— Калі ласка, не трэба. Не думайце сёння пра гэта... Няўжо вам мала таго, што я ўвесь час чакала, калі вы будзеце ехаць. Я ж ведаю, які вы баязліўчык. Не глядзіце на мяне гэтак, прашу вас!
Яна збянтэжана засмяялася і паківала галавой.
— Ну, досыць... Ромачка непаваротлівы, зноў вы не цалуеце рук! Вось так. Цяпер другую. Так. Разумнік. Хадземце. Не забудзьце ж, — прамовіла яна таропкім, гарачым шэптам, — сёння наш дзень. Царыца Аляксандра і яе рыцар Георгій. Чуеце? Хадземце.
— Вось дазвольце вам... Сціплы падарунак...
— Што гэта? Духі? Якое вы глупства робіце! Не, не, я жартую. Дзякуй вам, любы Ромачка. Валодзя! — сказала яна зычна і проста, заходзячы ў гасціную. — Вось нам і яшчэ адзін кампаньён для пікніка. І яшчэ ў дадатак імяніннік.
У гасцінай было шумна і бязладна, як заўсёды бывае перад агульным ад'ездам. Густы тытунёвы дым здаваўся нябесна-блакітным у тых мясцінах, дзе яго прарэзвалі, выбіваючыся з вокан, касыя снапы вясенняга сонца. Пасярэдзіне гасцінай стаялі, гучна размаўляючы, сем ці восем афіцэраў, і з іх асабліва моцна крычаў сваім асіплым голасам, штохвілінна кашляючы, высокі Тальман. Тут былі: капітан Асадчы, і неразлучныя ад'ютанты Алізар з Бек-Агамалавым, і паручнік Андрусевіч, маленькі жвавы чалавек з вострым мышыным тварыкам, і яшчэ нехта, каго Рамашоў адразу не разгледзеў. Соф'я Паўлаўна Тальман, вясёлая, напудраная і падфарбаваная, падобная да вялікай прыгожай куклы, сядзела на канапе з дзвюма сёстрамі падпаручніка Міхіна. Абедзве паненкі былі ў аднолькавых просценькіх, сваёй работы, але мілых сукенках, белых з зялёнымі стужкамі; абедзве ружовыя, чорнавалосыя, цёмнавокія і з вяснушкамі; у абедзвюх былі асляпляльна белыя, але няправільна размешчаныя зубы, што, аднак, надавала іх свежым ртам своеасаблівую чароўнасць; абедзве прыгожыя і вясёлыя, вельмі падобныя адна да аднае і разам з тым да свайго вельмі непрыгожага брата. З палкавых дам была яшчэ запрошана жонка паручніка Андрусевіча, маленькая белатварая таўстуха, недалёкая і смяшлівая, ахвотніца да ўсякіх двухсэнсоўных і непрыстойных анекдотаў, а таксама мілыя з выгляду, гаваркія і картавыя паненкі Лыкачовы.
Як і заўсёды ў афіцэрскай кампаніі, дамы трымаліся купкай, асобна ад мужчын. Каля іх сядзеў, нядбайна і фатаўскі раскінуўшыся ў крэсле, адзін штабс-капітан Дзіц. Гэты афіцэр, падобны сваёй зацягнутай фігурай і тыпам свайго дачасна састарэлага і самаўпэўненага твару да прускіх афіцэраў, як іх малююць у нямецкіх карыкатурах, быў пераведзены ў пяхотны полк з гвардыі за нейкую цёмную, скандальную гісторыю. Ён вызначаўся непахісным апломбам у размовах з мужчынамі і нахабнай прадпрымальнасцю — з дамамі і вёў вялікую, заўсёды шчаслівую картачную гульню, але не ў афіцэрскім сходзе, а ў грамадзянскім клубе, у дамах гарадскіх чыноўнікаў і ў навакольных польскіх памешчыкаў. Яго ў палку не любілі, але пабойваліся і ўсё неяк трывожна чакалі ад яго ў будучым нейкага бруднага і агіднага выбрыку. Казалі, што ён знаходзіцца ў сувязі з маладою жонкаю лядашчага брыгаднага камандзіра, які жыў у тым жа горадзе. Было таксама дакладна вядома пра яго блізкасць з madame Тальман: дзеля яе яго і запрашалі вычайна ў госці — гэтага патрабавалі своеасаблівыя законы палкавой ветлівасці і ўвагі.
— Вельмі рады, вельмі рады, — гаварыў Мікалаеў, ідучы насустрач Рамашову, — тым лепей. Чаму ж вы раніцаю не прыехалі на пірог?
Ён гаварыў гэта гасцінна, з ветлівай усмешкай, але ў ягоным голасе і ў вачах Рамашоў добра ўлавіў тое ж самае адчужэнне, фальшывы і сухі выраз, якія ён амаль неўсвядомлена адчуваў, сустракаючыся з Мікалаевым увесь апошні час.
«Ён мяне не любіць, — хутка сказаў сам сабе Рамашоў. — Чаго ён? Злуецца? Раўнуе? Надакучыў я яму?»
— Ведаеце... у нас у роце правяраюць зараз зброю, — смела схлусіў Рамашоў. — Рыхтуемся да агляду, няма адпачынку нават па святах... Аднак я вельмі сканфужаны... Я ніяк не думаў, што ў вас пікнік, і атрымалася так, нібыта я напрасіўся. Сапраўды, мне сорамна...
Мікалаеў шырока ўсміхнуўся і са зняважлівай ветлівасцю паляпаў Рамашова па плячы.
— О, не, што вы, мой шаноўны... Больш народу — весялей... што гэта за кітайскія цырымоніі!.. Толькі вось не ведаю, як наконт месц у фаэтонах. Але я думаю, што як-небудзь рассядземся.
— У мяне экіпаж, — супакоіў яго Рамашоў, ледзь прыкметна адхіляючы плячо ад рукі Мікалаева. — Наадварот, я з ахвотаю гатовы аддаць яго ў ваша распараджэнне.
Ён азірнуўся і сустрэўся вачамі з Шурачкай.
«Дзякуй, любы!» — сказаў яе цёплы, па-ранейшаму дзіўнавата-ўважлівы позірк.
Читать дальше