Нехта здаля падаў музыкам знак, каб тыя перасталі іграць. Камандзір корпуса шпаркай рыссю ехаў ад левага фланга да правага ўздоўж лініі палка, і за ім стракатай, пышнай чарадою расцягнулася яго світа. Палкоўнік Шульговіч пад'ехаў да першай роты. Зацягваючы павады свайму гнядому каню, адкінуўшыся тоўстым тулавам назад, ён крыкнуў тым незвычайна лютым, спалоханым і хрыплым голасам, якім крычаць на пажарах брандмаёры:
— Капітан Асадчы! Выводзьце роту-у! Хутка!..
У палкавога камандзіра і ў Асадчага на ўсіх вучэннях было пастаяннае любоўнае спаборніцтва ў галасах. І цяпер нават у шаснаццатай роце была чуваць фарсістая металічная каманда Асадчага:
— Рота, на плячо! Раўненне на сярэдзіну, шагам марш!
У яго роце шляхам доўгіх, упартых намаганняў быў выпрацаваны пры маршыроўцы асобы, надзвычай рэдкі і цвёрды крок, прычым салдаты высока падымалі нагу ўгору і з сілаю кідалі яе на зямлю. Гэта атрымлівалася гучна і важна і выклікала зайздрасць ва ўсіх ротных камандзіраў.
Але не паспела першая рота зрабіць і пяцідзесяці крокаў, як пачуўся нецярплівы выкрык карпуснога камандзіра:
— Гэта што? Спыніце роту. Спыніце! Ротны камандзір, да мяне. Што вы тут паказваеце? Што гэта: пахавальная працэсія? Факельцуг? Раскладныя салдацікі? Маршыроўка ў тры тэмпы? Цяпер, капітан, не мікалаеўскія часы, калі служылі па дваццаць пяць гадоў. Колькі лішніх дзён у вас пайшло на гэты кардэбалет! Каштоўных дзён!
Асадчы стаяў перад ім, высокі, нерухомы, змрочны, з апушчанай долу аголенай шашкай. Генерал памаўчаў крышку і працягваў больш спакойна, з сумным і насмешлівым выразам:
— Відаць, людзей зусім затузалі маршыроўкаю? Эх вы, анікі-воіны. А спытай у вас... ды вось, дазвольце, як гэтага малойчыка прозвішча?
Генерал паказаў на другога ад правага фланга салдата.
— Ігнат Міхайлаў, ваша яснавяльможнасць, — безудзельным, салдацкім драўляным басам адказаў Асадчы.
— Добра. А што вы пра яго ведаеце? Халасты ён? Жанаты? Ёсць у яго дзеці? Можа, у яго ёсць там у вёсцы якое-небудзь гора? Бяда? Нястача? Што?
— Не магу знаць, ваша яснавяльможнасць. Сто чалавек. Цяжка запомніць.
— Цяжка запомніць! — з горыччу паўтарыў генерал. — Ах, панове, панове! Сказана ў пісанні: духа не гасіце, а вы што робіце? Гэтая ж святая, шэрая скацінка, калі справа дойдзе да бою, вас сваімі грудзьмі прыкрые, вынесе вас з агню на сваіх плячах, на холадзе вас сваім шыняльком укрые, а вы — не магу знаць.
І, моцна раззлаваўшыся, без патрэбы і нервова перабіраючы павады, генерал закрычаў цераз галаву Асадчага на палкавога камандзіра:
— Палкоўнік, забярыце гэтую роту. І глядзець не буду. Забярыце, забярыце, зараз жа! Пятрушкі! Кардонныя паяцы! Чугунныя мазгі!
З гэтага і пачаўся правал палка. Стомленасць і напалоханасць салдат, бяздумная жорсткасць унтэр-афіцэраў, бяздушныя і халатныя адносіны афіцэраў да службы — усё гэта выразна, але ганебна выявілася на аглядзе. У другой роце людзі не ведалі «Ойча нашага», у трэцяй самі афіцэры блыталіся пры рассыпным страі, у чацвертай нейкаму салдату ў часе ружэйных прыёмаў зрабілася млосна. А галоўнае — ні ў адной роце не мелі ніякага ўяўлення аб прыёмах супроць нечаканых кавалерыйскіх атак, хоць рыхтаваліся да іх і ведалі іх важнасць. Прыёмы гэтыя прыдумаў і ўвёў у практыку менавіта сам карпусны камандзір, і заключаліся яны ў хуткіх перастраеннях, якія кожны раз патрабавалі ад начальнікаў вынаходлівасці, кемлівасці і шырокай асабістай ініцыятывы. І на іх зрываліся па чарзе ўсе роты, апрача пятай.
Паглядзеўшы роту, генерал выдаляў са строю ўсіх афіцэраў і пытаўся ў людзей, ці ўсім здаволены, ці атрымліваюць усё, што ім належыць, ці няма скаргаў і прэтэнзій? Але салдаты дружна гаркалі, што яны «так точна, усім здаволены». Калі апытвалі першую роту, Рамашоў чуў, як ззаду ў яго фельдфебель ягонай роты, Рында, гаварыў шапялявым і пагрозлівым голасам:
— Вось няхай толькі мне хто-небудзь аб'явіць прэтэнзію! Я яму потым такую аб'яўлю прэтэнзію!
Затое тым лепш паказала сябе пятая рота. Малайцаватыя, свежыя людзі выконвалі ротнае вучэнне такім лёгкім, бадзёрым і жвавым крокам, з такім спрытам, што здавалася, агляд быў для іх не страшны экзамен, а нейкая вясёлая і зусім няцяжкая забава. Генерал усё яшчэ быў пануры, але ўжо кінуў ім: «Добра, хлопцы!» — гэта ўпершыню за ўвесь час агляду.
Прыёмамі супроць атак кавалерыі Сталькоўскі канчаткова заваяваў карпуснога камандзіра. Сам генерал паказаў яму праціўніка раптоўнымі хуткімі фразамі:»Кавалерыя справа, восемсот крокаў», і Сталькоўскі, ні на хвіліну не губляючыся, адразу ж дакладна і спакойна спыняў роту, паварочваў яе тварам да ўяўнага ворага, які імчаўся кар'ерам, змыкаў, эканомячы час, узводы — галаўны з калена, другі стоячы, — назначаў прыцэл, даваў два ці тры ўяўныя залпы і потым камандаваў: «На руку!» «Цудоўна, браткі! Дзякуй, малайцы!» — хваліў генерал.
Читать дальше