У ротнай школе займаліся «славеснасцю». У цесным пакоі, на лавах, састаўленых чатырохкутнікам, сядзелі тварамі ўсярэдзіну салдаты трэцяга ўзвода. Пасярод гэтага чатырохкутніка хадзіў узад і ўперад яфрэйтар Сераштан. Побач, у гэткім жа чатырохкутніку, гэтак жа хадзіў узад і ўперад другі унтэр-афіцэр паўроты — Шапаваленка.
— Бандарэнка! — выкрыкнуў зычным голасам Сераштан.
Бандарэнка, стукнуўшыся абедзвюма нагамі аб падлогу, усхапіўся так хутка, нібы драўляная лялька з заводам.
— Калі ты, напрыклад, Бандарэнка, стаіш у страі з ружжом, а да цябе падыходзіць начальства і пытаецца: «Што ў цябе ў руках, Бандарэнка?» Што ты павінен адказваць?
— Ружжо, дзядзечка? — здагадваецца Бандарэнка.
— Брэшаш. Хіба ж гэта ружжо? Ты б яшчэ сказаў па-вясковаму: рушніца. Дома гэта было ружжо, а на службе завецца проста: дробнакаліберная скарастрэльная пяхотная вінтоўка сістэмы Бердана, нумар другі, са слізготным затворам. Паўтары, чортаў сын!
Бандарэнка скорагаворкай паўтарае словы, якія ён ведаў, безумоўна, і раней.
— Сядай! — камандуе літасціва Сераштан. — А для чаго яна табе дадзена? На гэтае пытанне адкажа мне... — Ён абводзіць строгімі вачамі ўсіх падначаленых па чарзе: — Шаўчук!
Шаўчук падымаецца з панурым выглядам і адказвае глухім басам, марудна і ў нос і так адрывае фразы, быццам ставіць пасля іх кропкі:
— Вона міні дадзена для таго. Шчоб я ў мірны час рабіў з ёю ружэйныя прыёмы. А ў ваенны час. Абараняў трон і бацькаўшчыну ад ворагаў. — Ён памаўчаў, пацягнуў носам і змрочна дадаў: — Як унутраных, так і ўнешніх.
— Так. Ты добра ведаеш, Шаўчук, толькі мямліш. Салдат павінен мець у сабе весялосць, як арол. Сядай. Цяпер скажы, Авечкін: каго мы лічым за ворагаў унешніх?
Бойкі арловец Авечкін, у голасе якога адчуваецца саладжавая скорагаворка ў мінулым прыказчыка з крамы дробнага тавару, адказвае хутка і фарсіста, захлёбваючыся ад задавальнення:
— Знешнімі ворагамі мы лічым усе тыя дзяржавы, з якімі нам даводзіцца весці вайну. Францюзы, немцы, італьянцы, туркі, іўрапейцы, індзі...
— Годзе, — абрывае яго Сераштан, — гэтага ўжо ў статуце няма. Сядай, Авечкін. А цяпер скажы мне... Архіпаў! Каго мы лічым за ворагаў у-ну-траны-ых?
Апошнія два словы ён вымаўляе асабліва гучна і важка, быццам падкрэсліваючы іх, і кідае шматзначны позірк у бок вальнапісанага Маркусона.
Няўклюдны, рабы Архіпаў упарта маўчыць, пазіраючы ў акно ротнай школы. Дзелавіты, разумны і спрытны хлопец па-за службай, ён паводзіць сябе на занятках поўным ідыётам. Мусіць, гэта з тае прычыны, што яго здаровы розум, які прывык наглядаць і абдумваць простыя і зразумелыя з'явы вясковага побыту, ніяк не можа ўлавіць сувязі паміж «славеснасцю», якой яго навучаюць, і сапраўдным жыццём.
Таму ён не разумее і не можа завучыць самага простага, на вялікае здзіўленне і гнеў свайго ўзводнага начальніка.
— Н-ну! Доўга я цябе буду чакаць, пакуль ты збярэшся? — пачынае злавацца Сераштан.
— Нутранімі ворагамі... ворагамі...
— Не ведаеш? — пагрозліва ўсклікнуў Сераштан і падаўся быў да Архіпава, але, скоса зірнуўшы на афіцэра, толькі затрос галавою і зрабіў Архіпаву страшэнныя вочы. — Ну, слухай. За ўнутраных ворагаў мы лічым усіх, хто супраціўляецца закону. Напрыклад, каго?.. — Ён сустракае ліслівыя вочы Авечкіна. — Скажы хоць ты, Авечкін.
Авечкін усхопліваецца і радасна крычыць:
— Так што бунтаўшчыкі, сцюдэнты, канакрады, жыды і палякі!
Побач займаецца са сваім узводам Шапаваленка. Ходзячы паміж лавамі, ён пявучым тонкім голасам задае пытанні па салдацкай памятцы, якую трымае ў руках.
— Солтыс, што такое вартавы?
Солтыс, ліцвін, давячыся і вылупліваючы вочы ад старання, выкрыквае:
— Вартавы ёсць асоба недатыкальная.
— Так, так, а яшчэ?
— Вартавы ёсць салдат, пастаўлены на які-небудзь пост са зброяю ў руках.
— Правільна. Бачу, Солтыс, што ты пачынаеш ужо старацца. А для чаго ты пастаўлены на пост, Пахарукаў?
— Каб не спаў, не драмаў, не паліў і ні ад кога не прымаў ніякіх рэчаў і падарункаў.
— А чэсць?
— І каб аддаваў устаноўленую чэсць панам праезджым афіцэрам.
— Так. Сядай.
Шапаваленка даўно прыкмеціў ужо іранічную ўсмешку вальнапісанага Фокіна і таму выкрыквае з асаблівай строгасцю:
— Вольны пісаны! Хто гэта так устае? Калі начальства пытаецца, дык уставаць трэба швідка, як пружына. Што ёсць сцяг?
Вальнапісаны, з універсітэцкім значком на грудзях, стаіць перад унтэр-афіцэрам у паважнай паставе. Але яго маладыя шэрыя вочы свецяцца вясёлай усмешкай.
Читать дальше