— Ах, мне гэта самой балюча, мой любы, мой дарагі, мой пяшчотны! Але гэта неабходна. Апрача таго: я баюся, што ён сам будзе гаварыць з вамі пра гэта. Прашу вас, будзьце стрыманы. Абяцайце мне гэта.
— Добра, — вымавіў самотна Рамашоў.
— Ну, вось і ўсё. Бывайце, мой бедны. Небарака! Дайце вашу руку. Пацісніце моцна-моцна, так, каб мне зрабілася балюча. Вось так... Ой!.. Цяпер бывайце. Бывай, радасць мая!
Не даходзячы да агню, яны разышліся. Шурачка пайшла проста ўгору, а Рамашоў нізам, у абход, уздоўж ракі. Вінт яшчэ не скончыўся, але іх адсутнасць была заўважана. Ва ўсякім разе, Дзіц так нахабна паглядзеў на Рамашова, які падыходзіў да агню, і так фальшыва кашлянуў, што Рамашову захацелася запусціць у яго гарачай галавешкай.
Потым ён убачыў, як Мікалаеў устаў з-за карт, адвёў Шурачку ўбок і доўга нешта ёй гаварыў з гнеўнымі жэстамі і са злосным тварам. Яна раптам выпрасталася і сказала яму некалькі слоў з абурэннем і пагардаю. І гэты вялікі, дужы чалавек раптам пакорліва сагнуўся і адышоў ад яе з выглядам утаймаванай, але з прытоенай злосцю дзікай жывёліны.
Неўзабаве пікнік скончыўся. Ноч зрабілася халодная, і ад рэчкі павеяла вільгаццю. Запас весялосці даўно скончыўся, і ўсе раз'язджаліся стомленыя, нездаволеныя, не хаваючы позехаў. Рамашоў зноў сядзеў у экіпажы насупраць паненак Міхіных і ўсю дарогу маўчаў. У памяці яго стаялі чорныя спакойныя дрэвы, і цёмная гара, і крывавая палоска зары над яе вяршыняй, і белая постаць жанчыны, якая ляжала ў духмянай траве. Але ўсё ж праз шчыры, глыбокі і востры смутак ён час ад часу паэтычна думаў пра самога сябе:
«Яго прыгожы твар быў укрыты воблакам смутку».
Першага мая полк выступіў у лагер, які з году ў год знаходзіўся на адным і тым жа месцы, за дзве вярсты ад горада, па той бок чыгуначнага палатна. Малодшыя афіцэры, паводле палажэння, павінны былі жыць у лагерны час каля сваіх рот у драўляных бараках, але Рамашоў астаўся на гарадской кватэры, бо афіцэрскае памяшканне шостай роты было зусім трухлявае і пагражала абвалам, а на рамонт яго не хапала патрэбных грошай. Даводзілася штодня рабіць лішнія чатыры канцы: на ранішняе вучэнне, потым назад у сход — на абед, затым на вячэрняе вучэнне і пасля яго зноў у горад. Гэта раздражняла і стамляла Рамашова. За першыя паўмесяца лагераў ён схуднеў, пачарнеў і вочы ў яго запалі.
Зрэшты, усім даводзілася нялёгка: і афіцэрам і салдатам. Рыхтаваліся да травеньскага агляду і не ведалі ні літасці, ні стомы. Ротныя камандзіры марылі свае роты па дзве і па тры лішнія гадзіны на пляцы. У часе вучэнняў з усіх бакоў, з усіх рот і ўзводаў чуваць былі гукі аплявух. Часта здалёку, крокаў за дзвесце, Рамашоў назіраў, як які-небудзь разлютаваны ротны пачынаў біць па тварах усіх сваіх салдат пачаргова, ад левага да правага фланга. Спачатку бязгучны ўзмах рукі, і — толькі праз нейкі момант — сухі трэск удару, і зноў, і зноў, і зноў... У гэтым было шмат жахлівага і агіднага. Унтэр-афіцэры жорстка білі сваіх падначаленых за самую малую памылку ў славеснасці, за страчаную нагу пры маршыроўцы, — білі да крыві, выбівалі зубы, разбівалі ўдарамі па вуху барабанныя перапонкі, валілі кулакамі на зямлю. Нікому не прыходзіла ў галаву скардзіцца: надышоў нейкі агульны жахлівы, злавесны кашмар; нейкі недарэчны гіпноз авалодаў палком. І ўсё гэта суправаджалася страшэннай спёкай. Травень сёлета быў вельмі гарачы.
У кожнага нервы былі напружаны да апошняй ступені. У афіцэрскім сходзе ў часе абедаў і вячэр усё часцей разгараліся недарэчныя спрэчкі, беспрычынныя крыўды, сваркі. Салдаты змарнелі і глядзелі ідыётамі. У рэдкія хвіліны адпачынку ў палатах не чуваць было ні жартаў, ні смеху. Аднак іх усё ж прымушалі па вечарах, пасля пераклічкі, весяліцца. І яны, сабраўшыся ў круг, з безудзельнымі тварамі абыякава гаркалі:
Для расейскага салдата
Кулі, бонбы — не бяда,
З імі ён запанібрата,
І яму ўсё — ярунда.
А потым ігралі на гармоніку танцы, і фельдфебель камандаваў:
— Грэгораш, Скварцоў, у круг! Скачы, чортавы дзеці!.. Весяліся!
Яны скакалі, але ў гэтых скоках, як і ў спевах, было штосьці драўлянае, мёртвае, ад чаго хацелася плакаць.
Адной толькі пятай роце жылося лёгка і вольна. Выходзіла яна на вучэнне на гадзіну пазней за іншыя, а канчала на гадзіну раней. Людзі ў ёй былі ўсе як на падбор, сытыя і бойкія. Яны смела і асэнсавана глядзелі ў вочы начальству; нават мундзіры і кашулі сядзелі на іх неяк больш фарсіста, як у другіх ротах. Камандаваў ёю капітан Сталькоўскі, дзівотны чалавек: халасты, даволі багаты для палка, — ён атрымліваў аднекуль штомесячна каля двухсот рублёў, — вельмі незалежнага характару; ён суха, замкнёна і адчужана трымаў сябе ў адносінах да таварышаў і ў дадатак быў распуснік. Ён браў к сабе ў якасці служанак маладзенькіх, часта непаўналетніх дзяўчат з простага люду і праз месяц адпускаў іх дадому, па-свойму шчодра надзяліўшы іх грашыма, і гэта вялося ў яго з году ў год з недаступнай для розуму дакладнасцю. У роце ў яго не біліся і нават не лаяліся, хоць і не асабліва далікатнічалі, і ўсё ж яго рота па цудоўным знешнім выглядзе і па вывучцы не ўступіла б любой гвардзейскай часці. У вышэйшай ступені валодаў ён цярплівай, спакойнай і ўпэўненай настойлівасцю і ўмеў перадаваць яе сваім унтэр-афіцэрам. Таго, чаго дабіваліся ў другіх ротах шляхам біцця, пакаранняў, крыку і мітусні за тыдзень, ён лёгка дабіваўся за адзін дзень. Прытым ён быў скупы на словы і рэдка павышаў голас, але калі гаварыў, дык салдаты камянелі. Таварышы ставіліся да яго з непрыязнасцю, салдаты ж любілі шчыра: прыклад, напэўна, адзіны ва ўсёй расейскай арміі.
Читать дальше