расчараванняў і страшэннай пераацэнкі. Памятаеце, я казаў вам неяк, што спрадвеку існуе нябачны і бязлітасны геній чалавецтва. Законы яго дакладныя і няўмольныя. І чым мудрэйшае робіцца чалавецтва, тым больш і глыбей яно пазнае іх. І вось я ўпэўнены, што па гэтых бясспрэчных законах усё на свеце рана ці позна прыходзіць у раўнавагу. Калі рабства цягнулася стагоддзямі, дык распад яго будзе жахлівы. Чым больш страшэнны быў гвалт, тым больш крывавая будзе расправа. І я глыбока, я цвёрда ўпэўнены, што настане час, калі нас, патэнтаваных прыгажуноў, непераможных спакушальнікаў, цудоўных франтаў, будуць саромецца жанчыны і, нарэшце, перастануць слухацца салдаты. І гэта будзе не за тое, што мы білі да крыві людзей, пазбаўленых магчымасці абараняцца, і не за тое, што нам, у імя гонару мундзіра, праходзіла беспакарана зняважанне жанчын, і не за тое, што мы, у п'яным выглядзе, секлі ў кабаках на кавалкі кожнага стрэчнага. Вядома, і за тое і за гэта, але ёсць у нас больш страшная і ўжо цяпер непапраўная віна. Гэта тое, што мы — сляпыя і глухія да ўсяго. Ужо даўно, дзесьці далёка ад нашых брудных, смярдзючых стаянак ідзе вялікае, новае, прамяністае жыццё. Паявіліся новыя, смелыя, гордыя людзі, у галовах у якіх загараюцца палымяныя вольныя думкі. Як у апошняй дзеі меладрамы, разбураюцца старыя вежы і падзямеллі, і з-за іх бачыцца ўжо асляпляльнае ззянне. А мы, надзьмуўшыся, як індыйскія пеўні, толькі лыпаем вачмі і ганарыста балбочам: «Што? Дзе? Маўчаць! Бунт! Застрэлю!» І вось гэтай індыкавай пагарды да свабоды чалавечага духу нам не даруюць — ніколі ў жыцці.
Читать дальше