Ваша А.М.».
Пісьмо дрыжала ў руках у Рамашова, калі ён яго чытаў. Ужо цэлы тыдзень не бачыў ён мілага, то ласкавага, то насмешлівага, то па-сяброўску ўважлівага твару Шурачкі, не адчуваў на сабе яе пяшчотнай і ўладнай абаяльнасці. «Сёння!» — радасна сказаў унутры ў яго вясёлы шэпт.
— Сёння! — гучна крыкнуў Рамашоў і босы саскочыў з ложка на падлогу. — Гайнан, памыцца!
Зайшоў Гайнан.
— Ваша благароддзя, там дзяншчык стаіць. Пытаецца: будзеш пісаць адказ?
— Вось яно што! — Рамашоў вылупіў вочы і злёгку прысеў. — Ссс... Трэба было б яму гасцінца, а ў мяне нічога няма. — Ён з недаўменнем паглядзеў на дзеншчыка.
Гайнан шырока і радасна ўсміхнуўся.
— Міне таксама нічога няма!.. Табе няма, міне няма. Э, чаго там! Яна і так пойдзе.
Хутка прамільгнула ў памяці ў Рамашова чорная вясенняя ноч, гразь, азызлы, слізкі паркан, да якога ён прытуліўся, і раўнадушны голас Сцяпана з цемры: «Ходзіць, ходзіць кожны дзень...» Прыгадаўся яму і ўласны нясцерпны сорам. О, колькі будучых асалодаў аддаў бы цяпер падпаручнік за дзве грыўні, за адну грыўню!
Рамашоў сутаргава і моцна пацёр рукамі твар і нават крактануў ад хвалявання.
— Гайнан, — сказаў ён шэптам, баязліва касавурачыся на дзверы. — Гайнан, ты ідзі скажы яму, што падпаручнік увечары абавязкова дадуць яму гасцінца. Чуеш: абавязкова.
Рамашоў адчуваў цяпер вострую патрэбу ў грошах. Крэдыт быў спынены яму ўсюды: у буфеце, у афіцэрскай эканамічнай крамцы, у афіцэрскім капітале... Можна было браць толькі абед і вячэру ў сходзе, і то без гарэлкі і закусі. У яго нават не было ні гарбаты, ні цукру. Аставалася толькі, па нейкай насмешлівай, выпадковай гульні, вялізная бляшанка кавы. Рамашоў мужна піў яе раніцамі без цукру, а ўслед за ім, з гэтакай жа пакорлівасцю, дапіваў яе Гайнан.
І цяпер, з грымасамі агіды сёрбаючы чорную, моцную, горкую бурду, падпаручнік глыбока задумаўся над сваім становішчам. «Гм... па-першае, як прыйсці без падарунка? Цукеркі ці пальчаткі? Між іншым, невядома, які нумар яна носіць. Цукеркі? Лепш за ўсё, вядома, духі: цукеркі тут нясмачныя... Веер? Гм!.. Так, безумоўна, лепш духі. Яна любіць Эс-буке. Потым выдаткі на пікніку: рамізнік туды і назад, прыкладна — пяць, гасцінца Сцяпану — р-рубель. Так, пан падпаручнік Рамашоў, без дзесяці рублёў вам не абысціся».
І стаў перабіраць у галаве ўсе рэсурсы. Жалаванне? Але не далей як учора ён распісаўся ў ведамасці: «Разлік правільны. Падпаручнік Рамашоў». Усё яго жалаванне было акуратна разнесена па графах, у ліку якіх было і ўтрыманне па прыватных векселях; падпаручніку не давялося атрымаць ні капейкі. Можа, папрасіць наперад? Гэтым сродкам ён карыстаўся самае малое разоў з трыццаць, але заўсёды без поспеху. За казначэя быў штабс-капітан Дарашэнка — чалавек змрочны і суровы, асабліва да «фендрыкаў». У турэцкую вайну ён быў паранены, але ў самае нязручнае і неганаровае месца — у пятку. Пастаянныя кпіны і вострыя жарты з яго раны (якую ён, аднак, атрымаў не пры ўцёках, а ў той час, калі, павярнуўшыся да свайго ўзвода, камандаваў наступленне) зрабілі тое, што ён пайшоў на вайну жыццярадасным прапаршчыкам, а вярнуўся з яе злосным і нервовым іпахондрыкам. Не, Дарашэнка не дасць грошай, а тым больш падпаручніку, які ўжо трэці месяц піша: «Разлік правільны».
«Але не будзем нудзіцца! — казаў сам сабе Рамашоў. — Перабяром у памяці ўсіх афіцэраў. Пачнём з ротных. Па парадку. Першая рота — Асадчы».
Перад Рамашовым паўстаў незвычайны, прыгожы твар Асадчага, з яго цяжкім, звярыным позіркам. «Не, толькі не ён. Толькі не ён. Другая рота — Тальман. Мілы Тальман: ён заўсёды і ўсюды хапае рублі, нават у падпрапаршчыкаў. Хутынскі?»
Рамашоў задумаўся. Шалёная, блазенская думка мільганула ў ягонай галаве: пайсці і папрасіць у палкавога камандзіра: «Уяўляю! Напэўна, спачатку аслупянее ад жаху, потым задрыжыць у шаленстве, а потым грымне, як з мартыры: «Што-о? Маў-ча-аць! На чацвера сутак на гаўптвахту!»
Падпаручнік зарагатаў. Не, усё роўна, што-небудзь ды прыдумаецца! Дзень, які пачаўся гэтак радасна, не можа быць няўдалым. Гэта няўлоўна, гэта загадкава, але яно заўсёды беспамылкова адчуваецца дзесьці ўглыбіні, па-за свядомасцю.
«Капітан Дзювернуа? Яго салдаты смешна завуць: Давярні-нага. А яшчэ гавораць, што быў нейкі генерал Будберг фон Шаўфус, — дык салдаты далі яму мянушку: Вудка за цэхаўзам. Не, Дзювернуа скупы і не любіць мяне — я гэта ведаю...»
Гэтак перабраў ён усіх ротных камандзіраў ад першай роты да шаснаццатай і нават да нестраявой, потым з уздыхам перайшоў да малодшых афіцэраў. Ён яшчэ не траціў надзеі, але пачынаў ужо цьмяна непакоіцца, як раптам адно імя мільганула ў яго ў галаве: «Падпалкоўнік Рафальскі!»
Читать дальше