— Хлусіш, Веткін, я ведаю, браце, куды мы едзем, — сказаў ён з п'янай хітрасцю. — Ты, браце, мяне вязеш да жанчын. Я, браце, ведаю.
Іх перагнаў, аглушальна грукаючы па бруку, другі экіпаж. Шпарка і бязладна прамільгнулі ў святле ліхтароў гнядыя коні, якія імчаліся нястройным кар'ерам, фурман, які шалёна круціў над галавой пугай, і чатыры афіцэры, што з крыкам і свістам хісталіся на сваіх сядзеннях.
Свядомасць на хвіліну з незвычайнай выразнасцю і дакладнасцю вярнулася да Рамашова. Так, вось ён едзе ў тое месца, дзе некалькі жанчын аддаюць каму хочаш сваё цела, свае ласкі і вялікую таямніцу свайго кахання. За грошы? На хвіліну? Ах, ці не ўсё роўна! Жанчыны! Жанчыны! — крычаў усярэдзіне Рамашова нейкі дзікі і салодкі нецярплівы голас. Прымешвалася да яго, як далёкі, ледзь чутны гук, думка аб Шурачцы, але ў гэтым супадзенні не было нічога нізкага, абразлівага, а, наадварот, было штосьці радаснае, усхваляванае, ад чаго ціха і прыемна казытала ў сэрцы.
Вось ён зараз прыедзе да іх, яшчэ не вядомых, яшчэ ні разу не бачаных, да гэтых дзівотных, таямнічых, прывабных істот — да жанчын! І запаветная мара адразу стане яваю, і ён будзе глядзець на іх, браць іх за рукі, слухаць іх пяшчотны смех і песні, і гэта будзе незразумелая, але радасная ўцеха ў той палкай празе, з якою ён імкнецца да адзінай жанчыны ў свеце, да яе, да Шурачкі! Але ў думках у яго не было ніякай канкрэтна пажадлівай мэты, — яго, якога выраклася адна жанчына, уладна, стыхійна цягнула ў сферу гэтага непрыкрытага, спрошчанага кахання, як цягне ў халодную ноч на агонь маяка стомленых і азяблых пералётных птушак. І больш нічога.
Коні павярнулі направа. Адразу сціх грукат колаў і брынчанне гаек. Экіпаж моцна і мякка загайдаўся на каляінах і выбоінах, крута спускаючыся з гары. Рамашоў расплюшчыў вочы. Глыбока ўнізе ў яго пад нагамі шырока і ў беспарадку раскінуліся маленькія агеньчыкі. Яны то знікалі за дрэвамі і нябачнымі дамамі, то зноў паяўляліся, і здавалася, што там, у нізіне, блукае вялікі бязладны натоўп, нейкая фантастычная працэсія з паходнямі ў руках. На імгненне аднекуль павеяла цяплом і пахам палыну, вялікая цёмная галіна зашурхацела па галовах, і адразу ж пацягнула вільготным халадком, нібы дыханнем старога склепа.
— Куды мы едзем? — зноў спытаў Рамашоў.
— У Завалле! — крыкнуў той, што сядзеў наперадзе, і Рамашоў са здзіўленнем падумаў: «Ах, так, гэта ж паручнік Епіфанаў. Мы едзем да Шлейфершы».
— Няўжо вы ні разу не былі? — пацікавіўся Веткін.
— Ідзіце вы абодва к д'яблу! — крыкнуў Рамашоў.
Але Епіфанаў смяяўся і гаварыў:
— Паслухайце, Юрый Аляксеевіч, хочаце, мы шапнём, што вы першы раз у жыцці? А? Ну, мілы, ну, галубок. Яны гэта любяць. Чаму б вам так не зрабіць?
Зноў свядомасць Рамашова завалаклася густым, непраглядным моракам. Адразу, быццам бы без усякага перапынку, ён убачыў сябе ў вялікай зале з паркетнай падлогай і з венскімі крэсламі ўздоўж усіх сцен. Над уваходнымі дзвярамі і над трыма другімі дзвярамі, якія вялі ў змрочныя каморкі, віселі доўгія паркалёвыя парцьеры, чырвоныя, у жоўтых букетах. Гэткія ж фіранкі слаба надзімаліся і гайдаліся над вокнамі, расчыненымі ў чорную цемру двара. На сценах гарэлі лямпы. Было светла, дымна і патыхала вострай жыдоўскай кухняй, але часамі з вокан далятаў свежы пах мокрай зеляніны, белай акацыі і вясенняга паветра.
Афіцэраў прыехала каля дзесяці. Здавалася, што кожны з іх адначасова і спяваў, і крычаў, і смяяўся. Рамашоў, шчасліва і наіўна ўсміхаючыся, хадзіў ад аднаго да другога, пазнаючы, быццам бы ўпершыню, са здзіўленнем і радасцю, Бек-Агамалава, Лбова, Веткіна, Епіфанава, Арчакоўскага, Алізара і іншых. Тут жа быў і штабс-капітан Лешчанка; ён сядзеў са сваім звычайным пакорлівым і сумным выглядам. На стале, нібыта самі па сабе, як і ўсё было ў гэты вечар, паявіліся бутэлькі з півам і з густой вішнёвай наліўкай. Рамашоў піў з некім, чокаўся і цалаваўся і адчуваў, што рукі і губы ў яго сталі ліпучыя і салодкія.
Тут было пяць ці шэсць жанчын. Адна з іх, з выгляду дзяўчынка гадоў чатырнаццаці, адзетая пажам, з нагамі ў ружовым трыко сядзела на каленях у Бек-Агамалава і гуляла са шнурамі яго аксельбантаў. Другая, высокая бландзінка, у чырвонай шаўковай кофце і цёмнай спадніцы, з вялікім прыгожым напудраным тварам і круглымі чорнымі шырокімі бровамі, падышла да Рамашова.
— Мужчына, чаго вы такі сумны? Хадземце ў пакой, — сказала яна нізкім голасам.
Яна бокам, бесцырымонна села на стол, паклаўшы нагу на нагу. Рамашоў убачыў, як пад спадніцай гладка акрэслілася яе круглая і магутная ляжка. У яго задрыжалі рукі і зрабілася холадна ў роце. Ён спытаў асцярожна:
Читать дальше