Пілі за здароўе Мікалаева і за поспех яго на будучай службе ў генеральным штабе, пілі ў такім сэнсе, нібыта ніколі і ніхто не сумняваўся, што яму сапраўды ўдасца, нарэшце, паступіць у акадэмію. Потым, па прапанове Шурачкі, выпілі досыць вяла за імянінніка Рамашова; пілі за прысутных дам і за ўсіх прысутных, і за ўсіх наогул дам, і за славу сцягоў роднага палка, і за непераможную расейскую армію...
Тальман, ужо даволі п'яны, устаў і закрычаў асіпла, але з пачуццём:
— Панове, прапаную выпіць тост за здароўе нашага горача любімага, нашага дарагога манарха, за якога кожны з нас гатоў праліць сваю кроў да апошняй кроплі крыві!
Апошнія словы ён выціснуў з сябе нечакана тонкім фальцэтам, таму што ў яго не хапіла ў грудзях паветра. Яго цыганскія, разбойныя чорныя вочы з жоўтымі бялкамі раптам бездапаможна і жаласна замаргалі, і слёзы пацяклі па смуглявых шчоках.
— Гімн, гімн! — у захапленні патрабавала маленькая таўстушка Андрусевіч.
Усе ўсталі. Афіцэры прыклалі рукі да брылёў. Бязладныя, але натхнёныя гукі паляцелі па гайку, і мацней за ўсіх і найбольш фальшыва, з тварам яшчэ больш самотным, як звычайна, спяваў сентыментальны штабс-капітан Лешчанка.
Наогул пілі вельмі многа, як і заўсёды, між іншым, пілі ў палку: у гасцях адзін у аднаго, у сходзе, на ўрачыстых абедах і пікніках. Гаварылі ўжо ўсе адразу, і паасобных галасоў нельга было разабраць. Шурачка, якая выпіла многа белага віна, уся расчырванелая, з вачамі, якія ад павялічаных зрэнак зрабіліся зусім чорныя, з вільготнымі чырвонымі губамі, раптам блізка нахілілася да Рамашова.
— Я не люблю гэтых правінцыяльных пікнікоў, у іх ёсць штосьці дробязнае і пошлае, — сказала яна. — Праўда, гэта трэба было зрабіць дзеля мужа, перад ад'ездам, але, божачка, як усё гэта недарэчна! Усё гэта можна было б зрабіць у нас дома, у садзе, — вы ведаеце, які ў нас цудоўны сад — стары, цяністы. І ўсё ж, не ведаю чаму, я сёння бязмежна шчаслівая. Божа, якая я шчаслівая! Не, Ромачка, любы, я ведаю чаму, і я вам гэта потым скажу, я вам потым скажу... Я скажу... Ах, не, не, Ромачка, я нічога, нічога не ведаю.
Павекі яе прыгожых вачэй напалову апусціліся, і на ўсім твары было нешта прывабнае і пакутліва-нецярплівае. Ён выглядаў бессаромна-цудоўным, і Рамашоў, яшчэ не разумеючы, тайным інстынктам адчуваў на сабе гарачае хваляванне, якое ахапіла Шурачку, адчуваў па тым прыемным дрыжанні, якое прабягала па яго руках і нагах і па яго грудзях.
— Вы сёння незвычайная. Што з вамі? — спытаў ён шэптам.
Яна раптам адказала з нейкім наіўным і пакорлівым здзіўленнем:
— Я вам кажу, што не ведаю. Я не ведаю. Зірніце: неба блакітнае, святло блакітнае... І ў мяне самой нейкі цудоўны блакітны настрой, нейкая блакітная радасць! Наліце мне яшчэ віна, Ромачка, мой мілы хлопчык...
На другім канцы абруса зайшла гаворка аб магчымай вайне з Германіяй, якую тады многія лічылі за справу вырашаную. Разгарэлася спрэчка, крыклівая, у некалькі ртоў, бязладная. Раптам пачуўся злосны рашучы голас Асадчага. Ён быў амаль п'яны, але гэта выяўлялася толькі ў тым, што ягоны прыгожы твар страшэнна пабялеў, а цяжкі позірк вялікіх чорных вачэй стаў яшчэ больш змрочны.
— Глупства! — усклікнуў ён зычна. — Я сцвярджаю, што ўсё гэта глупства. Вайна вырадзілася. Усё вырадзілася на свеце. Дзеці нараджаюцца ідыётамі, жанчыны парабіліся крывабокімі, у мужчын нервы. «Ах — кроў! Ах, я трачу прытомнасць!» — перадражніў ён некага гугнявым тонам. — І ўсё гэта таму, што мінуў час сапраўднай, лютай, бязлітаснай вайны. Хіба гэта вайна? За пятнаццаць вёрст па табе — бах! — і ты вяртаешся дадому героем. Божа ты мой, якое тут геройства! Узялі цябе ў палон. «Ах, любы, ах, галубок, ці не хочаш запаліць папяроску? Або, можа, чайку? Ці не холадна табе, няшчасны? Ці мякка табе?» У-у! — Асадчы грозна зарыкаў і апусціў галаву, нібы бык, які збіраецца нанесці ўдар. — У сярэднія вякі біліся — гэта я разумею. Начны штурм. Увесь горад у агні. «На тры дні аддаю горад салдатам на разграбленне!» Уварваліся. Кроў і агонь. У бочках з віном вылятаюць донцы. Кроў і віно на вуліцах. О, якія вясёлыя былі гэтыя балі на руінах! Жанчын — голых, прыгожых, са слязьмі на вачах — цягнулі за валасы. Спагады нікому не было. Яны былі салодкай здабычай адважных!..
— Аднак вы не дужа разыходзьцеся, — заўважыла жартаўлівая Соф'я Паўлаўна Тальман.
— Па начах гарэлі хаты, і дзьмуў вецер, і ад ветру гайдаліся чорныя целы на вісельнях, і над імі крычалі крумкачы. А пад вісельнямі гарэлі кастры і балявалі пераможцы. Палонных не было. Навошта палонныя? Навошта адрываць для іх лішнія сілы? А-ах! — злосна прастагнаў са сцятымі зубамі Асадчы. — Што гэта быў за смелы, што за цудоўны час! А бітвы! Калі сыходзіліся адзін з адным і біліся гадзінамі, спакойна і люта, з майстэрствам. Якія гэта былі людзі, якая страшэнная фізічная сіла! Панове! — Ён падняўся на ногі і выпрастаўся на ўвесь свой вялізны рост, і голас у яго зазвінеў захапленнем і дзёрзкасцю. — Панове, я ведаю, што вы з ваенных вучылішч вынеслі залатушныя, слабыя веды аб сучаснай гуманнай вайне. Але я п'ю... Калі нават ніхто не далучыцца да мяне, я п'ю адзін за радасць ранейшых войнаў, за вясёлую і крывавую жорсткасць!
Читать дальше