— Рафальскі. А я ламаў галаву!.. Гайнан! Сурдут, пальчаткі, паліто — хутка!
Падпалкоўнік Рафальскі, камандзір чацвертага батальёна, быў стары дзівакаваты халасцяк, якога ў палку, жартам і, вядома, за вочы, звалі палкоўнікам Брэмам. Ён ні да кога з таварышаў не заходзіў, абмяжоўваючыся толькі афіцыйнымі візітамі на вялікдзень і на Новы год, а да службы ставіўся так нядбайна, што пастаянна атрымліваў вымовы ў загадах і страшэнныя разносы на вучэннях. Увесь свой час, увесь свой клопат і ўсю нескарыстаную здольнасць сэрца да любві і да замілавання ён аддаваў сваім мілым звярам — птушкам, рыбам і чатырохногім, якіх у яго быў цэлы вялікі і арыгінальны звярынец. Палкавыя дамы, якія ў глыбіні душы былі пакрыўджаны яго няўвагай да іх, казалі, што яны не разумеюць, як гэта можна заходзіць да Рафальскага: «Ах, гэта такі жах, гэтыя звяры! І потым, прабачце за слова — ссмурод! фу!»
Усе свае зберажэнні палкоўнік Брэм траціў на звярынец. Гэты дзівак абмежаваў свае патрэбы апошняй ступенню неабходнага: насіў шынель і мундзір невядома якога часу, спаў абы-як, еў з катла пятнаццатай роты, прычым уносіў у гэты кацёл суму для салдацкага прыварку больш чым значную. Але таварышам, асабліва малодшым афіцэрам, ён, калі меў грошы, рэдка адмаўляў у невялікіх пазыках. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што аддаваць яму даўгі лічылася як нешта непрынятае, нават смешнае — таму ён і лічыўся дзіваком палкоўнікам Брэмам.
Шалапутныя прапаршчыкі, накшталт Лбова, ідучы да яго пазычаць два рублі, так і гаварылі: «Іду глядзець звярынец». Гэта быў падыход да сэрца і кішэні старога халасцяка. «Іван Антонавіч, ці няма новенькіх звяркоў? Пакажыце, калі ласка. Вы так цікава пра ўсё гэта расказваеце...»
Рамашоў таксама часцяком наведваў яго, але пакуль што без карыслівых мэт: ён і на самай справе любіў жывёл нейкай асаблівай, пяшчотнай і пачуццёвай любоўю. У Маскве, як быў кадэтам, а потым юнкерам, ён куды больш ахвотна хадзіў у цырк, як у тэатр, а яшчэ ахвотней у заалагічны сад і ва ўсе звярынцы. Яго дзіцячай марай было набыць сенбернара; цяпер жа ён тайна марыў пра пасаду батальённага ад'ютанта, каб набыць каня. Але абедзвюм марам не суджана было ажыццявіцца: у маленстве — праз тую ж беднасць, у якой жыла яго сям'я, а ад'ютантам яго наўрад ці маглі б прызначыць, таму што ён не меў «самавітай знешнасці».
Ён выйшаў з дому. Цёплае вясенняе паветра з пяшчотнай ласкай гладзіла яго шчокі. Зямля, якая нядаўна толькі абсохла пасля дажджу, паддавалася пад нагамі з прыемнай пругкасцю. З-за парканаў густа і нізка звешваліся на вуліцу белыя шапкі чаромхі і ліловыя — бэзу. Штосьці раптам з незвычайнай сілай заварушылася ў грудзях у Рамашова, нібы ён збіраўся ляцець. Азірнуўшыся на бакі і ўбачыўшы, што на вуліцы нікога няма, ён выняў з кішэні Шурачкіна пісьмо, перачытаў яго і моцна пацалаваў яе подпіс.
— Мілае неба! Мілыя дрэвы! — прашаптаў ён з вільготнымі вачамі.
Палкоўнік Брэм жыў у глыбіні двара, абнесенага высокай зялёнай сеткай. На варотцах быў кароткі надпіс: «Без званка не заходзіць. Сабакі!!» Рамашоў пазваніў. З варотцаў выйшаў ускалмачаны, лянівы, заспаны дзяншчык.
— Палкоўнік дома?
— Калі ласка, ваша благароддзе.
— Ты ідзі, далажы спачатку.
— Нічога, калі ласка, так. — Дзяншчык сонна пачухаў ляжку. — Яны гэтага не любяць, каб, напрыклад, дакладваць.
Рамашоў пайшоў уздоўж цаглянай дарожкі к дому. З-за вугла выскачылі два вялізныя маладыя карнавухія догі мышастага колеру. Адзін з іх гучна, але дабрадушна забрахаў. Рамашоў папстрыкаў яму пальцамі, і дог пачаў кідацца пярэднімі нагамі то ўправа, то ўлева і яшчэ гучней брахаць. Яго ж таварыш ішоў па пятах за падпаручнікам і, выцягнуўшы пысу, з цікаўнасцю прынюхваўся да яго шыняля. У глыбіні двара, на зялёнай маладой траўцы, стаяў маленькі асёл. Ён мірна драмаў пад вясеннім сонцам, жмурачыся і варушачы вушамі ад задавальнення. Тут жа сноўдалі куры і разнаколерныя певуны, качкі і кітайскія гусі з наростамі на насах; страшэнна крычалі цацаркі, а прыгажун індык, распусціўшы хвост і драпаючы крыламі зямлю, ганарыста і юрліва круціўся вакол індычак з тонкімі шыйкамі. Ля карыта ляжала бокам на зямлі вялізная ружовая йоркшырская свіння.
Палкоўнік Брэм у скураной шведскай куртцы стаяў ля акна, спіною да дзвярэй, і не заўважыў, калі зайшоў госць. Ён корпаўся каля шклянога акварыума, засунуўшы туды руку да локця. Рамашоў павінен быў два разы гучна кашлянуць, перш чым Брэм павярнуў назад свой худы, барадаты, доўгі твар у чарапахавых акулярах.
Читать дальше