— О-о-о! — Веткін шматзначна кіўнуў падбародкам угору. — Я сёння прарабіў такую камбінацыю, што ў любога міністра фінансаў жывот бы забалеў ад зайздрасці.
— Якую менавіта?
Камбінацыя Веткіна была вельмі простая, але не пазбаўленая дасціпнасці, прычым галоўны ўдзел у ёй прымаў палкавы кравец Хаім. Ён узяў ад Веткіна распіску ў атрыманні мундзірнай пары, аднак на самай справе вынаходлівы Павел Паўлавіч атрымаў ад краўца не мундзір, а трыццаць рублёў наяўнымі грашыма.
— А ўрэшце абодва мы асталіся здаволеныя, — гаварыў радасны Веткін, — і жыд здаволены, таму што замест трыццаці рублёў атрымае з абмундзіравальнай касы сорак пяць, і я здаволены, таму што ўзгрэю сёння ў сходзе ўсіх гэтых іграчкоў. Што? Спрытна абладзіў?
— Спрытна! — згадзіўся Рамашоў. — Прыму да ведама на наступны раз. Аднак бывайце, Павел Паўлыч. Жадаю шчаслівай карты.
Яны разышліся. Але праз хвіліну Веткін аклікнуў таварыша. Рамашоў павярнуўся.
— Звярынец глядзелі? — хітра спытаў Веткін, паказваючы цераз плячо вялікім пальцам на дом Рафальскага.
Рамашоў кіўнуў галавой і сказаў з перакананнем:
— Брэм у нас цудоўны чалавек. Такі мілы!
— Што і казаць! — згадзіўся Веткін. — Толькі — псіх!
Пад'язджаючы а пятай гадзіне к дому, які займалі Мікалаевы, Рамашоў са здзіўленнем адчуў, што яго ранішняя вясёлая ўпэўненасць у поспеху сённяшняга дня саступіла месца нейкаму дзіўнаму, беспрычыннаму неспакою. Ён адчуў, што здарылася гэта не раптоўна, не зараз, а значна раней; мусіць, трывога расла ў ягонай душы паступова і неўпрыкмет, пачынаючы з нейкага няўлоўнага моманту. Што гэта магло быць? З ім адбываліся падобныя з'явы і раней, у маленстве, і ён ведаў, што для таго, каб супакоіцца, трэба адшукаць першапачатковую прычыну гэтай няяснай трывогі. Аднойчы, прамучыўшыся такім чынам цэлы дзень, ён толькі пад вечар успомніў, што ў поўдзень, пераходзячы на станцыі цераз рэйкі, быў аглушаны нечаканым свістком паравоза, спалохаўся і, сам гэтага не прыкмеціўшы, сапсаваў сабе настрой; але — успомніў, і яму адразу стала лёгка і нават весела.
І ён пачаў хуценька перабіраць у памяці ўсе ўражанні дня ў адваротным парадку. Крама Свідэрскага: духі, узяў рамізніка Лейбу — ён цудоўна ездзіць; цікавіўся на пошце, якая гадзіна; вельмі прыгожая раніца; Сцяпан... хіба на самай справе Сцяпан? Але не — для Сцяпана ляжыць асобна ў кішэні падрыхтаваны рубель. Што ж тады? Што?
Ля плота ўжо стаялі тры параконныя экіпажы. Два дзеншчыкі трымалі за павады аседланых коней: бурага старога мерына, якога нядаўна Алізар купіў з кавалерыйскага браку, і стройную, нецярплівую, са злосным вогненным вокам, залатую кабылу Бек-Агамалава.
«Ах — пісьмо! — раптам усплыло ў памяці Рамашова. — Гэта дзіўная фраза: нягледзячы ні на што... і падкрэслена... Значыць, нешта ёсць? Магчыма, Мікалаеў злуецца на мяне! Раўнуе? Магчыма, якая-небудзь плётка? Мікалаеў у апошнія дні такі сухі са мною. Не, не, праеду міма!»
— Далей! — закрычаў ён рамізніку.
Але ў гэтую ж хвіліну — не пачуў і не ўбачыў, а хутчэй адчуў, як дзверы ў доме адчыніліся, — адчуў па салодкім і гарачым тыхкаце свайго сэрца.
— Ромачка! Куды ж гэта вы? — пачуўся ззаду яго вясёлы, звонкі голас Аляксандры Пятроўны.
Ён схапіў Лейбу за папругу і выскачыў з экіпажа. Шурачка стаяла ў чорнай раме расчыненых дзвярэй. На ёй была белая гладкая сукенка з чырвонымі кветкамі за поясам, з правага боку; тыя ж кветкі ярка і цёпла палымнелі ў яе ў валасах. Дзіўна: Рамашоў беспамылкова ведаў, што гэта — яна, і ўсё ж да канца не пазнаваў яе. Адчувалася ў ёй штосьці новае, святочнае і радаснае.
У той час, калі Рамашоў мармытаў свае віншаванні яна, не выпускаючы ягонай рукі са сваёй, пяшчотным і фамільярным намаганнем прымусіла яго зайсці разам з ёю ў цёмны пярэдні пакой. І ў гэты час яна гаварыла хутка і напаўголаса:
— Дзякуй, Ромачка, што прыехалі. А я так баялася, што вы адмовіцеся. Слухайце, будзьце сёння добры і вясёлы. Не звяртайце ні на што ўвагі. Вы смешны: зачапі вас крышку, вы ўжо і завялі. Такая вы сарамлівая мімоза.
— Аляксандра Пятроўна... сёння ваша пісьмо так збянтэжыла мяне. Там ёсць адна фраза.
— Любы, любы, не трэба! — Яна ўзяла абедзве яго рукі і моцна сціскала іх, пазіраючы яму проста ў вочы. У гэтым позірку было зноў штосьці зусім незнаёмае Рамашову — нейкая мяккая пяшчота, і пільная ўвага, і неспакой, а яшчэ далей, у загадкавай глыбіні сініх зрэнак, хавалася нешта дзіўнае, незразумелае, якое размаўляе на самай патаемнай, цёмнай мове душы...
Читать дальше