Рамашоў заплюшчыў вочы і ўцягнуў галаву ў плечы. Яму здавалася, што калі ён зараз зварухнецца, дык усе, хто быў у сталовай, заўважаць гэта і павысоўваюцца ў вокны. Гэтак прастаяў ён хвіліну ці дзве. Потым, стараючыся дыхаць як мага цішэй, згорбіўшыся, ён на дыбачках падаўся ўздоўж сцяны, прайшоў, усё паскараючы хаду, да варот, хуценька перабег цераз асветленую месяцам вуліцу і схаваўся ў густым ценю процілеглага плота.
Рамашоў доўга блукаў у гэты вечар па горадзе, трымаючыся ўвесь час цёмных бакоў і амаль не ўсведамляючы, па якіх вуліцах ён ідзе. Адзін раз ён спыніўся насупраць дома Мікалаевых, які быў добра відаць у святле месяца, холадна і дзіўна ззяючы сваім зялёным металічным дахам. Вуліца была зусім ціхая, бязлюдная і здавалася незнаёмай. Роўныя выразныя цені ад дамоў і плотаў рэзка дзялілі маставую напалам — адна палова была зусім чорная, а другая маслена бліскала гладкімі, круглымі камянямі.
За цёмна-чырвонымі шчыльнымі фіранкамі вялікай цёплай плямаю паблісквала святло лямпы. «Любая, няўжо не адчуваеш, як мне цяжка, як я пакутую, як я кахаю цябе!» — прашаптаў Рамашоў, робячы пакутлівы твар і моцна прыціскаючы абедзве рукі да грудзей.
Яму раптам прыйшло ў галаву прымусіць Шурачку, каб яна пачула і зразумела яго на адлегласці, праз сцены пакоя. Тады, сціснуўшы кулакі так моцна, што пад пазногцямі заныла ад болю, сцяўшы сутаргава сківіцы, з адчуваннем халодных дрыжыкаў па ўсім целе, ён стаў паўтараць сам сабе, страсна напружваючы ўсю сваю волю:
«Паглядзі ў акно... Падыдзі да фіранкі. Устань з канапы і падыдзі да фіранкі. Вызірні, вызірні, вызірні. Чуеш, я табе загадваю, зараз жа падыдзі да акна!»
Фіранкі заставаліся нерухомыя. «Ты не чуеш мяне! — з горкім папрокам прашаптаў Рамашоў. — Ты сядзіш цяпер з ім поруч, каля лямпы, спакойная, безуважная, прыгожая. Ах, божачка мой, божа, які я нешчаслівы!»
Ён уздыхнуў і стомленай хадою, нізка апусціўшы галаву, пабрыў далей.
Ён праходзіў і міма кватэры Назанскага, але там было цёмна. Рамашову, праўда, здалося, што нехта белы мільгаў па неасветленым пакоі каля вокан, але яго чамусьці апанаваў страх, і ён не адважыўся аклікнуць Назанскага.
Праз колькі дзён Рамашоў успомніў, як далёкі сон, гэтую фантастычную і недарэчную прагулку. Ён сам не мог бы сказаць, якім чынам апынуўся ён каля жыдоўскіх могілак. Яны знаходзіліся за гарадской рысай і падымаліся на гару, абгароджаныя нізкай белай сцяной, ціхія і таямнічыя. Са светлай соннай травы самотна тарчалі голыя, аднастайныя, халодныя камяні, якія кідалі на зямлю аднолькавыя тонкія цені. А над могілкамі маўкліва і строга панавала ўрачыстая зацішнасць.
Потым ён убачыў сябе на другім канцы горада. Мабыць, гэта і на самай справе было ў сне? Ён стаяў на сярэдзіне доўгай уезджанай, бліскучай плаціны, якая шырока перасякала Буг. Сонная вада густа і лянотна калыхалася ў яго пад нагамі, меладычна хлюпаючы аб бераг, а месяц адлюстроўваўся ў яе зыбкай паверхні дрыготкім слупом, і здавалася, што гэта мільёны сярэбраных рыбак плюхаюць па вадзе, адплываючы вузкай дарожкай к дальняму берагу, цёмнаму, маўкліваму і пустыннаму. І яшчэ запомніў Рамашоў, што ўсюды — і на вуліцах і за горадам — плыў за ім салодкі, пяшчотна-ліслівы водар кветак белай акацыі.
Дзіўныя думкі прыходзілі яму ў галаву ў гэтую ноч — адзінокія думкі, то самотныя, то страшныя, то дробязныя, па-дзіцячы смешныя. Часцей за ўсё яму, нібы нявопытнаму іграку, які прайграў за адзін вечар усё сваё багацце, раптам уяўляўся са спакуслівай выразнасцю, што зусім нічога не было непрыемнага, што прыгожы падпаручнік Рамашоў вельмі добра прайшоў у цырыманіяльным маршы перад генералам, заслужыў агульную пахвалу і што ён сам зараз сядзіць разам з таварышамі ў светлай сталовай афіцэрскага сходу і рагоча і п'е чырвонае віно. Але кожны раз гэтыя мары абрываліся ўспамінамі пра лаянку Федароўскага, пра з'едлівыя словы ротнага камандзіра, пра размову з Мікалаевым, і Рамашоў зноў адчуваў сябе непапраўна зганьбаваным і няшчасным.
Патаемны ўнутраны інстынкт прывёў яго на тое месца, дзе ён разышоўся сёння з Мікалаевым. Рамашоў у гэты час думаў пра самагубства, але думаў без рашучасці і без страху, з нейкім скрытым прыемна-самалюбным пачуццём. Звычайная, неўтаймаваная фантазія растварыла ўвесь жах гэтай думкі, упрыгожыўшы і расквеціўшы яе яркімі малюнкамі.
«Вось Гайнан выскачыў з пакоя Рамашова. Твар страшэнна спалоханы. Бледны ўлятае ў афіцэрскую сталовую, якая поўна людзей. Усе міжвольна ўстаюць са сваіх месц пры яго паяўленні. «Ваша высакароддзе... падпаручнік... застрэліўся!..» — з цяжкасцю вымаўляе Гайнан. Агульны пярэпалах. Твары бялеюць. Вочы поўны жаху. «Хто застрэліўся? Дзе? Які падпаручнік?» — «Панове, ды гэта ж дзяншчык Рамашова! — пазнае нехта Гайнана. — Гэта яго чараміс». Усе бягуць на кватэру, некаторыя без шапак. Рамашоў ляжыць на ложку. Лужа крыві на падлозе, і ў ёй валяецца рэвальвер Сміта і Весана, казённага ўзору... Праз натоўп афіцэраў, якія запоўнілі маленькі пакой, з цяжкасцю прабіраецца палкавы доктар Знайко. «У скроню! — вымаўляе ён ціха сярод агульнага маўчання. — Усё скончана». Нехта ціха гаворыць: «Панове, здыміце хоць шапкі!» Многія жагнаюцца. Веткін знаходзіць на стале запіску, цвёрда напісаную алоўкам, і чытае яе ўголас: «Дарую ўсім, паміраю па добрай волі, жыццё такое цяжкае і сумнае! Паведаміце як мага асцярожна маці пра маю смерць. Георгій Рамашоў». Усе пераглядаюцца, і ўсе чытаюць у вачах адзін аднаго адну і тую ж неспакойную, нявыказаную думку: «Гэта мы яго забойцы!»
Читать дальше