Ва ўсіх кутках былі зроблены норкі і логавы ў выглядзе будачак, пустых пнёў, бочак без дна. У двух пакоях стаялі разгалістыя дрэвы — адно для птушак, другое для куніц і вавёрак, са штучнымі дупламі і гнёздамі. У тым, як усё было прыстасавана для звяроў, адчувалася клапатлівая абдуманасць, любоў да жывёл і вялікая назіральнасць.
— Бачыце вы гэтага звера? — Рафальскі паказаў пальцам на маленькі заканурак, абкружаны густою загарадкаю з калючага дроту. З яго напаўкруглай адтуліны, велічынёю з донца шклянкі, бліскалі дзве чорныя кропачкі. — Гэта самая драпежная, самая, нейкім чынам, лютая жывёліна ва ўсім свеце. Шашок. Не, вы не думайце, перад ім усе гэтыя львы і пантэры — лагодныя цяляты. Леў з'еў свой пуд мяса і пайшоў сабе, — глядзіць спакойна, як даядаюць шакалы. А гэты маленькі прахвост, калі забярэцца ў куратнік, дык ніводнай курыцы не пакіне — абавязкова ў кожнай перакусіць вось тут, ззаду, мазжачок. Да таго часу не супакоіцца, нягоднік. І прытым самы дзікі, самы цяжкі да прыручэння з усіх звяроў. У, ты, ліхадзей!
Ён засунуў руку за загарадку. З круглых дзверцаў адразу ж высунулася маленькая раз'ятраная мордачка з разяўленай пашчай, у якой бліскалі белыя вострыя зубкі. Шашок то хуценька паказваўся, то хаваўся, суправаджаючы гэта гукамі, якія нагадвалі злосны кашаль.
— Бачыце, які ён? А я ж яго цэлы год кармлю...
Падпалкоўнік, мусіць, зусім забыўся на просьбу Рамашова. Ён вадзіў яго ад нары да нары і паказваў яму сваіх пестуноў, гаворачы пра іх з такім захапленнем і з такой пяшчотай, з такім веданнем іх нораваў і характараў, нібы справа тычылася яго добрых, мілых знаёмых. І сапраўды, для аматара, ды яшчэ такога, які жыве ў пазаштатным гарадку, у яго была даволі значная калекцыя: белыя мышы, трусы, марскія свінкі, вожыкі, суркі, некалькі гадаў у шкляных скрынках, некалькі гатункаў яшчарак, дзве малпы-мартышкі, чорны аўстралійскі заяц і рэдкі, цудоўны экземпляр ангорскага ката.
— Што? Прыгожы? — спытаў Рафальскі, паказваючы на ката. — Сапраўды, нейкім чынам, цуд? Але не паважаю. Самы дурны з усіх катоў. Вось зноў! — раптам ажывіўся ён. — Вось вам зноў доказ, якія мы нядбайныя ў адносінах да псіхікі нашых хатніх жывёл. Што мы ведаем пра ката? А пра каня? А пра карову? А пра свінню? Ведаеце, хто яшчэ надзвычай разумны? Гэта свіння. Так, так, вы не смейцеся, — Рамашоў і не думаў смяяцца, — свінні страшэнна разумныя. У мяне кабан летась якую штуку выдумаў. Прывозілі мне брагу з цукровага завода, нейкім чынам, для агарода і для свіней. Дык яму, бачыце, не хапала цярплівасці чакаць. Фурман пойдзе да майго дзеншчыка, а ён зубамі возьме і выцягне затычку з бочкі. Брага, ведаеце, ліецца, а ён сабе ўпіваецца шчасцем. Ды гэта што яшчэ: аднойчы, калі яго абвінавацілі ў гэтым злачынстве, дык ён не толькі выцягнуў затычку, а аднёс яе на агарод і закапаў у градцы. Вось вам і свіння. Прызнацца, — Рафальскі прыжмурыў адно вока і зрабіў хітры твар, — прызнацца, я пра сваіх свіней маленькі артыкульчык пішу... Толькі цсс!.. сакрэт... нікому. Неяк няёмка: падпалкоўнік вялікай расейскай арміі і раптам — пра свіней. Цяпер у мяне вось йоркшыры. Бачылі? Хочаце, пойдзем зірнем? Там у мяне на дварэ ёсць яшчэ барсучок маладзенькі, цудоўны барсучок... Пойдзем?
— Даруйце, Іван Антонавіч, — сумеўся Рамашоў. — Я б з радасцю. Але толькі, далібог, няма часу.
Рафальскі пляснуў сябе даланёю па лбе.
— Ах, бацюхны мае! Прабачце вы мне, калі ласка. Я, стары дзівак, зусім усхадзіўся... Ну, ну, ну, хадземце хутчэй.
Яны зайшлі ў маленькі голы пакой, дзе нічога не было, апрача нізкага паходнага ложка, палатно якога абвісала, быццам дно лодкі, ды начнога століка з услонам. Рафальскі выцягнуў шуфлядку і дастаў грошы.
— Вельмі рады зрабіць вам паслугу, падпаручнік, вельмі рады. Ну, вось... якая там удзячнасць! Глупства... Я рады... Заходзьце, калі будзе час. Пагаворым.
Рамашоў выйшаў на вуліцу і адразу ж сутыкнуўся з Веткіным. Вусы ў Паўла Паўлавіча былі па-заліхвацку растрапаны, а фуражка з прыплясканымі па баках, для форсу, палямі зухавата сядзела набакір.
— А-а! Прынц Гамлет! — крыкнуў радасна Веткін. — Адкуль і куды? Тфу, чорт, вы ззяеце, нібы імяніннік.
— А я і ёсць імяніннік, — усміхнуўся Рамашоў.
— Так? А і сапраўды: Георгій і Аляксандра. Цудоўна. Дазвольце горача абняць вас!
І яны тут жа, на вуліцы, моцна расцалаваліся.
— Можа, з гэтага выпадку зойдзем у сход? Перакулім па адной, як кажа наш велікасвецкі Арчакоўскі? — прапанаваў Веткін.
— Не магу, Павел Паўлыч. Спяшаюся. Між іншым, здаецца, вы сёння выпілі ўжо?
Читать дальше