— Прабачце, хвілінку, — раптам перапыніў яго Асадчы. — Пан палкоўнік, вы дазволіце мне прапанаваць пытанне?
— Калі ласка, — важна кіўнуў галавою Мігуноў.
— Скажыце нам, падпаручнік Рамашоў, — пачаў Асадчы паважна, з расцяжкаю, — дзе вы мелі ласку быць да таго, як прыехалі ў сход у такім немагчымым выглядзе?
Рамашоў пачырванеў і адчуў, як яго лоб адразу пакрыўся буйнымі кроплямі поту.
— Я быў... я быў... ну, у адным месцы, — і ён дадаў амаль шэптам: — Быў у публічным доме.
— Ага, вы былі ў публічным доме? — знарок гучна, з жорсткай выразнасцю падхапіў Асадчы. — І, напэўна, вы што-небудзь пілі ў гэтай установе?
— Але, піў, — адрывіста адказаў Рамашоў.
— Та-ак. Больш пытанняў не маю, — павярнуўся Асадчы да старшыні.
— Прашу далей даваць паказанні, — сказаў Мігуноў. — Вы спыніліся на тым, што выплюхнулі піва ў твар паручніку Мікалаеву... Далей?
Рамашоў бязладна, але шчыра і падрабязна расказаў пра ўчарашнюю гісторыю. Ён ужо быў пачаў нязграбна і сарамліва гаварыць аб тым раскаянні, якое ён перажывае за свае ўчарашнія паводзіны, але яго перапыніў капітан Петэрсон. Паціраючы, нібы пры мыцці, свае жоўтыя кастлявыя рукі з доўгімі мёртвымі пальцамі і сінімі пазногцямі, ён сказаў падкрэслена-ветліва, амаль ласкава, тонкім і ліслівым голасам:
— Ну так, усё гэта, безумоўна, робіць гонар вашым цудоўным пачуццям. Але скажыце нам, падпаручнік Рамашоў... вы да гэтай злашчаснай і сумнай гісторыі не былі ў доме ў паручніка Мікалаева?
Рамашоў насцярожыўся і, пазіраючы не на Петэрсона, а на старшыню, даволі груба адказаў:
— Так, быў, але я не разумею, якое гэта мае дачыненне да справы.
— Чакайце. Прашу адказваць толькі на пытанні, — спыніў яго Петэрсон. — Я хачу сказаць, ці не было ў вас з паручнікам Мікалаевым якой-небудзь асобай прычыны для ўзаемнай варожасці — прычыны не службовага характару, а хатняга, як кажуць, сямейнага?
Рамашоў выпрастаўся і проста, з адкрытай нянавісцю паглядзеў у цёмныя сухотныя вочы Петэрсона.
— Я заходзіў да Мікалаевых не часцей, як да іншых маіх знаёмых, — сказаў ён гучна і рэзка. — І з ім раней у мяне ніякіх неладоў не было. Усё адбылося выпадкова і нечакана, таму што мы абодва былі нецвярозыя.
— Хе-хе-хе, гэта мы ўжо чулі пра вашу нецвярозасць, — зноў перапыніў яго Петэрсон, — але я хачу толькі спытаць, ці не было ў вас з ім раней такой якой-небудзь сутычкі? Не, не сваркі, вы мяне зразумейце, а проста, як кажуць, непаразумення, нацягнутасці інтымнага характару. Ну, напрыклад, нязгода ў пераконаннях або там якая-небудзь інтрыжка. Га?
— Пан старшыня, я магу не адказваць на некаторыя з пытанняў, якія мне прапануюцца? — пацікавіўся раптам Рамашоў.
— Так, гэта вы можаце, — холадна адказаў Мігуноў. — Вы можаце, калі хочаце, зусім не даваць паказанняў або даваць іх пісьмова. Гэта ваша права.
— У такім разе заяўляю, што ні на адно з пытанняў капітана Петэрсона я адказваць не буду, — сказаў Рамашоў. — Гэта будзе лепш і для яго і для мяне.
У яго спыталі яшчэ пра некаторыя нязначныя падрабязнасці, і потым старшыня аб'явіў яму, што ён вольны. Аднак яго яшчэ два разы выклікалі для дачы дадатковых паказанняў, адзін раз у той жа дзень увечары, другі раз у чацвер раніцаю. Нават такі нявопытны ў практычных адносінах чалавек, як Рамашоў, разумеў, што суд вядзе справу вельмі няўмела і нядбайна, дапускаючы мноства памылак і нетактоўнасцей. І самай вялікай хібай было тое, што насуперак дакладнаму і яснаму сэнсу артыкула 149 дысцыплінарнага статута, які строга забараняў раскрываць усё, што адбываецца на судзе, члены суда гонару не ўстрымаліся ад пустой балбатні. Яны расказалі пра вынікі пасяджэння сваім жонкам, жонкі — знаёмым гарадскім дамам, а тыя — краўчыхам, акушэркам і нават служанкам. За адны суткі Рамашоў стаў казкай горада і героем дня. Калі ён праходзіў па вуліцы, на яго пазіралі з вокан, з варот, з кветнікаў, са шчылін у плоце. Жанчыны здаля паказвалі на яго пальцамі, і ён пастаянна чуў у сябе за спіною сваё прозвішча, якое вымаўлялася хуткім шэптам. Ніхто ў горадзе не сумняваўся, што паміж ім і Мікалаевым адбудзецца паядынак. Нават ішлі ў заклад аб яго зыходзе.
Раніцаю ў чацвер, ідучы ў сход міма дома Лыкачовых, ён раптам пачуў, што нехта кліча яго.
— Юрый Аляксеевіч, Юрый Аляксеевіч, ідзіце сюды!
Ён спыніўся і ўзняў галаву. Каця Лыкачова стаяла па той бок плота на садовай лавачцы. Яна была ў ранішнім лёгкім японскім халаціку, трохвугольны выраз якога пакідаў голай яе тонкую цудоўную дзявочую шыю. І ўся яна была такая ружовая, свежая, прывабная, што Рамашову на нейкі момант зрабілася весела.
Читать дальше