— Я папрашу вас не крычаць на мяне, — глуха і працяжна вымавіў Рамашоў. — Гаварыце больш прыстойна, я не дазволю вам крычаць.
— Я зусім на вас і не крычу, — усё яшчэ груба, але сцішаючы тон, запярэчыў Мікалаеў. — Я вас толькі пераконваю, хоць маю права патрабаваць. Нашы ранейшыя адносіны даюць мне гэтае права. Калі вам хоць крышку дарагое чыстае, незаплямленае імя Аляксандры Пятроўны, дык вы павінны спыніць гэтае цкаванне.
— Добра, я зраблю ўсё, што магу, — суха адказаў Рамашоў.
Ён павярнуўся і сцежкаю пайшоў наперад. Мікалаеў адразу ж дагнаў яго.
— І потым... толькі вы, калі ласка, не злуйцеся... — загаварыў Мікалаеў больш мякка, з адценнем збянтэжанасці. — Калі мы пачалі ўжо гаварыць, дык лепш гаварыць усё да канца... Праўда?
— Так? — з запытаннем вымавіў Рамашоў.
— Вы самі бачылі, з якім пачуццём сімпатыі мы ставіліся да вас, гэта значыць, я і Аляксандра Пятроўна. І калі я цяпер вымушаны... Ах, ды вы самі ведаеце, што ў гэтым паршывым гарадку няма нічога больш страшнага за плёткі!
— Добра, — сумна адказаў Рамашоў. — Я перастану да вас хадзіць. Вы ж гэтага хацелі прасіць у мяне? Ну добра, я і сам вырашыў спыніць свае наведванні. Некалькі дзён таму назад я зайшоў усяго толькі на пяць хвілін, аддаць Аляксандры Пятроўне яе кнігі, і, шчыра кажу вам, гэта ў апошні раз.
— Так... дык вось... — сказаў няпэўна Мікалаеў і збянтэжана змоўк.
Афіцэры ў гэты час збочылі са сцежкі на шашу. Да горада заставалася яшчэ крокаў трыста, і паколькі гаварыць больш не было аб чым, дык абодва моўчкі ішлі поруч і не пазіралі адзін на аднаго. Ніводзін з іх не адважыўся — ні спыніцца, ні павярнуць назад. Становішча з кожнаю хвілінаю рабілася ўсё больш фальшывае і нацягнутае.
Нарэшце ля першых дамоў горада ім трапіўся насустрач рамізнік. Мікалаеў гукнуў яго.
— Так... дык вось... — зноў недарэчна вымавіў ён, звяртаючыся да Рамашова. — Такім чынам, да пабачэння, Юрый Аляксеевіч.
Яны не падалі адзін аднаму рук, а толькі дакрануліся да брылёў. Але калі Рамашоў глядзеў на белую моцную патыліцу Мікалаева, якая аддалялася ў клубах пылу, ён раптам адчуў сябе такім адзінокім, нібы ад яго жыцця толькі што адрэзалі самае вялікае, самае галоўнае.
Ён павольна пайшоў дахаты. Гайнан сустрэў яго на двары, яшчэ здалёку прыязна і весела скалячы зубы. Знімаючы з падпаручніка паліто, ён увесь час радасна ўсміхаўся і, як звычайна, прытанцоўваў на месцы.
— Твая не абедаў? — цікавіўся ён са спачувальнай фамільярнасцю. — Напэўна ж, галодны? Зараз пабяжу ў сход, прынясу табе абед.
— Прэч адсюль! — віскліва закрычаў на яго Рамашоў. — Прэч, прэч і не ўздумай заходзіць да мяне ў пакой. І, хто б ні пытаўся — мяне няма дома. Хоць бы сам гасудар імператар прыйшоў.
Ён лёг на пасцель і закрыў галаву падушкай, учапіўшыся ў яе зубамі. У яго гарэлі вочы, штосьці калючае, пабочнае раздзірала і ў той жа час сціскала горла, і хацелася плакаць. Ён прагна шукаў гэтых гарачых і прыемных слёз, гэтых доўгіх, горкіх рыданняў, якія прыносяць палёгку. І ён зноў і зноў свядома выклікаў у думках гэты дзень, згушчаючы сённяшнія крыўдныя і ганебныя здарэнні, уяўляючы самога сябе, нібы збоку, зняважаным, няшчасным і забытым усімі. Але слёзы не прыходзілі.
Потым здарылася штось дзіўнае. Рамашову здалося, што ён зусім не спаў, нават не задрамаў ні на хвіліну, а проста на працягу нейкага кароткага часу ляжаў без думак, заплюшчыўшы вочы. І раптам ён схамянуўся з ранейшым смуткам на душы. Але ў пакоі ўжо было цёмна. Выявілася, што ў гэтым стане разумовага здранцвення ён знаходзіўся больш пяці гадзін.
Яму захацелася есці. Ён устаў, прычапіў шашку, накінуў шынель на плечы і падаўся ў сход. Гэта было недалёка, ўсяго крокаў за дзвесце, і туды Рамашоў заўсёды хадзіў не з вуліцы, а праз чорны ход, нейкімі пусткамі, агародамі і пералазамі.
У сталовай, у більярднай і на кухні зырка гарэлі лямпы, і ад гэтага брудны, загрувашчаны двор афіцэрскага сходу выглядаў чорным, нібы залітым чарнілам. Вокны былі ўсюды расчынены насцеж. Чуваць былі гамонка, смех, песні, гулкія ўдары більярдных шароў. Рамашоў падняўся ўжо на задні ганак, але раптам спыніўся, пачуўшы ў сталовай раздражнёны і насмешлівы голас капітана Слівы. Акно было за два крокі, і, асцярожна зірнуўшы ў яго, Рамашоў угледзеў сутулаватую спіну свайго ротнага камандзіра.
— У-уся рота ідзе, як-к адзін ч-чалавек — аць! аць! аць! — гаварыў Сліва, плаўна ўзнімаючы і апускаючы працягнутую далонь, — а яно адно, быццам на смех — о! о! — як той казёл. — Ён мітусліва і брыдка тыцнуў некалькі разоў указальным пальцам угору. — Я яму я-сна сказаў б-без цырымоніі: ідзіце, п-паважаны, лепш у дру-гую роту. А лепш бы вам і зусім з п-палка пайсці. Які з вас к чорту афіцэр? Так, в-выклічнік нейкі, ды і толькі...
Читать дальше