«Паглядзіце, паглядзіце, — гэта ідзе Рамашоў». «Вочы дам былі поўны захаплення». Раз, два, левай!.. «Наперадзе паўроты грацыёзнаю хадою ішоў прыгожы малады падпаручнік». Левай, правай!.. «Палкоўнік Шульговіч, ваш Рамашоў адно хараство, — сказаў карпусны камандзір, — я хацеў бы мець яго за свайго ад'ютанта». Левай...
Яшчэ хвіліна, яшчэ імгненне — і Рамашоў пераступіць цераз зачараваную нітку. Музыка гучыць шалёнай, гераічнай, вогненнай урачыстасцю. «Зараз пахваліць», — думае Рамашоў, і ягоная душа поўна святочнага ззяння. Чуваць голас карпуснога камандзіра, вось голас Шульговіча, яшчэ нечыя галасы... «Вядома, генерал пахваліў, але чаму ж салдаты не адказвалі? Нехта крычыць ззаду, з радоў... Што здарылася?»
Рамашоў павярнуўся назад і збялеў. Уся яго паўрота замест дзвюх роўных, стройных ліній уяўляла з сябе брыдкі, паламаны ва ўсіх напрамках, збіты ў кучу, як чарада авечак, натоўп. Гэта здарылася праз тое, што падпаручнік, захоплены сваёй радасцю і сваімі палкімі марамі, сам не ўгледзеў таго, як крок за крокам пераходзіў ад сярэдзіны ўправа, насядаючы ў той жа час на паўроту, і нарэшце апынуўся на яе правым флангу, змяўшы і парушыўшы агульны рух. Усё гэта Рамашоў убачыў і зразумеў за адно кароткае, як думка, імгненне, гэтак жа як убачыў і радавога Хлебнікава, які клыпаў адзін, крокаў за дваццаць ад строю, якраз на вачах у генерала. Ён паваліўся на хаду і цяпер, увесь у пыле, даганяў сваю паўроту, нізка сагнуўшыся пад цяжарам амуніцыі, нібыта бег на карачках, трымаючы ў адной руцэ стрэльбу, другой рукой бездапаможна выціраючы нос.
Рамашову раптам здалося, што сонечны травеньскі дзень адразу пацямнеў, што на яго плечы абваліўся мёртвы, чужы цяжар, падобны да пясчанай гары, і што музыка зайграла нудна і глуха. І сам ён адчуў сябе маленькім, кволым, непрыгожым, з вялымі рухамі, з цяжкімі і непаслухмянымі нагамі.
Да яго ўжо ляцеў кар'ерам палкавы ад'ютант. Твар у Федароўскага быў чырвоны і скрыўлены ад злосці, ніжняя сківіца моцна дрыжала. Ён задыхаўся ад гневу і ад шпаркай язды. Яшчэ здалёку ён пачаў люта крычаць, захліпаючыся і давячыся словамі:
— Падпаручнік... Рамашоў... Камандзір палка аб'яўляе вам... строгую вымову... На сем дзён... на гаўптвахту... у штаб дывізіі. Агіднасць, скандал... Увесь полк а......і!.. Хлапчук!
Рамашоў не адказваў яму, нават не павярнуў да яго галавы. Што ж, вядома, ён мае права лаяцца! Вось і салдаты чулі, як ад'ютант крычаў на яго. «Ну, што ж, і няхай сабе чулі, гэтак мне і трэба, і няхай, — з вострай нянавісцю да самога сябе падумаў Рамашоў. — Усё цяпер загінула для мяне. Я застрэлюся. Я зганьбаваны навекі. Усё, усё загінула для мяне. Я смешны, я маленькі, у мяне бледны, непрыгожы твар, нейкі недарэчны твар, самы агідны на ўсім свеце. Усё загінула! Салдаты ідуць ззаду, пазіраюць мне ў спіну, і смяюцца, і штурхаюць адзін аднаго локцямі. А можа, шкадуюць мяне? Не, я абавязкова, абавязкова застрэлюся!»
Паўроты, адыходзячы даволі далёка ад карпуснога камандзіра, адна за адной паварочвалі цераз левае плячо і вярталіся на ранейшае месца, адкуль яны пачалі рух. Тут іх перастрайвалі ў разгорнуты ротны строй. Пакуль падыходзілі заднія часці, людзям дазволілі стаяць вольна, а афіцэры сышлі са сваіх месц, каб размяцца і папаліць з рукава. Адзін Рамашоў аставаўся ў сярэдзіне фронту, на правым флангу сваёй паўроты. Канцом аголенай шашкі ён засяроджана калупаў зямлю ля сваіх ног і хоць не ўзнімаў апушчанай галавы, але адчуваў, што з усіх бакоў на яго скіраваны цікаўныя, насмешлівыя і пагардлівыя позіркі.
Капітан Сліва прайшоў паўз Рамашова і, не прыпыняючыся, ні на кога не пазіраючы, быццам размаўляючы сам з сабою, прабурчаў хрыпла, са стрыманай злосцю, праз сцятыя зубы:
— С-сёння ж майце л-ласку падаць рапарт аб п-пераводзе ў другую роту.
Потым падышоў Веткін. У яго светлых, добрых вачах і ў кутках апушчаных губ Рамашоў прачытаў той грэблівы і жаласлівы выраз, з якім людзі пазіраюць на зарэзанага цягніком сабаку. І ў той жа час сам Рамашоў з агідаю адчуў у сябе на твары нейкую недарэчную, цьмяную ўсмешку.
— Пойдзем папалім, Юрый Аляксеевіч, — сказаў Веткін.
І, цмокнуўшы языком і кіўнуўшы галавой, ён дадаў з прыкрасцю:
— Эх, галубок!..
У Рамашова закалаціўся падбародак, а ў горле зрабілася горка і цесна. Ледзьве стрымліваючы рыданні, ён адказаў дрыготкім прыдушаным голасам пакрыўджанага дзіцяці:
— Не ўжо... што ўжо тут... я не хачу...
Веткін адышоў убок. «Вось вазьму зараз, падыду і плясну Сліве па шчацэ, — мільганула ў Рамашова зусім нечакана рызыкоўная думка. — Або падыду да карпуснога і скажу: «Сорамна табе, старому чалавеку, гуляць у салдацікі і мучыць людзей. Адпусці іх адпачыць. Праз цябе два тыдні білі салдат».
Читать дальше