Раптам, быццам вецер, палахліва праляцела па радах адно кароткае слова: «Едзе, едзе!» Усе неяк адразу зразумелі, што настала сапраўдная, сур'ёзная хвіліна. Салдаты, якія з самае раніцы былі змучаны агульнай нервовасцю, самі, без загаду, мітусліва выраўноўваліся і неспакойна кашлялі.
— Сміррна! Жаланёры, па месца-ах! — скамандаваў Шульговіч.
Скасавурыўшы вочы направа, Рамашоў убачыў удалечыні, на самым ускрайку поля, невялічкую купку маленькіх коннікаў, якія ў лёгкіх клубах жоўтага пылу шпарка набліжаліся да строю. Шульговіч са строгім і натхнёным тварам ад'ехаў ад сярэдзіны палка на адлегласць, прыблізна ў чатыры разы большую, чым трэба было. Выхваляючыся цяжкою прыгажосцю прыёмаў, узняўшы ўгору сваю сярэбраную бараду, аглядаючы чорную нерухомую масу палка грозным, радасным і адчайным позіркам, ён зацягнуў магутным голасам на ўсё поле:
— По-олк, слуха-ай! На крра-а-а...
Ён знарок вытрымаў доўгую паўзу, як бы захапляючыся сваёй велізарнай уладай над гэтымі сотнямі людзей і жадаючы прадоўжыць гэтую хвілінную асалоду, і раптам, увесь зачырванеўшыся ад намагання, з напятымі на шыі жыламі, гаркнуў на ўсю сілу:
— ...ул!..
Раз-два. Пляснулі рукі аб ружэйныя рамяні, бразнулі затворы аб бляхі паясоў. З правага фланга зычна, весела і выразна паляцелі гукі сустрэчнага маршу. Нібы гарэзлівыя дзеці, пабеглі натоўпам жвавыя флейты і кларнеты, з пераможнай урачыстасцю ўскрыкнулі і заспявалі высокія медныя трубы, глухія ўдары барабана прыспешвалі іх шпаркі бег, і цяжкія трамбоны, якія не паспявалі за імі, ласкава бурчалі густымі, спакойнымі, аксамітавымі галасамі. На станцыі доўга, тонка і чыста засвістаў паравоз, і гэты новы мяккі гук, пераплёўшыся з урачыстымі меднымі гукамі аркестра, зліўся з ім у адну чароўную, радасную гармонію. Нейкая бадзёрая, смелая хваля раптам падхапіла Рамашова, лёгка і соладка падняўшы яго на сабе. З пранікнёнай і вясёлай выразнасцю ён адразу ўгледзеў і бледны ад спякоты блакіт неба, і залацістае сонечнае святло, якое дрыжала ў паветры, і цёплае зяленіва дальняга поля, — быццам ён не прыкмячаў іх раней, — і раптам адчуў сябе маладым, дужым, спрытным, гордым ад усведамлення, што і ён належыць да гэтай стройнай, нерухомай, магутнай масы людзей, таямніча скаваных адной нябачнай воляй...
Шульговіч, трымаючы аголеную шашку ля самага твару, цяжкім галопам паскакаў насустрач.
Праз груба-вясёлыя, ваяўнічыя гукі музыкі пачуўся спакойны, круглы голас генерала:
— Здарова, першая рота!
Салдаты дружна, старанна і гучна закрычалі. І зноў на станцыі свіснуў паравоз — на гэты раз адрывіста, коратка і нібы з запалам. Вітаючыся пачаргова з ротамі, карпусны камандзір павольна ехаў па фронце. Рамашоў ужо выразна бачыў яго цяжкую постаць з вялікімі папярэчнымі складкамі кіцеля пад грудзьмі і на тоўстым жываце, і вялікі квадратны твар, павернуты да салдат, і франтаваты з чырвонымі вензелямі вальтрап на прыгожым шэрым кані, і касцяныя колцы мартынгала, і маленькую нагу ў нізкім лакіраваным боце.
— Здарова, шостая!
Людзі закрычалі вакол Рамашова пераўвялічана гучна, нібы надрываючыся ад уласнага крыку. Генерал упэўнена і нядбайна сядзеў на кані, а конь, з налітымі крывёю лагоднымі вачамі, прыгожа выгнуўшы шыю, сакавіта пахрумстваючы жалезам муштука ў роце і раскідваючы з морды лёгкую белую пену, ішоў дробным гнуткім крокам. «У яго скроні сівыя, а вусы чорныя, мусіць, нафарбаваныя», — мільганула ў Рамашова хуткая думка.
Праз залатыя акуляры карпусны камандзір уважліва ўглядаўся сваімі цёмнымі, зусім маладымі, разумнымі і насмешлівымі вачмі ў кожную пару скіраваных на яго вачэй. Вось ён параўняўся з Рамашовым і прыклаў руку да брыля фуражкі. Рамашоў стаяў увесь выпрастаўшыся, з напружанымі мускуламі ног, моцна, да болю, сціснуўшы эфес апушчанай долу шашкі. Шчаслівае, адданае захапленне раптам халадком прабегла па яго руках і нагах, пакрыўшы іх цвёрдымі пухіркамі. І, пільна пазіраючы ў твар карпуснога камандзіра, ён падумаў сам сабе, па сваёй наіўнай дзіцячай звычцы: «Вочы баявога генерала са здавальненнем спыніліся на стройнай, хударлявай постаці маладога падпаручніка».
Карпусны камандзір аб'ехаў такім чынам адну за адной усе роты, вітаючыся з кожнай. Ззаду ў яго бязладнай групай рухалася світа: каля пятнаццаці штабных афіцэраў на цудоўных, гладкіх конях. Рамашоў і на іх пазіраў гэткімі ж адданымі вачамі, але ніхто са світы не глянуў на падпаручніка: усе гэтыя парады, сустрэчы з музыкай, гэтыя хваляванні маленькіх пяхотных афіцэраў даўно ўжо былі для іх прывычнай, надакучлівай справай. І Рамашоў з няяснай зайздрасцю і зласлівасцю адчуў, што гэтыя ганарыстыя людзі жывуць нейкім асобным, прыгожым, недасягальным для яго, вышэйшым жыццём.
Читать дальше