А шостай гадзіне ён прыйшоў у сход і загадаў веставому далажыць аб сабе старшыні суда. Яго папрасілі пачакаць. Ён сеў у сталовай ля расчыненага акна, узяў газету і стаў чытаць яе, не разумеючы слоў, без усякай цікавасці, механічна прабягаючы вачамі па літарах. Тры афіцэры, якія былі ў сталовай, прывіталіся з ім суха і загаварылі паміж сабою так, каб ён іх не чуў. Толькі адзін падпаручнік Міхін доўга і моцна, з мокрымі вачамі, ціснуў яму руку, але нічога не сказаў, пачырванеў, таропка і няёмка апрануўся і пайшоў.
Неўзабаве ў сталовую цераз буфет выйшаў Мікалаеў. Ён быў бледны, павекі вачэй пацямнелі, левая шчака ўвесь час сутаргава торгалася, а над ёю ніжэй скроні сінела вялікая апухлая пляма. Рамашоў яскрава і пакутліва прыгадаў учарашнюю бойку і, увесь згорбіўшыся, зморшчыўшы твар, адчуваючы сябе раздушаным невыносным цяжарам гэтых ганебных успамінаў, схаваўся за газету і нават моцна заплюшчыў вочы.
Ён чуў, як Мікалаеў папрасіў у буфеце чарку каньяку і як ён развітваўся з кімсьці. Потым чуў міма сябе крокі Мікалаева. Бразнулі на блоку дзверы. І раптам праз нейкі момант ён пачуў з двара за сваёй спіной асцярожны шэпт:
— Не азірайцеся назад! Сядзіце спакойна. Слухайце.
Гэта гаварыў Мікалаеў. Газета задрыжала ў руках Рамашова.
— Я, уласна, не маю права размаўляць з вамі. Але на якое ліха ўсе гэтыя французскія тонкасці. Што здарылася, таго не паправіш. Але я вас усё ж лічу за чалавека прыстойнага. Прашу вас, ці чуеце мяне, я прашу вас: ні слова пра жонку і пра ананімныя пісьмы. Вы мяне зразумелі?
Рамашоў, закрываючыся газетаю ад таварышаў, павольна нахіліў галаву. Пясок на двары зашурхацеў пад нагамі. Толькі хвілін праз пяць Рамашоў павярнуўся і выглянуў на вуліцу. Мікалаева ўжо не было.
— Ваша благароддзе, — вырас раптам перад ім веставы, — іх высокаблагароддзе просяць вас зайсці.
У зале, уздоўж дальняй вузкай сцяны, былі састаўлены некалькі ломберных сталоў, пакрытых зялёным сукном. За імі сядзелі суддзі, спінамі да вокан; ад гэтага іх твары былі цёмныя. Пасярэдзіне ў крэсле сядзеў старшыня — падпалкоўнік Мігуноў, тоўсты фанабэрысты чалавек, без шыі, з узнятымі дагары круглымі плячамі; па баках ад яго — падпалкоўнікі Рафальскі і Лех, далей з правага боку — капітаны Асадчы і Петэрсон, а з левага — капітан Дзювернуа і штабс-капітан Дарашэнка, палкавы казначэй. Стол быў зусім пусты, толькі перад Дарашэнкам, справаводам суда, ляжаў стос паперы. У вялікай пустой зале было халаднавата і даволі змрочна, нягледзячы на тое, што на вуліцы стаяў спякотны сонечны дзень. Патыхала старым дрэвам, цвіллю і спарахнелай мэблевай абіўкай.
Старшыня паклаў абедзве вялікія белыя тоўстыя рукі далонямі дагары на сукно стала і, разглядаючы іх пачаргова, пачаў драўляным тонам:
— Падпаручнік Рамашоў, суд таварыства афіцэраў, які сабраўся па распараджэнні камандзіра палка, павінен высветліць абставіны той сумнай і недапушчальнай у афіцэрскім таварыстве сутычкі, якая мела месца ўчора паміж вамі і паручнікам Мікалаевым. Прашу вас расказаць пра гэта з усімі падрабязнасцямі.
Рамашоў стаяў перад імі, апусціўшы рукі і цярэбячы аколышак шапкі. Ён адчуваў сябе такім зацкаваным, нязграбным і разгубленым, як здаралася з ім толькі ў школьныя гады на экзаменах, калі ён не ведаў, што адказваць. Дрыготкім голасам, заблытанымі і бязладнымі фразамі, увесь час мармычучы і дадаючы недарэчныя выклічнікі, ён пачаў даваць паказанні. У той жа час, пераводзячы вочы з аднаго суддзі на другога, ён у думках ацэньваў іх адносіны да яго: «Мігуноў — абыякавы, ён нібы каменны, аднак яму даспадобы непрывычная роля галоўнага суддзі і тая страшэнная ўлада і адказнасць, якія звязаны з ёю. Падпалкоўнік Брэм пазірае жаласлівымі і нейкімі жаночымі вачамі, — ах, мой любы Брэм, ці памятаеш ты, як я пазычаў у цябе дзесяць рублёў? Стары Лех стараецца выглядаць сур'ёзным. Ён сёння цвярозы, і ў яго пад вачамі мяшкі, нібы глыбокія шрамы. Ён не вораг мне, аднак ён сам так многа натварыў у сходзе ў розныя часы, што цяпер яму будзе выгадна роля строгага і непахіснага рупліўца афіцэрскага гонару. А Асадчы і Петэрсон — гэта ўжо сапраўдныя ворагі. Паводле закону я, вядома, мог бы адвесці Асадчага — уся спрэчка распачалася праз яго паніхіду, — а між іншым, ці не ўсё роўна? Петэрсон ледзь прыкметна ўсміхаецца адным кутком рота — штосьці брыдкае, ганебнае, змяінае ва ўсмешцы. Няўжо ён ведае пра ананімныя пісьмы? У Дзювернуа — сонны твар, а вочы — як вялікія мутныя шары. Дзювернуа мяне не любіць. Ды і Дарашэнка таксама. Падпаручнік, які толькі распісваецца ў атрыманні жалавання і ніколі не атрымлівае яго. Дрэнныя вашы справы, дарагі мой Юрый Аляксеевіч».
Читать дальше