Сярод агульнага імгненнага маўчання толькі адзін чыйсьці голас вымавіў з недаўменнем:
— Ён п'яны?
Але адразу ж, як і надоечы ў Шлейфершы, усё загуло, застагнала, усхапілася з месца і збілася ў нейкі стракаты, рухомы, крыклівы клубок. Веткін, саскокваючы са стала, зачапіў галавой за лямпу; яна загайдалася вялізнымі плаўнымі зігзагамі, і цені ад ашалелых людзей, то вырастаючы, як волаты, то знікаючы пад падлогу, злавесна зблыталіся і замітусіліся па белых сценах і па столі.
Усё, што цяпер рабілася ў сходзе з гэтымі расхлябанымі, узбуджанымі, п'янымі і няшчаснымі людзьмі, — чынілася хутка, недарэчна і непапраўна. Быццам нейкі ліхі, сумбурны, дурны, раз'юшана-насмешлівы дэман авалодаў людзьмі і прымушаў іх гаварыць брыдкія словы і рабіць агідныя, бязладныя рухі.
Сярод гэтага чаду Рамашоў раптоўна ўгледзеў зусім блізка каля сябе нечы твар са скрыўленым крыклівым ротам. Твару гэтага ён адразу нават не пазнаў, — такі ён быў страшэнны і крывы ад злосці. Гэта Мікалаеў крычаў яму, пырскаючы слінаю і нервова торгаючы мускуламі левай шчакі пад вокам:
— Самі ганьбіце полк! Не смейце нічога гаварыць. Вы — і розныя Назанскія! Без году тыдзень!..
Нехта асцярожна цягнуў Рамашова назад. Ён павярнуўся і пазнаў Бек-Агамалава, але, у тую ж хвіліну адвярнуўшыся, забыўся на яго. Бляднеючы ад таго, што зараз адбудзецца, ён сказаў ціха і хрыпла, з пакутніцкай і няшчаснай усмешкай:
— А пры чым тут Назанскі? Або ў вас ёсць асобыя, таемныя прычыны быць ім нездаволеным?
— Я вам па мордзе дам! Нягоднік, падлюга! — закрычаў Мікалаеў высокім, дрыготкім голасам. — Хам!
Ён рэзка замахнуўся на Рамашова кулаком і зрабіў грозныя вочы, але ўдарыць не адважыўся. Рамашоў у грудзях і ў жываце адчуў моташную, агідную млоснасць, такую, як пры страце прытомнасці. Да гэтага моманту ён зусім не заўважаў, нібыта забыў, што ў правай руцэ ў яго ўвесь час знаходзіцца нейкая пабочная рэч. І раптам хуткім, кароткім рыўком ён выплюхнуў у твар Мікалаеву рэштку піва са сваёй шклянкі.
У тую ж хвіліну разам з імгненным тупым болем белыя яркія маланкі пырснулі з яго левага вока. З дзікім, звярыным рыкам кінуўся ён на Мікалаева, і яны абодва грымнуліся долу, спляліся рукамі і нагамі і пакаціліся па падлозе, перакульваючы крэслы і глытаючы брудны, смярдзючы пыл. Яны з крыкам білі, душылі і кідалі адзін аднаго. Рамашоў памятаў, як выпадкова яго пальцы трапілі ў рот Мікалаева за шчаку і як ён намагаўся разадраць яму гэты слізкі, агідны, гарачы рот... І ён ужо не адчуваў ніякага болю, калі біўся галавой і локцямі аб падлогу ў гэтай зацятай барацьбе.
Ён не ведаў таксама, як усё гэта скончылася. Ён застаў сябе ў куце, куды яго адцяснілі, адарваўшы ад Мікалаева. Бек-Агамалаў паіў яго вадою, але зубы ў Рамашова сутаргава ляскалі аб шклянку, і ён баяўся, каб не адкусіць кавалак шкла. Кіцель на ім быў разадраны пад пахамі і на спіне, а адзін пагон матляўся на тасёмцы. Голасу ў Рамашова не было, і ён крычаў бязгучна, аднымі губамі:
— Я яму... яшчэ пакажу!.. Выклікаю яго!..
Стары Лех, які да гэтага часу соладка драмаў у канцы стала, цяпер ачуўся, цвярозы і сур'ёзны, і з непрывычнай суровай катэгарычнасцю заявіў:
— Як старэйшы, загадваю вам, панове, неадкладна разысціся. Чуеце, панове, зараз жа. Пра ўсё я раніцою падам рапарт камандзіру палка.
І ўсе разыходзіліся засаромленыя, прыгнечаныя, пазбягалі глядзець адзін на аднаго. Кожны баяўся прачытаць у чужых вачах свой уласны жах, свой рабскі, вінаваты смутак — жах і смутак маленькіх, лютых і брудных жывёлін, змрочны розум якіх раптам асвятліўся яркай чалавечай свядомасцю.
Блізілася світанне, з ясным, па-дзіцячы чыстым небам і нерухомым ранішнім халадком. Дрэвы, вільготныя, ахутаныя ледзьве бачнай парай, маўкліва прачыналіся ад сваіх цёмных, загадкавых начных сноў. І калі Рамашоў, ідучы дахаты, пазіраў на іх, і на неба, і на мокрую, сівую ад расы траву, дык адчуваў сябе малым, брыдкім, пачварным і бясконца чужым сярод гэтай нявіннай красы раніцы, якая ўсміхалася спрасонку.
У той жа дзень — гэта было ў сераду — Рамашоў атрымаў кароткую афіцыйную запіску:
«Суд таварыства афіцэраў N-скага пяхотнага палка запрашае падпаручніка Рамашова з'явіцца а шостай гадзіне ў зал афіцэрскага сходу. Форма адзежы звычайная.
Старшыня суда падпалкоўнік Мігуноў».
Рамашоў не мог стрымаць міжвольнай сумнай усмешкі: гэта «форма адзежы звычайная» — мундзір з пагонамі і каляровым поясам — надзяецца менавіта ў самых незвычайных выпадках: на судзе, пры публічных вымовах і ў часе розных непрыемных сустрэч з начальствам.
Читать дальше