Рамашоў зноў падышоў да выемкі. Пачуццё недарэчнасці, бязладнасці і незразумеласці жыцця прыгнятала яго. Спыніўшыся на адхоне, ён узняў вочы ўгору, к небу. Там па-ранейшаму была халодная прастора і бясконцы жах. І амаль нечакана для самога сябе, узняўшы кулакі над галавою, Рамашоў страшэнна закрычаў:
— Ты! Стары хлус! Калі ты што-небудзь можаш, дык... ну вось: зрабі так, каб я зараз зламаў сабе нагу.
Ён стрымгалоў, заплюшчыўшы вочы, кінуўся ўніз са стромкага адхону, двума скачкамі перамахнуў цераз рэйкі і, не прыпыняючыся, адным духам узляцеў наверх. Ноздры ў яго надзьмуліся, грудзі парывіста дыхалі. Але ў душы раптоўна ўспыхнула гордая, смелая і злая адвага.
З гэтае ночы ў Рамашова адбыўся глыбокі душэўны пералом. Ён пачаў адасабляцца ад кампаніі афіцэраў, абедаў большаю часткаю дома, зусім не хадзіў на танцавальныя вечары ў сход і перастаў піць. Ён як бы пасталеў і пасур'ёзнеў за апошнія дні і сам заўважыў гэта па тым сумным і роўным спакоі, з якім ён цяпер ставіўся да людзей і з'яў. З гэтае прычыны прыгадваліся яму даўным-даўно чутыя або чытаныя ім смешныя словы, што чалавечае жыццё падзяляецца на нейкія «люстры» — у кожным люстры па сем гадоў — і што на працягу аднаго люстра зусім мяняецца ў чалавека састаў яго крыві і цела, яго думкі, пачуцці і характар. А Рамашову нядаўна скончыўся дваццаць першы год.
Салдат Хлебнікаў зайшоў да яго, але толькі пасля другога напамінку. Потым ён стаў заходзіць часцей.
Першы час ён нагадваў галоднага, паршывага, шмат разоў бітага сабаку, які палахліва адскокваў ад рукі, працягнутай з ласкаю. Але ўвага і ласка афіцэра пакрысе сагрэлі яго сэрца. Са шчырай і вінаватай спагадаю даведаўся Рамашоў пра падрабязнасці яго жыцця. Дома — маці з п'яніцам-бацькам, з паўідыётам-сынам і з чатырма малымі дзяўчаткамі; зямлю ў іх сілаю і несправядліва адабрала грамада; усе туляцца дзесьці ў вымарачнай хаціне з ласкі той жа самай грамады; старэйшыя працуюць у чужых людзей, малодшыя ходзяць жабраваць. Грошай з дому Хлебнікаў не атрымлівае, а на вольныя работы яго не бяруць, бо ён вельмі нядужы. Без грошай жа, нават самых малых, цяжка жыць у салдатах: няма ні гарбаты, ні цукру, няма на што купіць нават мыла, час ад часу трэба частаваць узводнага і аддзяленнага гарэлкай у салдацкім буфеце, усё салдацкае жалаванне — дваццаць дзве з паловай капейкі ў месяц — ідзе на падарункі гэтаму начальству. Б'юць яго кожны дзень, смяюцца з яго, здзекуюцца, пасылаюць без чаргі на самыя цяжкія і непрыемныя работы.
Са здзіўленнем, смуткам і жахам пачынаў Рамашоў разумець, што лёс штодзённа і цесна сутыкае яго з сотнямі гэтых шэрых Хлебнікавых, з якіх кожны хварэе на сваё гора і радуецца са сваіх радасцей, але што ўсе яны абязлічаны і прыціснуты ўласным невуцтвам, агульным рабствам, начальніцкай абыякавасцю, дэспатызмам і гвалтам. І страшней за ўсё была думка, што ні адзін з афіцэраў, як да гэтага часу і сам Рамашоў, нават і не падазрае, што шэрыя Хлебнікавы з іх аднастайна пакорлівымі і бяздумнымі тварамі — на самай справе жывыя людзі, а не механічныя велічыні, якія называюцца ротай, батальёнам, палком...
Рамашоў тое-сёе зрабіў для Хлебнікава, каб хоць крышку даць яму зарабіць. У роце заўважылі гэта незвычайнае апякунства афіцэра над салдатам. Часта Рамашоў прыкмячаў, што ў яго прысутнасці унтэр-афіцэры звярталіся да Хлебнікава з пераўвялічанай насмешлівай ветлівасцю і размаўлялі з ім знарок саладжавымі галасамі. Здаецца, пра гэта ведаў і капітан Сліва. Ва ўсякім разе ён часта бурчаў, звяртаючыся ў прастору:
— Во-ось вам, калі ласка. Лібералы п-пайшлі. Разбэшчваюць роту. Іх л-лупцаваць, нягоднікаў, трэба, а яны с-сюсюкаюць з імі.
Цяпер, калі ў Рамашова аставалася больш свабоды і спакою, усё часцей і часцей прыходзілі яму ў галаву непрывычныя, дзіўныя і складаныя думкі, накшталт тых, якія гэтак узрушылі яго месяц таму назад, у дзень яго арышту. Здаралася гэта звычайна пасля службы, адвячоркам, калі ён ціха хадзіў па садзе пад густымі соннымі дрэвамі і, адзінокі, самотны, прыслухоўваўся да гудзення вячэрніх жукоў і пазіраў на спакойнае ружовае неба.
Гэтае новае ўнутранае жыццё здзіўляла яго сваёй разнастайнасцю. Раней ён і не падазраваў, якія радасці, якая сіла і якая глыбокая цікавасць хаваюцца ў такой простай, звычайнай рэчы, як чалавечая думка.
Ён цяпер ужо ведаў пэўна, што не застанецца служыць у арміі і адразу пойдзе ў запас, як толькі мінуць тры абавязковыя гады, якія яму трэба было адбыць за навучанне ў ваенным вучылішчы. Але ён ніяк не мог сабе ўявіць, што ён будзе рабіць, як толькі стане цывільны. Ён перабіраў па чарзе: акцыз, чыгунку, камерцыю, думаў быць аканомам, паступіць у дэпартамент. І тут упершыню ён са здзіўленнем уявіў сабе ўсю разнастайнасць заняткаў і прафесій, якім аддаюцца людзі. «Адкуль бяруцца, — думаў ён, — розныя смешныя, недарэчныя, жахлівыя і брудныя спецыяльнасці? Якім, напрыклад, шляхам выпрацоўвае жыццё турэмшчыкаў, акрабатаў, мазольных аператараў, катаў, залатароў, сабачых цырульнікаў, жандараў, фокуснікаў, прастытутак, лазеншчыкаў, канавалаў, далакопаў, педаляў? Ці, можа, няма ніводнай нават самай пустой, выпадковай, капрызнай, гвалтоўнай або распуснай чалавечай выдумкі, якая не знайшла б адразу выканаўцы і слугі?»
Читать дальше