Пасля апытання рота зноў пастроілася разгорнутым строем. Але генерал марудзіў яе адпускаць. Павольна праязджаючы ўздоўж фронту, ён дапытліва, з асобай цікаўнасцю, углядаўся ў салдацкія твары, і тонкая, здаволеная ўсмешка свяцілася праз акуляры ў яго разумных вачах пад цяжкімі апухлымі павекамі. Раптам ён спыніў каня і павярнуўся назад, да начальніка свайго штаба:
— Не, вы паглядзіце, палкоўнік, якія ў іх морды! Пірагамі вы іх, ці што, корміце, капітан? Паслухай, эй ты, таўстарожы, — паказаў ён рухам падбародка на аднаго салдата, — цябе Кавалём завуць?
— Точна так, ваша яснавяльможнасць, Міхайла Барыйчук! — весела, са здаволенай дзіцячай усмешкай крыкнуў салдат.
— Вось як, я думаў, Каваль. Ну, значыць, памыліўся, — пажартаваў генерал. — Нічога не зробіш. Не ўдалося... — дадаў ён вясёлую, цынічную фразу.
Твар салдата зусім расплыўся ў недарэчнай і радаснай усмешцы.
— Ніяк не, ваша яснавяльможнасць! — крыкнуў ён яшчэ мацней. — Так што ў сябе ў вёсцы займаўся кавальскім майстэрствам. Кавалём быў.
— А, вось бачыш! — генерал зычліва кіўнуў галавою. Ён ганарыўся сваім веданнем салдата. — Што, капітан, ён у вас добры салдат?
— Вельмі добры. У мяне ўсе яны добрыя, — адказаў Сталькоўскі сваім звычайным, самаўпэўненым тонам.
Бровы ў генерала злосна ўздрыгнулі, але губы ўсміхнуліся, і ад гэтага ўвесь ягоны твар зрабіўся лагодны і па-старыкоўскі мілы.
— Ну, гэта вы, капітан, здаецца, ужо... Ёсць жа аштрафаваныя?
— Ніводнага, ваша яснавяльможнасць. Пяты год ніводнага.
Генерал цяжка схіліўся з сядла і працягнуў Сталькоўскаму сваю пухлую руку ў белай незашпіленай пальчатцы.
— Вялікае вам дзякуй, родны мой, — сказаў ён дрыготкім голасам, і яго вочы раптам забліскалі слязьмі. Ён, як і многія іншыя дзівакаватыя баявыя генералы, любіў іншы раз паплакаць. — Дзякуй, суцешылі старога. Дзякуй, асілкі! — энергічна крыкнуў ён роце.
Дзякуючы добраму ўражанню, якое пакінуў Сталькоўскі, агляд і шостай роты прайшоў адносна шчасліва. Генерал не хваліў, але і не лаяўся. Аднак і шостая рота асарамацілася, калі салдаты пачалі калоць саламяныя чучалы, прымацаваныя да драўляных рам.
— Не так, не так, не так, не так! — гарачыўся карпусны камандзір, торгаючыся ў сядле. — Зусім не так! Браткі, слухай мяне! Калі ад сэрца ў самую сярэдзіну, штык да трубкі. Трэба раззлавацца! Ты не хлеб у печку стаўляеш, а ворага колеш...
Астатнія роты правальваліся адна за адной. Карпусны камандзір нават перастаў хвалявацца і рабіць свае характэрныя, вострыя заўвагі і сядзеў на кані маўклівы, згорблены, з сумным тварам. Пятнаццатую і шаснаццатую роты ён і зусім не стаў глядзець, а толькі кінуў з агідаю, стомлена махнуўшы рукою:
— Ну, гэта... неданоскі нейкія.
Заставаўся цырыманіяльны марш. Увесь полк сабралі ў цесную, самкнутую калону, па паўротна. Зноў выскачылі наперад жаланёры і выцягнуліся насупраць правага фланга, абазначаючы лінію руху. Стаяла спякота. Людзі знясільвалі ад духменю і ад цяжкіх выпарэнняў уласных целаў, скучаных на малой плошчы, ад смуроду ботаў, махоркі, бруднай чалавечай скуры і пераваранага страўнікам чорнага хлеба.
Але перад цырыманіяльным маршам усе падбадзёрыліся. Афіцэры амаль упрошвалі салдат: «Браткі, ужо вы пастарайцеся прайсці малайцамі перад карпусным. Не асаромце». І ў гэтым звароце начальнікаў да падначаленых прабівалася цяпер штосьці ліслівае, няўпэўненае і вінаватае. Як быццам гнеў такой недасягальна высокай асобы, як карпусны камандзір, раптам прыціснуў агульным цяжарам і афіцэра і салдата, абязлічваў і ўраўноўваў іх і рабіў у аднолькавай ступені спалоханымі, разгубленымі і нікчэмнымі.
— Полк, смірррна-а... Музыканты, на лінію-у! — Даляцела здалёку каманда Шульговіча.
І ўсе паўтары тысячы чалавек на хвіліну заварушыліся з глухім, таропкім шумам і раптам нерухома сціхлі, нервова і насцярожана выпрастаўшыся.
Шульговіча не відаць было. Зноў дакаціўся яго зычны, пераліўчаты голас:
— Полк, на плячо-о-о!..
Чатыры батальённыя камандзіры, павярнуўшыся на конях да сваіх часцей, скамандавалі ўразброд:
— Батальён, на пля... — і напружана ўтаропіліся вачмі ў палкавога камандзіра.
Дзесьці далёка наперадзе палка бліснула ў паветры і апусцілася долу шашка. Гэта быў сігнал да агульнай каманды, і чатыры батальённыя камандзіры разам крыкнулі:
— ...чо!
Полк з глухім шумам бязладна ўскінуў стрэльбы. Дзесьці забразгалі штыкі.
Тады Шульговіч, залішне расцягваючы словы, урачыста, сурова, радасна і гучна, на ўсю сілу сваіх вялізных лёгкіх, скамандаваў:
Читать дальше