Да яго падышоў Бек-Агамалаў і ўзяў яго пад руку.
— Рамашоў, сядайце са мною, — прапанаваў ён, — добра?
І калі яны ўжо сядзелі побач і Рамашоў, нахіляючыся ўправа, глядзеў, як коні бязладным галопам, ускідваючы шырокія азадкі, вывозілі экіпаж на гару, Бек-Агамалаў вобмацкам знайшоў яго руку і моцна, балюча і доўга сціснуў яе. Больш яны нічога не сказалі адзін аднаму.
Але хваляванне, якое было толькі што перажыта ўсімі, выявілася ў агульнай нервовай, хаатычнай узрушанасці. Па дарозе ў сход афіцэры вельмі буянілі. Спынялі жыда, які праходзіў каля іх, падзывалі яго і, сарваўшы з яго шапку, гналі рамізніка наперад; потым кідалі гэтую шапку куды-небудзь за плот, на дрэва. Бабяцінскі пабіў рамізніка. Астатнія гучна спявалі і тлумна крычалі. Толькі Бек-Агамалаў, які сядзеў побач з Рамашовым, маўчаў усю дарогу, злосна і стрымана пасопваючы.
Сход, нягледзячы на позні час, быў ярка асветлены і поўніўся галасамі. У картачнай, сталовай, у буфеце і ў більярднай бездапаможна таўкліся ашалелыя ад віна, ад тытуню і ад азартнай гульні людзі ў расшпіленых кіцелях, з нерухомымі кіслымі вачмі і вялымі рухамі. Рамашоў, вітаючыся з некаторымі афіцэрамі, раптам угледзеў сярод іх, на сваё здзіўленне, Мікалаева. Ён сядзеў ля Асадчага і быў п'яны і чырвоны, але трымаўся цвёрда. Калі Рамашоў, абмінаючы стол, наблізіўся да яго, Мікалаеў хуценька зірнуў на яго і адразу ж адвярнуўся, каб не падаць рукі, і з пераўвялічанай цікавасцю загаварыў са сваім суседам.
— Веткін, ідзіце спяваць! — крыкнуў Асадчы цераз галовы таварышаў.
— Спя-я-ем што-не-будзь! — заспяваў Веткін на матыў царкоўнага антыфона.
— Спя-я-ем што-не-будзь. Спяем што-о-не-е-будзь! — падхапілі гучна астатнія.
— За паповым пералазам пабіліся трое разам, — выкрыкнуў Веткін царкоўнай скорагаворкаю, — поп, дзяк, панамар ды шчэ губернскі сакратар. Совайся, Нічыпарка, со-вайся.
— Совайся, Нічы-парка, со-о-вай-ся, — ціха, поўнымі акордамі адказаў яму хор, увесь стрыманы і як бы сагрэты мяккай актавай Асадчага.
Веткін дырыжыраваў спевамі, стоячы пасярод стала і распасціраючы над хорам рукі. Ён рабіў то страшныя, то ласкавыя і пахвальныя вочы, бурчаў на тых, хто спяваў фальшыва, і ледзь прыкметным трапятаннем працягнутай далоні стрымліваў дужа гарачых.
— Штабс-капітан Лешчанка, вы фальшывіце! Вам мядзведзь на вуха наступіў. Замаўчыце! — крыкнуў Асадчы. — Панове, ды замаўчыце ж! Не гаманіце, калі спяваюць.
— Як бага-ты мужык есць пунш гля-се... — працягваў выкрыкваць Веткін.
Ад тытунёвага дыму рэзала ў вачах. Цырата на стале была ліпучая, і Рамашоў успомніў, што ён не мыў сёння вечарам рук. Ён пайшоў цераз двор у пакой, які называлі «афіцэрскімі нумарамі», — там заўсёды стаяў рукамыйнік. Гэта была пустая халодная каморка з адным акном. Уздоўж сцен стаялі раздзеленыя шафкаю, на бальнічны манер, два ложкі. Бялізны на іх ніколі не мянялі, гэтак жа як ніколі не падмяталі ў гэтым пакоі і не адчынялі акна. Праз гэта ў нумарах заўсёды стаяў затхлы, брудны пах заношанай бялізны, застарэлага тытунёвага дыму і мазаных ботаў. Пакой гэты прызначаўся для часовага жытла афіцэраў, якія прыязджалі з далёкіх асобных стаянак у штаб палка. Але ў ім звычайна клалі ў часе вечароў на адзін ложак па два і нават па тры асабліва п'яных афіцэраў. Таму ён таксама насіў назву «трупярні» і «морга». У гэтых назвах хавалася неўсвядомленая, але страшная жыццёвая іронія, таму што з таго часу як полк асталяваўся ў горадзе, — у афіцэрскіх нумарах, менавіта на гэтых самых двух ложках, ужо застрэліліся некалькі афіцэраў і адзін дзяншчык. Дарэчы, не праходзіла і года, каб у N-скім палку не застрэліўся хто-небудзь з афіцэраў.
Калі Рамашоў зайшоў у трупярню, два чалавекі сядзелі ў галавах ложкаў, каля акна. Яны сядзелі без агню, у прыцемку, і толькі па ледзь чутнай мітусні Рамашоў заўважыў іх прысутнасць і з цяжкасцю пазнаў іх, падышоўшы ўшчыльную і нахіліўшыся над імі. Гэта былі штабс-капітан Клод, п'яніца і злодзей, адхілены ад камандавання ротаю, і падпрапаршчык Залатухін, цыбаты, пажылы і лысы ігрок, скандаліст, аматар на брыдкія словы і таксама п'яніца, з ліку вечных падпрапаршчыкаў. Перад імі цьмяна бліскаў на стале гарнец гарэлкі, стаяла пустая талерка з нейкай жыжкай і дзве поўныя шклянкі. Не было відаць ніякіх слядоў закускі. Сабутэльнікі маўчалі, нібыта хацелі схавацца ад свайго таварыша, і калі ён нахіліўся над імі, яны, хітра ўсміхаючыся ў прыцемку, пазіралі кудысьці ўніз.
— Божачка мой, што вы тут робіце? — спытаў Рамашоў спалохана.
Читать дальше