Рамашоў кінуў вёслы ўздоўж бартоў. Лодка ледзьве рухалася па вадзе, і гэта было прыкметна толькі па тым, як ціха адплывалі ў другі бок зялёныя берагі.
— Так, нічога не будзе, — паўтарыў Рамашоў.
— А паглядзіце, не, паглядзіце толькі, якое цудоўнае, якое прывабнае жыццё! — усклікнуў Назанскі, шырока раскінуўшы рукі. — О, радасць, о, боская краса жыцця! Глядзіце: блакітнае неба, вячэрняе сонца, ціхая вада — увесь ажно дрыжыш ад захаплення, калі на іх пазіраеш, — вунь там, далёка, ветракі махаюць крыламі, зялёная рахманая траўка, вада ля берага — ружовая, ружовая на захадзе. Ах, як усё цудоўна, як усё радасна і шчасліва!..
Назанскі раптам закрыў вочы рукамі і заплакаў, але адразу ж авалодаў сабою і загаварыў, не саромеючыся сваіх слёз, пазіраючы на Рамашова мокрымі вачамі, якія ззялі ад слёз:
— Не, калі я траплю пад цягнік, і мне перарэжуць жывот, і мае вантробы змяшаюцца з пяском і наматаюцца на колы, і калі ў гэтае апошняе імгненне ў мяне спытаюць: «Ну што, і цяпер жыццё цудоўнае?» — я скажу з удзячным захапленнем: «Ах, якое яно цудоўнае!» Колькі радасці даюць нам толькі адны вочы! А ёсць яшчэ музыка, пах кветак, салодкае жаночае каханне! І ёсць непамерная асалода — залатое сонца жыцця, чалавечая думка! Родны мой Юрачка!.. Прабачце, што я вас гэтак назваў. — Назанскі, як бы просячы прабачэння, здаля працягнуў да яго дрыготкую руку. — Дапусцім, вас пасадзілі ў астрог на векі вякоў, і ўсё жыццё вы будзеце бачыць праз шчыліну толькі дзве старыя з'едзеныя цагліны... не, нават дапусцім, што ў вашым астрозе няма ніводнай іскаркі святла, ніводнага гуку — і нічога! І ўсё ж хіба гэта можна параўнаць са страшэнным жахам смерці? У вас застаюцца думка, уяўленне, памяць, творчасць — і з гэтым жа можна жыць. І ў вас нават могуць быць хвіліны захаплення ад радасці жыцця.
— Так, жыццё цудоўнае, — згадзіўся Рамашоў.
— Цудоўнае! — з запалам паўтарыў Назанскі. — І вось два чалавекі, праз тое, што адзін ударыў другога, або пацалаваў яго жонку, або проста, праходзячы міма яго і цярэбячы вусы, няветліва паглядзеў на яго, — гэтыя два чалавекі страляюць адзін у аднаго, забіваюць адзін аднаго. Ах, не, іх раны, іх пакуты, іх смерць — усё гэта к д'яблу! Ды хіба ён сябе забівае — убогі рухомы камочак, які завецца чалавекам? Ён забівае сонца, гарачае, мілае сонца, светлае неба, прыроду — усю разнастайную красу жыцця, забівае найвялікшую асалоду і гонар — чалавечую думку! Ён забівае тое, што ўжо ніколі, ніколі не вернецца. Вось дурні, дурні!
Назанскі самотна, з глыбокім уздыхам паківаў галавою і апусціў яе долу. Лодка зайшла ў чарот. Рамашоў зноў узяўся за вёслы. Высокія зялёныя пруткія чараціны, шапочучы ля бартоў, важна і павольна кланяліся. Тут было цямней і не так горача, як на адкрытай вадзе.
— Што ж мне рабіць? — спытаў Рамашоў змрочна і досыць груба. — Ісці ў запас? Куды я падзенуся?
Назанскі ўсміхнуўся пяшчотна і пакорліва.
