Усе маўчалі, нібы прыглушаныя нечаканым экстазам гэтага заўсёды змрочнага, негаваркога чалавека, і пазіралі на яго з цікаўнасцю і са страхам. Але раптам усхапіўся са свайго месца Бек-Агамалаў. Ён зрабіў гэта так нечакана і так хутка, што многія ўздрыгнулі, а адна з жанчын ажно ўскрыкнула са спалоху. Вочы ў яго зрабіліся вялікія і дзіка бліскалі, моцна сцятыя белыя зубы былі драпежна ашчэраны. Ён задыхаўся і не знаходзіў слоў.
— О-о!.. Вось гэта... вось, я разумею! А! — Ён з сутаргавай сілай, нібыта са злосцю, сціснуў і страсянуў руку Асадчага. — К д'яблу гэтую кісляціну! К д'яблу жаласлівасць! А! С-сячы!
Яму трэба было адвесці на чым-небудзь сваю варварскую душу, у якой звычайна скрытна драмала старадаўняя, радавая крыважэрнасць. Ён, з вачамі, налітымі крывёю, азірнуўся на бакі і, раптам выхапіўшы з ножнаў шашку, з лютасцю паласнуў па дубовым кусце. Галінкі і маладое лісце паляцелі на абрус, абсыпаўшы, як дажджом, усіх гасцей.
— Бек! Вар'ят! Дзікун! — закрычалі дамы.
Бек-Агамалаў адразу нібы апрытомнеў і сеў. Ён выглядаў прыкметна засаромленым праз сваю шалёную выхадку, але яго тонкія ноздры, з якіх з шумам вылятала дыханне, надзімаліся і трапяталі, а чорныя вочы, згаджаныя гневам, спадылба, але з выклікам абводзілі прысутных.
Рамашоў слухаў і не слухаў Асадчага. Ён знаходзіўся ў дзіўным стане, падобным да сну, да салодкага ап'янення ад нейкага цудоўнага, не знаёмага на зямлі пітва. Яму здавалася, што цёплае, мяккае павуцінне ціха і лянотна аблытвае ўсё яго цела і пяшчотна казыча і напаўняе душу ўнутраным радасным смехам. Яго рука часта, як быццам неспадзявана для яго самога, дакраналася да рукі Шурачкі, але ні ён, ні яна больш не глядзелі адно на аднаго. Рамашоў нібы драмаў. Галасы Асадчага і Бек-Агамалава даляталі да яго з нейкага далёкага, фантастычнага туману і былі зразумелыя, але пустыя.
«Асадчы... Ён жорсткі чалавек, ён мяне не любіць, — думаў Рамашоў, і той, пра каго ён думаў, быў цяпер не ранейшы Асадчы, а новы, страшэнна далёкі; здавалася, нібы ён увесь час рухаўся на экране жывой фатаграфіі. — У Асадчага жонка маленькая, худая, убогая, заўсёды цяжарная... Ён яе нікуды не бярэ з сабою... У яго летась павесіўся малады салдат... Асадчы... Так... Што гэта за чалавек Асадчы? Вось зараз Бек крычыць... Што гэта за чалавек? Хіба я яго ведаю? Так, я яго ведаю, але чаму ж ён такі дзіўны, чужы, незразумелы для мяне? А вось нехта сядзіць са мною поруч... Хто ты? Ад цябе зыходзіць радасць, і я п'яны ад гэтай радасці. Блакітная радасць!.. Вунь насупраць ад мяне сядзіць Мікалаеў. Ён нездаволены. Ён усё маўчыць. Паглядае сюды мімаходам, быццам слізгае вачамі. Ах, няхай злуецца — усё роўна. О, блакітная радасць!»
Надыходзіў вечар. Ціхія ліловыя цені ад дрэў ляглі на палянку. Малодшая Міхіна раптам схамянулася:
— Панове, а што з фіялкамі? Тут, кажуць, процьма фіялак. Пойдзем збіраць.
— Позна, — заўважыў нехта. — Цяпер у траве нічога не ўбачыш.
— Цяпер у траве лягчэй згубіць, чым знайсці, — сказаў Дзіц, непрыстойна зарагатаўшы.
— Ну, тады давайце раскладзем агонь, — прапанаваў Андрусевіч.
Сабралі вялікую кучу галля і леташняга сухога лісця і падпалілі. Шырокі слуп вясёлага агню ўзняўся ў неба. Нібы спалоханыя, адразу зніклі апошнія рэшткі дня, саступіўшы месца цемры, якая, пакінуўшы гай, рушыла на агонь. Барвовыя плямы палахліва затрапяталі ў верхавінах дубоў, і здавалася, што дрэвы заварушыліся, загайдаліся, то выглядваючы ў чырвоную прастору святла, то хаваючыся назад у цемру.
Усе падняліся з-за стала. Дзеншчыкі запалілі свечкі ў шкляных каўпаках. Маладыя афіцэры гарэзавалі, як школьнікі. Алізар дужаўся з Міхіным, і, на здзіўленне ўсіх, маленькі, няспрытны Міхін два разы запар кідаў на зямлю свайго больш высокага і стройнага праціўніка. Потым пачалі скакаць цераз агонь. Андрусевіч паказваў, як б'ецца ў шыбу муха і як старая птушніца ловіць курыцу, пераймаў, схаваўшыся ў кустах, гук пілы і нажа на тачыле, — ён на гэта быў вялікі майстар. Нават і Дзіц досыць спрытна жангліраваў пустымі пляшкамі.
— Дазвольце, панове, вось я вам пакажу цікавы фокус! — закрычаў раптам Тальман. — Тут нэма ныякі цуда або чараўніцтва, а нэ што іншы як спрытнасць рук. Прашу паважны людзі звярнуць увагу, што ў мяне нэма ніякі рэч у рукаў. Пачынаю. Эйн, цвэйн, дрэй... алё гоп!..
Ён хутка, пры агульным рогаце, выняў з кішэні дзве новыя калоды карт і тут жа распячатаў іх адну за адной.
— Вінт, панове? — прапанаваў ён. — На свежым паветры? Га?
Асадчы, Мікалаеў і Андрусевіч селі за карты, Лешчанка з глыбокім уздыхам прымасціўся ззаду ў іх. Мікалаеў доўга з бурклівым нездавальненнем адмаўляўся, але яго ўсё ж угаварылі. Сядаючы, ён шмат разоў з неспакоем азіраўся вакол, шукаючы вачамі Шурачку, але святло ад агню перашкаджала яму, і кожны раз яго твар напружана моршчыўся і рабіўся ўбогі, пакутлівы і непрыгожы.
Читать дальше