— А-а, падпаручнік Рамашоў! Калі ласка, прашу вас... — сказаў Рафальскі прыветліва. — Прабачце, што не падаю рукі — мокрая. А я, бачыце, нейкім чынам, новы сіфон прымайстроўваю. Спрасціў ранейшы, і атрымалася цудоўна. Хочаце гарбаты?
— Шчыра дзякую. Піў ужо. Я, пан палкоўнік, прыйшоў...
— Вы чулі: ходзіць погаласка, што полк перавядуць у другі горад, — гаварыў Рафальскі, нібыта працягваючы толькі што перапыненую размову. — Вы разумееце, я, нейкім чынам, проста ў адчаі. Уявіце сабе, ну як я сваіх рыб буду перавозіць? Палова ж пэўна здохне. А акварыум? Шкло — зірніце самі — паўтары сажні даўжынёю. Ах, браток! — раптам пераскочыў ён на другую тэму, — які акварыум я бачыў у Севастопалі! Вадаёмы... нейкім чынам... далібог, вось з гэты пакой, каменныя, з праточнай марской вадой, электрычнасць! Стаіш і глядзіш зверху, як гэтая рыба жыве. Бялугі, акулы, скаты, марскія пеўні — ах, даражэнькія мае! Або, нейкім чынам, марскі кот: уявіце сабе гэтакі блін, аршыны на паўтара ў дыяметры, і варушыць краямі, разумееце, гэтак хваляпадобна, а ззаду хвост, як страла... Я гадзіны дзве стаяў... Чаго вы смеіцёся?
— Даруйце... Я толькі цяпер заўважыў, што ў вас на плячы сядзіць белая мыш...
— Ах ты, свавольніца, куды залезла! — Рафальскі павярнуў галаву і цмокнуў губамі, але надзвычай тонка, падобна да мышынага піску. Маленькі белы чырванавокі звярок спусціўся к самаму яго твару і, уздрыгваючы ўсім цельцам, стаў мітусліва тыцкацца лыскай у бараду і ў рот чалавека.
— Як яны вас ведаюць! — сказаў Рамашоў.
— Так... ведаюць. — Рафальскі ўздыхнуў і паківаў галавою. — А вось і бяда, што мы іх не ведаем. Людзі выдрэсіравалі сабаку, прывучылі, нейкім чынам, каня, прыручылі ката, а што гэта за істоты такія — гэтага мы нават ведаць не хочам. Другі вучоны іншы раз усё жыццё, ліха на яго, аддасць вывучэнню нейкага дапатопнага слова, і ўжо такая яму за гэта пашана, што пры жыцці за святога прымаюць. А тут... вазьміце вы хоць тых жа сабак. Жывуць з намі побач жывыя, разумныя жывёлы, і хоць бы адзін прыват-дацэнт надумаўся заняцца іх псіхалогіяй!
— Відаць, ёсць якія-небудзь працы, але мы іх не ведаем? — асцярожна выказаў свае меркаванні Рамашоў.
— Працы? Гм... вядома, ёсць, і самыя грунтоўныя. Вось зірніце, нават у мяне — цэлая бібліятэка. — Падпалкоўнік паказаў рукою на шафы ўздоўж сцен. — Разумна пішуць і пранікнёна. Веды багатыя! Якія прыборы, якія дасціпныя спосабы... Але не тое, зусім не тое, што я кажу! Ніхто з іх, нейкім чынам, не здагадаўся ўзяць сабе за мэту — ну хоць бы ўважліва прасачыць адзін толькі дзень сабакі або ката. Ты вось ідзі, панаглядай: як сабака жыве, што ён думае, як хітруе, як пакутуе, як радуецца. Паслухайце: я бачыў, чаго дабіваюцца ад жывёл клоўны. Дзіва!.. Уявіце сабе, гіпноз, нейкім чынам, сапраўдны гіпноз! Што мне адзін клоўн паказваў у Кіеве ў гатэлі — гэта незвычайна, проста неверагодна! Але вы падумайце — клоўн, клоўн! А што, каб за гэта ўзяўся сур'ёзны натураліст, узброены ведамі, з іх цудоўным умельствам абстаўляць вопыты, з іх навуковымі сродкамі. О, якія б незвычайныя рэчы мы пачулі пра разумовыя здольнасці сабакі, пра яго характар, пра веданне лічбаў, ды ці мала яшчэ пра што! Цэлы свет, вялізарны, цікавы свет. Ну, вось, як хочаце, а я перакананы, што ў сабак ёсць свая мова, і, нейкім чынам, багатая мова.
— Дык чаму ж яны за гэта па сённяшні дзень не ўзяліся, Іван Антонавіч? — спытаў Рамашоў. — Гэта ж так проста!
Рафальскі з'едліва засмяяўся.
— Менавіта таму, хе-хе-хе, што проста. Менавіта таму. Па-першае, што для яго сабака? Хрыбетнае, млекакормячае, драпежнае, з пароды сабакавых і гэтак далей. Усё гэта так. Не, ты падыдзі да сабакі, як да чалавека, як да дзіцяці, як да разумнай істоты. Сапраўды, яны са сваім навуковым гонарам не дужа далёка апярэдзілі мужыка, які лічыць, што ў сабакі, нейкім чынам, замест душы пара.
Ён змоўк і пачаў, злосна сапучы і крэкчучы, корпацца над гутаперчавай трубкай, якую ён прымайстроўваў да дна акварыума. Рамашоў сабраўся з духам.
— Іван Антонавіч, у мяне да вас вялікая, вялікая просьба...
— Грошай?
— Сапраўды, сорамна вас непакоіць. Ды мне няшмат, рублёў дзесяць. Хутка аддаць не абяцаю, але...
Іван Антонавіч выняў рукі з вады і стаў выціраць іх ручніком.
— Дзесяць магу. Больш не магу, а дзесяць з вялікай ахвотай. Вам, вядома, на глупства? Ну, ну, ну, я жартую. Пойдзем.
Ён павёў яго за сабою цераз усю кватэру, якая складалася з пяці-шасці пакояў. Не было ў іх ні мэблі, ні фіранак. Паветра было насычана вострым пахам, які ўласцівы жытлу невялікіх драпежнікаў. Падлога была забруджана так, што па ёй слізгалі ногі.
Читать дальше