— Чакайце, Рамашоў. Паглядзіце мне ў вочы. Вось гэтак. Не, вы не адварочвайцеся, глядзіце проста і адказвайце па ўсёй шчырасці! Хіба вы верыце ў тое, што служыце цікавай, добрай, карыснай справе? Я вас добра ведаю, лепш як усіх іншых, і я адчуваю вашу душу. Вы ж зусім не верыце ў гэта.
— Не, — цвёрда адказаў Рамашоў. — Але куды я пайду?
— Пачакайце, не спяшайцеся. Паглядзіце вы на нашых афіцэраў. О, я не кажу пра гвардзейцаў, якія танцуюць на балях, размаўляюць па-французску і жывуць на грошы сваіх бацькоў і законных жонак. Не, вы падумайце пра нас, няшчасных армеутаў, пра армейскую пяхоту, пра гэтае галоўнае ядро цудоўнага і храбрага расейскага войска. Усё гэта заваль, рызманы, адкіды. У лепшым выпадку — сыны скалечаных капітанаў. У большасці ж — напалоханыя вялікай мудрасцю гімназісты, рэалісты, нават незакончаныя семінарысты. Я вам прывяду ў прыклад наш полк. Хто ў нас служыць спраўна і доўга? Беднякі, абцяжараныя сем'ямі, жабракі, якія гатовы на ўсякую ўступку, на ўсякую жорсткасць, нават на забойства, на крадзеж салдацкіх капеек — і ўсё гэта праз сваю міску капусты. Яму загадваюць: страляй, і ён страляе — каго? За што? Можа, дарэмна? — Яму ўсё роўна, ён не разважае. Ён ведае, што дома крычаць яго брудныя, рахітычныя дзеці, і ён бяздумна, як дзяцел, вылупіўшы вочы, увесь час паўтарае адно слова: «Прысяга!» Усё, што ёсць таленавітае, здольнае, — співаецца. У нас семдзесят пяць працэнтаў афіцэрскага саставу хворыя на сіфіліс. Адзін шчасліўчык — і гэта за пяць год — паступае ў акадэмію, яго праводзяць з нянавісцю. Больш прылізаныя і з пратэкцыяй нязменна ідуць за жандараў або мараць пра месца паліцэйскага прыстава ў вялікім горадзе. Дваране і тыя, хто хоць з нейкімі грашыма, ідуць за земскіх начальнікаў. Дапусцім, астаюцца людзі чулыя, спагадлівыя, але што яны робяць? Для іх служба — гэта агіда, клопаты, ненавіснае ярмо. Кожны стараецца прыдумаць сабе які-небудзь пабочны занятак, які захапіў бы яго цалкам. Адзін займаецца калекцыянерствам, многія чакаюць не дачакаюцца вечара, калі можна сесці дома, ля лямпы, узяць іголку і вышываць па канве крыжыкамі які-небудзь паршывы непатрэбны дыванок або выпільваць лобзікам ажурную рамку для ўласнага партрэта. На службе яны мараць аб гэтым, як аб тайнай салодкай радасці. Карты, непрыстойнае спаборніцтва ў авалоданні жанчынамі — пра гэта я ўжо не кажу. І самае агіднае — прага славы, дробная, жорсткая прага славы. Гэта — Асадчы і кампанія, якія выбіваюць зубы і вочы сваім салдатам. Ведаеце, пры мне Арчакоўскі так біў свайго дзеншчыка, што я праз сілу адарваў яго. Потым кроў была не толькі на сценах, а і на столі. А чым гэта скончылася, хочаце ведаць? Тым, што дзяншчык пабег скардзіцца ротнаму камандзіру, а ротны камандзір паслаў яго з запіскай да фельдфебеля, а фельдфебель яшчэ з паўгадзіны біў яго па сінім, апухлым, крывавым твары. Гэты салдат двойчы скардзіўся на інспектарскім аглядзе, але без усякага выніку.
Читать дальше