«Якая яна сёння незвычайная!» — падумаў Рамашоў.
— Ну вось і цудоўна. — Мікалаеў паглядзеў на гадзіннік. — Што ж, панове, — сказаў ён запытальна, — мусіць, ужо можна і ехаць?
— Ехаць дык ехаць, сказаў папугай, калі кот Васька цягнуў яго за хвост з клеткі! — жартаўліва ўсклікнуў Алізар.
Усе падняліся з шумам і смехам, дамы шукалі свае капялюшыкі і парасоны і надзявалі пальчаткі; Тальман, які пакутаваў ад бранхіту, крычаў на ўвесь пакой аб тым, каб не забылі цёплых хустак; узнялася ажыўленая мітусня.
Маленькі Міхін адвёў Рамашова ўбок.
— Юрый Аляксеевіч, у мяне да вас просьба, — сказаў ён. — Вельмі прашу вас аб гэтым. Едзьце, калі ласка, з маімі сёстрамі, інакш з імі сядзе Дзіц, а гэта для мяне вельмі непрыемна. Ён заўсёды такія агіднасці гаворыць дзяўчатам, што яны проста плакаць гатовы. Сапраўды, я вораг усякага гвалту, але, далібог, калі-небудзь дам яму аплявуху!..
Рамашову дужа хацелася ехаць разам з Шурачкай, але паколькі ён заўсёды паважаў Міхіна і паколькі чыстыя, ясныя вочы гэтага цудоўнага хлопчыка глядзелі на яго з умольнай просьбай, а таксама і таму, што душа Рамашова ў гэтую хвіліну была ўся перапоўнена вялікім радасным пачуццём, — ён не мог адмовіць і згадзіўся.
Ля ганка доўга і шумна рассаджваліся. Рамашоў сеў з дзвюма паненкамі Міхінымі. Паміж экіпажамі таптаўся са звычайна прыгнечаным, безнадзейна-маркотным выглядам штабс-капітан Лешчанка, якога раней Рамашоў не прыкмеціў і якога ніхто не хацеў браць з сабою ў фаэтон. Рамашоў гукнуў яго і прапанаваў яму месца побач з сабою на пярэдняй лаве. Лешчанка паглядзеў на падпаручніка сабачымі, адданымі, добрымі вачамі і з уздыхам палез у экіпаж.
Нарэшце ўсе расселіся. Дзесьці наперадзе Алізар, крыўляючыся на сваім старым, лянівым кані, заспяваў з аперэткі:
Сядзем у паштовую карэту хутчэй,
Сядзем у паштовую карэту хутчэ-э-э-эй.
— Рыссю ма-а-арррш! — скамандаваў грамавым голасам Асадчы.
Экіпажы крануліся.
Пікнік атрымаўся не столькі вясёлы, колькі гаманкі і бязладна завірушны. Прыехалі за тры вярсты ў Дубечную. Так называўся невялічкі, дзесяцін на пятнаццаць, гаёк, які раскінуўся на доўгім пакатым спадзе, падэшву якога агінала вузенькая светлая рачулка. У гайку раслі рэдкія, але вельмі прыгожыя, магутныя стогадовыя дубы. Ля іх камлёў кусціўся густы хмызняк, але там-сям аставаліся прасторныя цудоўныя палянкі, свежыя, вясёлыя, пакрытыя мяккай і яркай першай траўкай. На адной такой палянцы гасцей ужо чакалі дзеншчыкі, пасланыя наперад з самаварамі і кашамі.
Проста на зямлі разаслалі абрусы і сталі рассаджвацца. Дамы рыхтавалі закусь і талеркі, мужчыны памагалі ім з жартаўлівым падкрэслена-ветлівым выглядам. Алізар абвязаўся адной сурвэткай, як фартухом, а другую начапіў на галаву, у выглядзе каўпака, і строіў з сябе кухара Лукіча з афіцэрскага клуба. Доўга ператасоўвалі месцы, каб дамы сядзелі абавязкова ўпярэмежку з кавалерамі. Прыходзілася напаўляжаць, напаўсядзець у нязручных позах, гэта было цікава і займальна, і з гэтае прычыны маўклівы Лешчанка раптам, на агульнае здзіўленне і пацеху, сказаў з напышлівым і недарэчным выглядам:
— Мы цяпер ляжым, нібы старажытнарымскія грэкі.
Шурачка пасадзіла побач з сабою з аднаго боку Тальмана, а з другога — Рамашова. Яна была надзвычай гаваркая, вясёлая і такая ўзбуджаная, што гэта шмат каму кінулася ў вочы. Ніколі Рамашоў не бачыў яе такой чароўна-прыгожай. Ён бачыў, што ў ёй бруіць, б'ецца і просіцца вонкі нейкае вялікае, новае, ліхаманкавае пачуццё. Часам яна без слоў паварочвалася да Рамашова і моўчкі пазірала на яго, на паўсекунды болей, чым трэба было, крышку больш, чым заўсёды, але кожны раз у яе позірку ён адчуваў тую ж незразумелую яму, гарачую, прыцягальную сілу.
Асадчы, які сядзеў адзін у канцы стала, прыўзняўся і стаў на калені. Пастукаўшы нажом аб шклянку і дачакаўшыся цішыні, ён загаварыў нізкім грудным голасам, які сакавітымі хвалямі загайдаўся ў чыстым лясным паветры:
— Ну, панове... Вып'ем жа першую чарку за здароўе нашай чароўнай гаспадыні і дарагой імянінніцы. Хай дасць ёй бог усякага шчасця і чын генеральшы.
І, высока ўзняўшы вялікую чарку, ён зароў на ўсю сілу свайго страшэннага горла:
— Урра!
Здавалася, увесь гай ахнуў ад гэтага львінага крыку, і гулкае рэха пабегла паміж дрэвамі. Андрусевіч, які сядзеў побач з Асадчым, у камічным жаху паваліўся ніцма, прыкінуўшыся аглушаным. Астатнія дружна закрычалі. Мужчыны пайшлі да Шурачкі чокацца. Рамашоў знарок астаўся апошні, і яна прыкмеціла гэта. Павярнуўшыся да яго, яна, моўчкі і страсна ўсміхаючыся, працягнула сваю чарку з белым віном. Вочы яе ў гэты момант зрабіліся раптам вялікія, пацямнелі, а губы выразна, але бязгучна заварушыліся, вымаўляючы нейкае слова. Аднак яна адразу ж адвярнулася і, смеючыся, загаварыла з Тальманам. «Што яна сказала, — думаў Рамашоў, — ах, што ж яна сказала?» Гэта хвалявала і непакоіла яго. Ён непрыкметна закрыў твар рукамі і стараўся паўтарыць губамі тыя ж рухі, якія рабіла Шурачка; ён хацеў злавіць такім чынам гэтыя словы ў сваім уяўленні, але ў яго нічога не выходзіла. «Мой любы?» «Кахаю вас?» «Ромачка?» — Не, не тое. Аднак ён добра ведаў, што сказанае заключалася ў трох складах.
Читать дальше